Кавярня Cookie Rookie

Любімае кафэ фрылансераў-ласуноў, якія толькі думаюць, што прыходзяць у гэтую кавярню папрацаваць. А хто зазірне ў Cookie Rookie выпадкова, ужо не зможа забыць сюды дарогу. Майце на ўвазе, што калі вы не ўмееце адмовіць сабе ў дэсертах, то вам сюды нельга. Таму што рассмакаваўшы гэтую дзівосную кандытарскую, вы ўжо не зможаце сябе спыніць! Меню радуе разнастайнасцю: далікатныя шу з багатым выбарам начынак; фінансье, ад якога немагчыма адарвацца; макароны, браўні, басток, канэле і чызкейкі, як сапраўднае выпрабаванне сілы волі. І, вядома ж, якасная і духмяная кава. А яшчэ сюды можна прывесці свайго гадаванца, бо ўстанова пазіцыянуе сябе як dog-friendly.

Кавярня Cookie Rookie

Вырашылі зрабіць перапынак у працы? Вазьміце з паліцы кнігу. Таксама можна прынесці з дому прачытаныя кнігі і парадаваць тым самым іншых наведвальнікаў. А сыходзячы, не забудзьцеся захапіць з сабой скрыначку гэтых салодкіх малютак.

Адрас: Платонава, 10.

Кавярня 1801

Незвычайная ўстанова, якая прыцягвае вялікую колькасць людзей сваім выгадным размяшчэннем, разнастайнасцю гарачых напояў і смачнымі дэсертамі. Кавярня 1801 – гэта не проста ўтульнае месца, каб выпіць кубак кавы і папрацаваць. Тут вы таксама можаце пазнаёміцца з рознымі мадэлямі гадзіннікаў завода «Луч», якія выстаўлены проста ў зале. Бо прастора кафэ аб'яднана з фірменнай крамай завода «Луч», адсюль і яго назва ў гонар папулярнага гадзіннікавага механізму.

Кавярня 1801

Інтэр'ер кафэ стварае спрыяльную атмасферу для працы. Шмат пасадачных месцаў. Дэсерты і снэкі гатуюцца на месцы. У меню ў «1801» прапануюць ацаніць фірменныя чызкейкі з шакаладам, вішняй, Oreo або класічны, цукеркі ручнога вырабу, тры віды пірагоў і сэндвічы.

Адрас: праспект Незалежнасці, 95 і 18

Кавярня Why Knot?

Калі вам трэба дзесьці схавацца і спакойна папрацаваць – смела ідзіце ў гэтую кавярню. Месца вельмі светлае і ціхае, а прыязны персанал дапаможа зарыентавацца ў вялікім выбары кавы і параіць, што вам да смаку. Гэта кавярня, з невялікай колькасцю пасадачных месцаў дастаткова папулярная, таму не заўсёды ёсць магчымасць знайсці вольны столік. У меню вы знойдзеце кашы, сырнікі, маленькія дэсерты, ліманады і смузі, а сэндвічы на аснове круасанаў з чырвонай рыбай не горш за знакамітыя львоўскія. Столькі чырвонай рыбы вам нават мама не пакладзе!

Кавярня Why Knot?

Прыходзьце ў Why Knot не толькі з ноўтбукам, але і са сваім любімым гадаванцам, бо гэтая ўстанова dog-friendly.

Адрас: вуліца Валадарскага, 21 / вуліца Карла Маркса, 8.

Кавярня Лён

Любімая пякарня ўсіх гараджан, а зараз яшчэ і кавярня ў самым сэрцы горада з летняй тэрасай. Прыемны, нейтральны інтэр'ер, фонам грае сучасная нягучная музыка і найсмачнейшыя круасаны – рай для фрылансера.

Кавярня Лён

У кафэ дастаткова столікаў і заўсёды шмат наведвальнікаў. Адсюль не захочацца сыходзіць, а значыць, можна працаваць і працаваць, прычым дастаткова прадуктыўна. Атмасфера спрыяе сустрэчам і гутаркам, а від з летняй тэрасы перадае дух гістарычнага цэнтра горада.

Адрас: вуліца Ракаўская, 25/1.

Кавярня Кофеёк

Вельмі папулярнае месца сярод студэнтаў, дзе можна прадуктыўна працаваць і вучыцца ў цішыні, спакоі і за кубачкам кавы. Кафэ хоць і невялікае, але вельмі ўтульнае, ёсць звыклыя столікі і стойкі з барнымі крэсламі.

Кавярня Кофеёк

Сцены размаляваныя пацешнымі малюнкамі, высокія светлыя столі, шмат святла, духмяная кава на любы густ, настольныя гульні і кнігі, аптымальнае размяшчэнне разетак, прыемны персанал – ці не гэта натхненне на заваяванне новых вяршынь? А найсмачнейшыя дэсерты – фларэнтыйскае печыва, кукіс, чызкейкі, торцікі і пірагі, дапамогуць надоўга забыць пра голад.

Адрас: праспект Партызанскі, 49.

Змяніце звыклыя сцены офіса ці дома, прыходзьце працаваць у кафэ і заводзьце новыя знаёмствы, атрымлівайце асалоду ад найсмачнейшых дэсертаў і духмянай кавы!