Гісторыя прыхода налічвае больш за 200 гадоў. Лютэранскі ордэн з'явіўся ў Гродне яшчэ пры Антоніі Тызенгаўзе. Ён сфарміраваўся з нямецкіх перасяленцаў, якія прыехалі на нашы землі для працы на мануфактурах. Пазней сярод прыхаджан згадваліся людзі розных прафесій. Храм наведвалі як садоўнікі і сталяры, так і чыноўнікі, афіцэры, лекары, прадпрымальнікі.

Многія члены ордэна былі пісьменнымі людзьмі і імкнуліся даць адукацыю сваім дзецям: намаганнямі вернікаў была арганізавана школа. У навучальнай установе маглі займацца ў тым ліку хлопчыкі і дзяўчынкі з небагатых сямей. Акрамя таго, у пачатку ХХ стагоддзя дзейнічала дабрачыннае таварыства з ліку вернікаў і жаночы гурток, члены якога дапамагалі бедным гараджанам. У міжваенны перыяд сіламі пастара Адольфа Плямша, які захапляўся развядзеннем кветак, пры кірсе з’явіўся ружоўнік.

Першы час богаслужэнні праходзілі ў прыстасаваным будынку карчмы. Пазней жа была ўзведзена мураваная кірха. За доўгую гісторыю храм не раз змяняў свой выгляд. Ён перажыў тры буйныя перабудовы. Падчас адной ў іх была ўзведзена высокая званіца, якую вянчае шпіль з двухметровым крыжам. На велічнай вежы захаваўся і старадаўні гадзіннікавы механізм.

Культавы будынак упрыгожваюць каляровыя вітражы, стральчатыя вокны і парталы, акно-ружа над уваходам. Гэтыя элементы надаюць асаблівую прывабнасць строгай і мінімалістычнай пабудове са светла-шэрым фасадам. У нашы дні помнік неагатычнай архітэктуры ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

У мінулым стагоддзі, пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у кірсе размяшчаўся абласны архіў, але пасля яго пераезду будынак вярнулі вернікам. Дзесяць гадоў таму завяршылася рэканструкцыя храма. Пасля абнаўлення ў ім адбываюцца не толькі богаслужэнні, але і канцэрты.

Гараджане і госці абласнога цэнтра прыходзяць паслухаць гучанне ўнікальнага механічнага аргана, прывезенага з Франкфурта-на-Майне. Інструмент складаецца з 2,5 тысячы труб. Незвычайнае і яго размяшчэнне: арган знаходзіцца не на хорах, як прынята ў пратэстанцкіх і каталіцкіх храмах, а ўнізе, недалёка ад алтара. Дзякуючы гэтаму наведвальнікі могуць назіраць за працай музыкантаў. У гродзенскай кірсе выступалі не толькі беларускія выканаўцы, але і прадстаўнікі Расіі, Германіі, Швейцарыі і іншых краін. Як правіла, выступленні праходзяць па выхадных. Адметна, што фіксаванага кошту на білеты няма: кожны наведвальнік можа пакінуць ахвяраванне паводле свайго меркавання.