Ён унікальны тым, што велізарная тэрыторыя плошчай амаль 100 тысяч гектараў са старажытных часоў захавалася ў натуральным стане. Балотны масіў размешчаны ў прымежным раёне Брэсцкай вобласці, яго паўднёва-заходняя частка знаходзіцца на тэрыторыі Украіны.
Альманскія балоты ляжаць воддаль ад цывілізацыі, што спрыяе захаванню прыроднага комплексу і стабільнасці гідралагічных умоў. У сярэдзіне ХХ стагоддзя гэты абшар выкарыстоўваўся ваеннымі як палігон, таму некалькі населеных пунктаў, бліжэйшых да заказніка, у свой час былі адселены.
У 1998 годзе з мэтай абароны ўнікальнай экасістэмы і захавання біяразнастайнасці ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці быў створаны заказнік "Альманскія балоты". Прыкладна палову плошчы заказніка займаюць забалочаныя лясы. Тут таксама можна пабачыць пясчаныя выдмы, заліўныя дубравы, хвойныя і ліставыя лясы.
Балотны масіў ахоўнай зоны прадстаўлены двума вялікімі балотамі: Чырвоным і Гала. Раслінны свет заказніка ўключае амаль 700 відаў сасудзістых раслін, 12 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу. Жывёльны свет прадстаўлены 26 відамі сысуноў і больш чым 150 відамі птушак. Сярод рэдкіх прадстаўнікоў фаўны ў заказніку можна сустрэць чорнага бусла, арла-карліка, барсука, еўрапейскую рысь, арэшнікавую соню. Альманскія балоты таксама з'яўляюцца месцам гнездавання рэдкіх птушак: вялікага арлеца, барадатай кугакаўкі, глушца звычайнага.
Водная сістэма заказніка прадстаўлена рэкамі Гарынь, Льва і Сцвіга, а таксама азёрамі Малае і Вялікае Засомінае. Заказнік мае статус Рамсарскай тэрыторыі – гэта азначае, што водна-балотныя ўгоддзі, у якіх жывуць вадаплаўныя птушкі, ахоўваюцца міжнароднай Рамсарскай канвенцыяй.
Беларускія і замежныя турысты прыязджаюць на Альманскія балоты, каб адчуць старажытную сілу некранутай прыроды і на ўласныя вочы ўбачыць веліч жывёльнага і расліннага свету, які доўгі час знаходзіўся воддаль ад цывілізацыі. Прыехаць у заказнік можна як самастойна, так і ў складзе экскурсійных тураў.
Прыродаахоўны комплекс прапануе наведнікам:
Альманскі лесабалотны комплекс размешчаны на паўднёвы ўсход ад вёскі Альманы. Каб трапіць у заказнік, трэба спачатку даехаць аўтобусам ці цягніком да Століна. Са Століна ў Альманы ёсць рэгулярныя аўтобусныя маршруты.