На працягу стагоддзяў у Беларусі пачатак года адзначалі па-рознаму. Нашы далёкія продкі святкавалі яго спачатку ўвесну, калі прырода толькі прачыналася, потым у пачатку восені, калі завяршаўся збор ураджаю. Пачатак новага працоўнага года суправаджаўся традыцыйнымі забавамі і звычаямі:
З пашырэннем хрысціянства царква паклапацілася пра тое, каб галоўным святам года сталі Каляды, а Новы год быў перанесены на 1 студзеня. Народныя традыцыі святкавання паступова перапляліся з рэлігійнымі.
У пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі з'явіўся звычай ставіць у доме ўпрыгожаную ялінку. А галоўным навагоднім персанажам стаў Дзед Мароз. Яго вобраз шмат у чым звязаны з Зюзем - персанажам беларускай міфалогіі, які ўвасабляе зіму і завіруху. Зюзю нашы продкі ўяўлялі як сівога барадатага старога з босымі нагамі, які жыве ў лесе. Лічылася, што ён кіруе холадам, маразамі і вятрамі.
На працягу ХХ стагоддзя склаліся новыя традыцыі святкавання, звязаныя з асаблівасцямі савецкай эпохі. Гэта свята стала абсалютна свецкім, без усялякага рэлігійнага падтэксту. Сучасныя ж навагоднія традыцыі – гэта спалучэнне савецкіх завядзёнак з павевамі новага часу.
Ялінка ўжо больш за 100 гадоў застаецца адным з галоўных атрыбутаў свята. Яліны, упрыгожаныя яркімі шарамі, гірляндамі, цацкамі, ставяць у дамах, гандлёвых цэнтрах, на гарадскіх плошчах і ў іншых грамадскіх месцах. У сталіцы навагоднія ялінкі ставяць на Кастрычніцкай плошчы, ля Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца спорту, Лядовага палаца, Ратушы, а таксама ў спальных раёнах.
Новы год – гэта нагода для цёплых сямейных сустрэч за святочным сталом. На стале абавязкова з'яўляюцца традыцыйныя стравы: салата аліўе, селядзец пад бурачковым “футрам”, халадзец, запечаная курыца, бутэрброды з чырвонай ікрой. За сталом прынята збірацца ўвечары 1 снежня, прыкладна за гадзіну-дзве да палуначы, каб не толькі сустрэць Новы год, але і правесці стары. Седзячы за сталом людзі дзеляцца ўспамінамі пра тое, як прайшоў год, глядзяць святочныя канцэрты, навагоднія фільмы, абменьваюцца падарункамі.
Ужо ў снежні на беларускіх вуліцах ззяе навагодняя ілюмінацыя, усталёўваюцца новагоднія ялінкі і арт-аб'екты. Крамы, гандлёвыя цэнтры, кавярні і рэстараны навыперадкі імкнуцца стварыць утульную навагоднюю атмасферу для наведнікаў. Беларусы вешаюць на вокнах дамоў святочныя аздабленні і гірлянды з агеньчыкамі, упрыгожваюць ялінкі.
У навагоднюю ноч беларусы дораць адно аднаму падарункі або кладуць іх пад ялінку, каб разгарнуць зранку 1 студзеня. Дзеці загадзя пішуць лісты Дзеду Марозу, каб атрымаць самае жаданае.
Ва ўсіх гарадах і населеных пунктах краіны ладзяцца святочныя мерапрыемствы, канцэрты, калядныя кірмашы. Жыхары гарадоў прыходзяць у такія лакацыі, каб сагрэцца глінтвейнам, паслухаць музыку, адзначыць свята пад грукат новагодніх салютаў і феерверкаў. Для дзяцей у Мінску штогод ладзіцца грандыёзнае шоу «Галоўная ялінка краіны», па ўсёй краіне арганізуюцца дзіцячыя навагоднія спектаклі і шоу-праграмы.
І дзеці, і дарослыя вельмі чакаюць сустрэчу з навагоднімі персанажамі. Пабачыць Дзеда Мароза і Снягурку можна на святочных мерапрыемствах, на калядных кірмашах, у Белавежскай пушчы, дзе знаходзіцца афіцыйная рэзідэнцыя навагодняга чараўніка. З папярэднікам Дзеда Мароза – Зюзем – можна пазнаёміцца ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, дзе з нядаўняга часу знаходзіцца яго сядзіба.