Нацыянальны парк «Прыпяцкі»

Ідэю стварэння ахоўнай запаведнай зоны на Прыпяцкім Палессі сфармуляваў яшчэ ў 1920-х гадах польскі балотазнаўца Уладзіслаў Шафер. У 1961 годзе канцэпцыю абгрунтаваў беларускі вучоны Леанід Смаляк. Праз 8 гадоў па распараджэнні Саўміна быў створаны Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, асноўнымі мэтамі якога былі захаванне ў натуральным стане тыповага для Беларускага Палесся ландшафтна-гідралагічнага комплексу, захаванне і аднаўленне асобных рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін і выяўленне наступстваў умяшання чалавека ў прыроду Палесся.

Нацыянальны парк «Прыпяцкі»

У 1996 годзе запаведніку надалі статус Нацыянальнага парка. Адміністрацыйны цэнтр парка знаходзіцца ў аграгарадку Ляскавічы, дзе з 1995 года дзейнічае эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка. Тамсама ў 2012 годзе тут адкрылі музей прыроды.

Прапануем пазнаёміцца з багаццямі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». 

Ландшафтную аснову парка складаюць лясы, якія разам з балотамі і пойменна-рачнымі комплексамі займаюць каля 95% плошчы. Пойменныя лясы, унікальныя па сваёй структуры і флоры, затапляюцца вясной паводкавымі водамі. Вада пакрывае лугі і балоты, утвараючы знакамітае «Герадотава мора». У бязлеснай частцы поймы ракі раскінуліся своеасаблівыя паплавы з пышнай травяністай расліннасцю, каларыт якім надаюць адзіночныя дрэвы і групы нізкарослых, разгалістых пойменных дубоў і дрэвападобных вербаў.

Нацыянальны парк «Прыпяцкі»

Флора парку прадстаўлена 1073 відамі раслін, сярод якіх 22 віды дрэў і 32 віды кустоў, а таксама 196 відаў мхоў, 184 віды лішайнікаў, 321 від водарасцяў. 47 відаў раслін занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, лілея кучаравістая, баранец звычайны, сон-трава, гарлачык белы, ваўчаягада баравік, касач сібірскі, сліва калючая, азалія пантыйская і многія іншыя.

Фаўна прадстаўлена 45 відамі млекакормячых, 255 відамі птушак, 7 відамі рэптылій, 11 відамі амфібій, 45 відамі рыб, больш як 3300 відамі беспазваночных жывёл, з іх больш за 2500 насякомых. З капытных млекакормячых найбольш шматлікія алень высакародны і казуля. Сустракаюцца таксама і белавежскія зубры. Добра прыжыліся на тэрыторыі парка андатра, амерыканская норка і янотападобны сабака. Натуральны баланс жывёл падтрымліваецца такімі драпежнікамі, як воўк, лісіца, рысь, лясная куніца, лясны тхор, гарнастай.

Нацыянальны парк – гэта сапраўдны птушыны рай! Тут жывуць амаль 80% усіх птушак Беларусі. Гэта 256 відаў птушак! Безумоўна, большасць з іх чырвонакніжныя – шэры журавель, чорны бусел, балотная сава, зялёны дзяцел, белая блакітніца, арлан-белахвост.

Гэты дзівосны і найпрыгажэйшы запаведнік прыцягвае нямала экатурыстаў, у тым ліку і замежных. Экскурсіі, арганізаваныя ў парку – самы просты і зручны спосаб спазнаць запаведную прыгажосць «Беларускай Амазоніі». 

Нацыянальны парк «Прыпяцкі»

Вы можаце наведаць аднадзённыя ці шматдзённыя туры з наведваннем музея прыроды і экалагічных сцежак. Пазнаёміцца з гістарычнай і культурнай спадчынай, народнымі промысламі і традыцыямі Тураўшчыны. Пракаціцца па Прыпяці на цеплаходах «Зубр», «Лось» і «Кірыл Тураўскі». Праехаць на цягнічку з 3-х вагонаў, якія цягне маленькі «Беларус» па сафары-парку. Або адправіцца на арганізаванае паляванне або рыбалку.

Не забудзьце набыць на памяць у краме Нацыянальнага парка сувенірную прадукцыю з керамікі, лазы, саломкі, шкла, дрэва, якія лішні раз нагадаюць пра чароўную вандроўку па Нацыянальным парку «Прыпяцкі».

Прыемнага вам адпачынку і захапляльных падарожжаў!