Гісторыя рэзідэнцыі Пуслоўскіх

Паходжанне роду Пуслоўскіх да гэтага часу дакладна не вызначана. Дакладна вядома толькі, што ў XVII стагоддзі яны мелі радавое гняздо ў Пясках Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Сям'я разбагацела дзякуючы шляхціцу Войцеху Пуслоўскаму, які пабудаваў велізарную бізнес-імперыю.

Палац Пуслоўскіх у Косаве

Яго сын, кнігалюб і калекцыянер Вандалін, на сямейным надзеле зямлі паблізу Косава вырашыў пабудаваць замак. Месца было абрана не выпадкова — побач знаходзілася сядзіба Мерачоўшчына, дзе нарадзіўся і жыў Тадэвуш Касцюшка. Вандалін быў гарачым прыхільнікам славутага палітычнага дзеяча і кіраўніка паўстання, таму вырашыў недалёка стварыць сваё сямейнае радавое гняздо.

Пуслоўскія акультурылі тэрыторыю: выкапалі тры ставы, зрабілі насып і на ёй пачалі будаўніцтва замка. Праект замовілі ў польскага архітэктара Францішка Яшчолда. У тыя часы было модна настальгіраваць па сярэднявечнай раскошы і рамантызму, таму Вандалін Пуслоўскі абраў арыстакратычны гатычны стыль архітэктуры.

Падарожжа ў часе

Каб "убачыць на свае вочы" ўсю раскошу гэтай выбітнай арыстакратычнай сядзібы, трэба перанесціся ў тыя далёкія часы. Гэта быў унікальны для першай паловы ХІХ стагоддзя архітэктурны аб'ект з інжынернымі камунікацыямі!

Палац Пуслоўскіх у Косаве

На ўваходзе наведнікаў сустракала манументальная і велічная Цэнтральная брама з дэкаратыўнымі вежамі, увянчанымі зубцамі. Яна нагадвала крапасную сцяну. Праз гэтую браму ў сядзібу праязджалі гаспадары і іх ганаровыя госці.

Далей перад вачыма з’яўляўся садова-паркавы комплекс з тэрасамі і палацам на пагорку. Сядзібу ўпрыгожвалі 12 вежаў па колькасці месяцаў у годзе. У палацы было 132 пакоі, прычым ніводны з іх не быў прахадным. Усе пакоі мелі своеасаблівы непаўторны інтэр'ер.

Кожная зала мела сваё прызначэнне. У Белай ладзілі балі і прыёмы, у Чорнай, абліцаванай мармурам, гулялі ў настольныя гульні, у Ружовай музіцыравалі. У адной з залаў была дзівосная на той час шкляная падлога, пад гэтым шклом, проста пад нагамі наведнікаў, плавалі рыбы. У замку была багатая бібліятэка і мастацкая галерэя, бо Пуслоўскі вельмі шанаваў літаратуру і мастацтва, быў прагрэсіўным мецэнатам і апантаным калекцыянерам.

Палац Пуслоўскіх у Косаве

У доме было шмат камінаў з разнымі парталамі, але абаграваўся ён сапраўднай вадзяной ацяпляльнай сістэмай з разводкай труб. Ваду для гэтых батарэй награвалі ў катлах. І гэта было далёка не адзінае дзіва інжынернай думкі! На тэрасах былі фантаны, на тэрыторыі размяшчалася аранжарэя, алеі парка ўпрыгожвалі скульптурныя кампазіцыі.

Палац часта наведвалі выдатныя госці: Напалеон Орда, Эліза Ажэшка, Вацлаў Ластоўскі, Генрых Сянкевіч.

Кажуць, пад замкам было сутарэнне, з якога шматкіламетровыя хады вялі да Косава, Ружанскага замка і Вільні (сучасны Вільнюс). На жаль, археолагі так і не знайшлі нават сляды гэтых хадоў. Можа, існавалі колісь гэтыя тунэлі, ды іх назаўсёды засыпала зямля. А можа, гэта толькі легенды, як і аповеды пра льва, які жыў у замку і часам гуляў ля яго з дазволу гаспадароў.

Палац Пуслоўскіх у Косаве

Трагічная доля і перыяд запусцення

На жаль, неўзабаве сям'я Пуслоўскіх страціла сваё радавое гняздо, якое будавалі прадстаўнікі некалькіх пакаленняў. Леон, сын Вандаліна, карцёжнік і гуляка, прамантачыў значную частку маёмасці і прайграў косаўскую сядзібу ў карты.

Пасля маёнтак некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, але ніхто з новых гаспадароў не дбаў пра яго – гаспадарка заняпала.

У час Першай сусветнай вайны сядзібу разрабавалі і ўнікальныя рэліквіі (малюнкі, рукапісы, сямейныя каштоўнасці) незваротна зніклі. Напрыканцы Вялікай Айчыннай вайны у Косаўскім палацы адбыўся пажар, які амаль знішчыў замак. Доўгі час пра шыкоўную сядзібу нагадвалі толькі счарнелыя ад сажы і часу сцены.

Палац Пуслоўскіх у Косаве

Палац Пуслоўскіх у Косаве сёння

Палац, хоць і моцна пацярпеў, але не быў знішчаны канчаткова. Таму было прынята рашэнне яго аднавіць. Яшчэ да заканчэння работ замак стаў турыстычнай меккай!

Пакуль для наведнікаў адкрыта толькі частка залаў. Тут знаходзіцца музейная экспазіцыя. Кожная зала раскрывае перад гасцямі новую старонку гісторыі нашай краіны: распавядае пра сям'ю графаў Пуслоўскіх, пра падзеі мінулага стагоддзя, пра гісторыю самога памяшкання.

У экскурсійную праграму па славутых мясцінах Косава варта ўключыць яшчэ адзін аб'ект. Зусім побач з графскім дваром знаходзіцца сядзіба-музей Тадэвуша Касцюшкі. Яна таксама адкрытая для наведнікаў і сустракае цікаўных гасцей.