Усяго ў Шаркаўшчынскім раёне знаходзіцца 59 помнікаў культуры і архітэктуры. Прапануем пазнаёміцца з некаторымі з іх, якія будуць цікавыя як дарослым, так і дзецям.
Царква абраза «Усіх смуткуючых радасць» датуецца канцом XIX стагоддзя і з'яўляецца галоўным упрыгожаннем пасёлка, а таксама помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю. На што паказвае выкарыстанне такіх тыповых дэкаратыўных элементаў, як аркатура і кілепадобныя аркі, а таксама кампазіцыя храма. Ён складаецца з шатровай двух'яруснай званіцы, апсіды, асноўнага аб'ёму, які вянчае цыбульная галоўка, і бабінец.
Пышны знешні выгляд, які адрознівае царкву абраза «Усіх смуткуючых радасць» у Шаркаўшчыне, вызначае кантраснае спалучэнне белых і чырвоных фрагментаў. Самы цяжкі перыяд яе гісторыі пачаўся ў 1948 годзе, калі будынак прыстасавалі пад клуб, пасля ў ім размяшчалася крама. Толькі ў 1990 годзе па рашэнні мясцовых уладаў храм вярнулі вернікам. Пасля аднаўленчых работ і паўторнага асвячэння ў ім аднавіліся богаслужэнні.
Свята-Успенская царква – яшчэ адзін значны храм Шаркаўшчыны. Узведзеная ў 1912 годзе на беразе Дзісны па праекце губернскага епархіяльнага архітэктара Шпакоўскага на месцы састарэлага храма 1639 года Успенская царква не перастае прыцягваць захопленыя погляды гараджан і гасцей.
Свята-Успенская царква ніколі не зачынялася, богаслужэнні праходзяць і цяпер. Рэліквіяй храма лічацца абразы XVIII-XIX стагоддзяў, а таксама да нашых дзён захаваліся два званы, адлітыя ў Маскве ў 1853 і 1856 гадах. Свята-Успенская царква з'яўляецца ўнікальным помнікам драўлянага дойлідства.
Сядзіба Федаровічаў пачатку XX стагоддзя. Абысці ўвагай сядзібу на беразе Дзісны ніяк нельга. Пабудавана яна была ў неакласічным стылі, побач быў разбіты парк, які захаваўся да нашых дзён. Будынак сядзібы аднапавярховы, прамавугольны. Галоўны ўваход вылучаны чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам. З боку двара фасад упрыгожаны пяцігранным эркерам. У вонкавым дэкоры выкарыстаны прафіляваны антаблемент, нішы. У інтэр'еры часткова захаваліся ляпныя разеткі, карнізы. Сядзіба з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Сядзіба Лапацінскіх у Шаркаўшчыне ХІХ стагоддзя. Першапачаткова сядзіба выглядала так: жылы дом – белы двухпавярховы будынак на вяршыні ўзгорка, сад, а вакол – сажалкі, алеі. Цяпер жылы дом перабудаваны. Ад старога будынка засталася толькі адна трэцяя частка. Дзве трэці дома былі разабраныя ўжо пасля вайны. Затым да дома прыбудавана такая ж частка будынка. І старую пабудову ад новай можна адрозніць па расколіне ў сцяне, вокнах і паглыбленнях каля вокнаў на старым фасадзе будынка.
Сёння вы зможаце ўбачыць акрамя галоўнага будынка флігель, капліцу – магільны склеп і фрагменты старога парку.
Штогод у жніўні ў вёсцы Малыя Алашкі на Шаркаўшчыне праводзіцца фестываль «Яблычны спас», які заслужана лічыцца візітнай карткай рэгіёну. Фестываль прымеркаваны да дня нараджэння вядомага беларускага селекцыянера-аматара Івана Паўлавіча Сікоры. Тут жа знаходзіцца і мемарыяльны музей садоўніка-селекцыянера І.П. Сікоры, экспазіцыя якога налічвае каля трох тысяч экспанатаў і прысвечана жыццю і дзейнасці славутага селекцыянера.
Аматары актыўнага адпачынку ацэняць па заслугах распрацаваны веламаршрут, прагуляюцца па маляўнічым наваколлі, а таксама змогуць адправіцца на рыбную лоўлю.
Агляд славутасцяў, яркая гісторыя горада і розныя віды актыўнага адпачынку пакінуць пасля падарожжа на Шаркаўшчыну мора ўражанняў.