Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» працуе з 1971 года. Ён уключае ў сябе як захаваўшыяся фрагменты ўмацаванняў, якія вядуць свой летапіс з першай паловы XIX стагоддзя, так і музейныя экспазіцыі, а таксама помнікі. Фартэцыя перажыла нямала буйных падзей. Аднак сусветную вядомасць цытадэлі прынесла гераічнае супраціўленне гітлераўскім захопнікам у чэрвені-ліпені 1941 года.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік уключае 11 філіялаў. Усе экспазіцыі размешчаны ў цэнтры старажытнага горада Беларусі. Фонды музея-запаведніка ўключаюць больш за 100 тысяч прадметаў. Некаторыя з іх уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Напрыклад, залаты скарб ХХ стагоддзя, старадрукаваныя і рукапісныя кнігі, іконы Сафійскага сабора.
Сэрца Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» — палацава-паркавы ансамбль XVI-XIX стагоддзяў, які служыў рэзідэнцыяй знакамітых магнатаў Радзівілаў. У адрэстаўрыраваным замку адноўлены раскошныя інтэр'еры, а шматлікія экспанаты раскрываюць гісторыю легендарнага шляхецкага роду.
Жамчужына Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея —адноўлены Стары замак. Унікальны ўзор рэнесанснай архітэктуры ўзведзены ў канцы XVI стагоддзя, у часы праўлення Стэфана Баторыя. У былых каралеўскіх пакоях і службовых памяшканнях цяпер размешчана багатая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Замкавай гары і ўсяго Гродна.