Атрымаць асалоду ад жывой музыкі розных жанраў на ўлонні прыроды кліча фестываль «Вялікая бард-рыбалка». Свята пад адкрытым небам пройдзе з 26 па 28 ліпеня.

Праект нарадзіўся ў 2010 годзе і паспеў стаць падзеяй міжнароднага маштабу, аналагаў якому цяжка знайсці. «Вялікая бард-рыбалка» прыцягвае не толькі беларусаў: на фестывалі за час яго існавання пабывалі жыхары Расіі, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Італіі і іншых краін. Сакрэт папулярнасці просты: свята аб’ядноўвае актыўны адпачынак на прыродзе і творчасць.

Фестываль прапісаўся на беразе Чыгірынскага вадасховішча недалёка ад вёскі Чачэвічы Быхаўскага раена. У маляўнічым кутку селета разгорнуцца сем тэматычных пляцовак. Госці змогуць размясціцца ў лясным палатачным лагеры або ў сядзібах і базах адпачынку, якія знаходзяцца побач.

На фестывальнай сцэне выступяць квартэт «Рамантыка» з Навасібірска, рок-гурт «Глін-ТВейн» з Гомеля, адзін з самых вядомых расійскіх бардаў Раман Ланкін і легенда Грушынскага фестывалю Андрэй Казлоўскі з Масквы, мноства іншых запрошаных выканаўцаў.

Па традыцыі цэнтральнай падзеяй фестывалю стане конкурс аўтарскай песні і паэзіі «Сваё кола». Ён дае магчымасць пачаткоўцам развіць свае таленты і адкрывае публіцы нямала новых імёнаў. Уладальніка Гран-пры чакае кубак «Вялікай бард-рыбалкі» і права запісаць песню ў прафесійнай студыі.

Сёлета запланаваны яркія праекты да значных дат. У першы дзень на галоўнай сцэне адбудзецца канцэрт «Ваше благородие, госпожа удача... », прысвечаны стагоддзю Булата Акуджавы. А да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прагучыць «Надежды маленький оркестрик». Пра ваеннае мінулае раскажа фотавыстава «Абеліскі вялікага подзвігу», арганізаваная сумесна з выдавецкім домам «Беларусь сёння».

Гасцей чакаюць не толькі музычныя падзеі. На галоўнай сцэне правядуць вечар паэзіі «Чараўніцтва слоў» з удзелам Міхаіла Іверава, Валерыя Балакірава, Ірыны Карэнінай, Аляксея Вітакова і Алеся Казекі. Таксама арганізатары запланавалі адкрыты турнір па пляжным валейболе, конкурсы на самую смачную юшку і іншыя рыбныя стравы. Дарэчы, Чыгірынскае вадасховішча часта радуе турыстаў багатым уловам. На мінулым фестывалі ўдалося ўстанавіць рэкорд: падчас спаборніцтваў вылавілі сома вагой 27 кілаграмаў.

Паласавацца незвычайнымі стравамі і даведацца новыя рэцэпты запрашае свята кулінарыі «Кірмаш смаку». А самых крэатыўных і грацыезных удзельніц фестывалю вызначаць на конкурсе «Каралева бард-рыбалкі».