Вёска Свяцк, размешчаная ў Гродзенскай вобласці недалёка ад польскай і літоўскай мяжы, магла б застацца адной з непрыкметных вёсачак, калі б у XVIII стагоддзі яе не набыў Юзаф Валовіч – прадстаўнік вядомага шляхецкага роду. Уладальнік маёнтка вырашыў пабудаваць у гэтым месцы палац. Будаўніцтва пачалося ў 1779 годзе і было завершана ў 10-х гадах XIX стагоддзя ўжо сынам Юзафа – Антоніем Валовічам. Праект рэзідэнцыі распрацаваў вядомы італьянскі архітэктар Джузэпэ дэ Сака.

Палацава-паркавы комплекс Валовічаў у Свяцку

Палац Валовічаў быў двухпавярховым будынкам, у абрысах якога спалучаліся архітэктурныя асаблівасці барока і класіцызму. Яго знадворны выгляд захапляў наведнікаў раскошай і грацыёзнасцю. У двары размяшчаліся два флігелі, злучаныя з галоўным корпусам вялікімі галерэямі з каланадамі. Ломаная лінія даху з мансардным паверхам надавала адметнасці будынку. Насупраць палаца знаходзілася невялікая капліца ў стылі неаготыкі. Вакол рэзідэнцыі быў разбіты англійскі пейзажны парк са стогадовымі дрэвамі, стаўкамі, аранжарэяй. Зазначым, што мясцовасць вакол будынка дагэтуль застаецца даволі маляўнічай.

У палацы Валовічаў ёсць і свае містычныя легенды. Гавораць, што дачка Валовіча закахалася ў простага юнака, чым жахліва раззлавала бацьку. Беднага хлопца ўтапілі ў стаўку, а цяжарную дзяўчыну паводле загаду бацькі жывой замуравалі ў адну з калон рэзідэнцыі. Па легендзе, яе душа не знайшла супакаення і дагэтуль блукае па залах палаца. Кажуць, што менавіта пасля гэтых падзей у сям'і Валовічаў пачалі здарацца няшчасці, а маёнтак паступова прыходзіў у занядбанне.

Палацава-паркавы комплекс Валовічаў у Свяцку

У канцы XIX стагоддзя уладальнік Свяцка прагуляў радавы маёнтак у більярд. З таго часу палац быў закінуты і пачаў разбурацца. Першая сусветная вайна і дзеянні марадзёраў значна пагоршылі стан будынка.

Геаграфічнае размяшчэнне Свяцка і неспакойная палітычная сітуацыя прадвызначылі той факт, што мястэчка пастаянна ўваходзіла ў склад новых дзяржаў. У канцы XVIII стагоддзя яно было прускім, потым рускім, у пачатку XX стагоддзя Свяцк стаў часткай Польскай дзяржавы, а потым уваходзіў у склад БССР.

Польскія ўлады ў 30-х гадах ХХ стагоддзя паспрабавалі адрэстаўраваць палац і адкрылі ў ім санаторый. Савецкія ўлады таксама выкарыстоўвалі былую рэзідэнцыю Валовічаў як медыцынскую ўстанову. У 2000-х гадах будынак перададзены на баланс беларускага санаторыя "Азёрны", але праз адсутнасць фінансавых сродкаў на аднаўленне палац быў закансерваваны.

Палацава-паркавы комплекс Валовічаў у Свяцку

У 2017 годзе пачаліся доўгачаканыя рэстаўрацыйныя работы. Па задуме кіраўнікоў праекта сядзіба Валовічаў будзе прывабліваць беларускіх і замежных турыстаў, ператворыцца ў камфортнае месца адпачынку сярод прыроднага хараства Гродзеншчыны. На тэрыторыі былога шляхецкага маёнтка плануецца адкрыць гатэль з інтэр'ерам, стылізаваным пад XIX стагоддзе, рэстаран, зімовы сад, крафтавы бровар, зону адпачынку з більярдам, саўнай, басейнам. Рэстаўратары плануюць аднавіць інтэр'еры палаца: роспісы і арнаментальную лепку. У планах таксама маштабныя работы па ўладкаванні навакольнай тэрыторыі і аднаўленні пейзажнага парку.

На сённяшні дзень частка рэстаўрацыйных работ ужо выканана, але наведнікі могуць агледзець толькі прыгожа аздобленыя фасады палаца і прагуляцца па маляўнічых мясцінах побач. Каб трапіць у Свяцк, трэба ад'ехаць 20 кіламетраў ад Гродна па трасе Н6054. З Гродна ў Свяцк таксама некалькі разоў на дзень ходзяць маршруткі. У бліжэйшы час дзякуючы намаганням архітэктараў, гісторыкаў, інжынераў і будаўнікоў сядзібны комплекс будзе адчынены для шырокага кола гасцей.