Гісторыя парка пачалася больш за 10 гадоў таму, калі прадпрыемства «Дзiпрыз» прыняло рашэнне аб усталяванні клетак з ручнымі жывёламі на прахадной. Работнікам настолькі прыйшлася даспадобы гэтая задумка, што яны сталі прыводзіць свае сем'і, каб тыя маглі паглядзець на звяркоў. Так кіраўнікі мэблевай фабрыкі зрабілі выснову, што прыйшла пара пашырацца.
Гэты прыватны праект, неафіцыйна названы заапаркам «Дзiпрыз», з'яўляецца зааландшафтным комплексам. Тут налічваецца больш за 100 прадстаўнікоў жывёльнага і птушынага свету: парнакапытныя, млекакормячыя, прыматы, драпежныя і экзатычныя птушкі і рыбы. А некаторыя жывёлы прадстаўлены ў адзіным экзэмпляры на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Багатая і флора парка. На яго тэрыторыі высаджаны ўсе віды дрэў, якія растуць у нашай краіне: ад велічных дубоў і грабаў да арэхавага гаю, а таксама іглічныя пароды.
У прасторны паркавы комплекс уваходзяць розныя лакацыі. «Парк жывёл» – гэта кантактны заапарк, у якім гадаванцы жывуць не толькі ў вальерах, але і ў прыродным асяроддзі. Зааландшафтны комплекс падзелены на дзве пешаходныя зоны – «Лясныя таямніцы» і «Казачны мір» працягласцю 2 і 1,5 кіламетра.
Лакацыя «Лясныя таямніцы» праходзіць уздоўж лясных угоддзяў, дзе свабодна гуляюць лані, алені і баранчыкі, якіх можна пакарміць і пагладзіць. Таксама наведвальнікам прапануюць пракаціцца на восліках і поні, а падчас воднай прагулкі пакарміць насельнікаў вадаёма.
Лакацыя «Казачны мір» – гэта заапарк пад адкрытым небам, дзе ў спецыяльна абсталяваных вальерах можна ўбачыць альпаку і ламу, страуса эму і кенгуру, лемура і паўліна. А рэдкія жывёлы – сурыкат і шыншыла – жывуць у так званай начной зоне.
У цэлым увесь паркавы комплекс выглядае як невялікi гарадок з пераважна драўлянымі пабудовамі і элементамі дэкору. Прасторны, ўтульны і чысты парк абсталяваны зонамі адпачынку, фуд-кортамі, лавачкамі і дзіцячымі пляцоўкамі.
У парку дзейнічаюць строгія правілы: нельга прыходзіць з хатнімі гадаванцамі і карміць жывёл сваёй ежай. Для гэтага ў касах заапарка прадаюць спецыяльны корм. Таксама забаронена карыстацца ўсімі відамі транспарту. Выключэнне складаюць ровары з ручкай для перавозкі малых. Іх можна ўзяць у арэнду на тэрыторыі парка.
Дзеці і дарослыя не толькі пазнаёмяцца з флорай і фаунай непаўторнага ландшафтнага комплексу, але і могуць паўдзельнічаць у розных актыўнасцях: пакатацца на катамаране і конях, заняцца ёгай з козлікамі і альпакатэрапіяй. Праграма мерапрыемстваў уключае займальныя квэсты і пазнавальныя майстар-класы.