Святкаванне Каляд доўжылася з 25 снежня па 6 студзеня. Гэты час быў напоўненаы не толькі рэлігійнымі абрадамі, але і разнастайнымі народнымі забавамі.
З даўніх часоў існавала традыцыя калядавання, калі прыбраная ў адмысловыя строі моладзь абыходзіла дамы аднавяскоўцаў са святочнымі песнямі і сцэнкамі. У сваіх выступленнях хлопцы і дзяўчаты праслаўлялі Хрыста, выказвалі гаспадарам добрыя пажаданні. Часта калядоўшчыкі бралі з сабой мяшочак збожжа і рассыпалі зерне ў хатах. Гэта было своеасаблівым зачынам на багаты ўраджай у новым годзе.
Абавязковы атрыбут калядавання — Зорка. Першапачаткова ў народнай культуры яна сімвалізавала сонцаварот. З прыходам хрысціянства гэты элемент атрымаў новае значэнне: ён нагадваў пра Віфлеемскую зорку, якая абвясціла аб нараджэнні Хрыста.
Адзін з цэнтральных персанажаў каляднага карнавалу — Каза. Звычайна гэта быў пераапрануты юнак. Касцюм — вывернуты кажух, а рогі выраблялі з лазы або саломы і мацавалі на шапку. Гэты персанаж сімвалізаваў дабрабыт і дастатак. «Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць», — спявалі калядоўшчыкі. Спадарожнікамі Казы былі Музыкі і Дзед, ролю якога выконваў малады хлопец са штучнай барадой з пянькі або пучка лёну.
Як правіла, Каза выконвае для гаспадароў заліхвацкі танец пад песні калядоўшчыкаў, а затым «памірае». Каб ажывіць персанажа, дамачадцы мусяць шчодра адарыць гасцей: «на рожанькі — два пірожанькі, а на хвасточак — сала кусочак». Атрымаўшы пачастунак, Каза падымаецца і дзякуе гаспадарам. На развітанне моладзь выказвае сям'і пажаданні здароўя, багацця і дабрабыту.
Нярэдка з сабой прыводзілі Кабылу. Яе ўладальнік прасіў у гаспадароў дома грошай «на авёс». Вадзілі калядоўшчыкі і Мядзведзя, які выконваў разнастайныя трукі, за што атрымліваў багатыя пачастункі. Таксама сярод персанажаў сустракаюцца Бусел, Доктар, Цыган, Афіцэр, Анёл, Смерць.
На Заходнім Палессі галоўнымі героямі карнавальнай дзеі былі Конь і Вершнік. Абрад з удзелам гэтых персанажаў адрадзілі ў Давыд-Гарадку. А ў аграгарадку Семежава Капыльскага раёна адноўлены калядны абрад-гульня «Цары». Удзельнікі, апранутыя ў белыя касцюмы і высокія шапкі, праходзяць маршам па мястэчку, заходзяць у дамы і разыгрываюць там драму «Цар Максімільян». Гэтая традыцыя ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
У некаторых раёнах да нашых дзён захаваўся звычай «Цягнуць Каляду на дуба». Гэтым абрадам завяршалі калядны цыкл. Як правіла, пасля шумнага гуляння вяскоўцы зацягвалі на магутнае дрэва барану альбо ўпрыгожаны сноп саломы. Чым вышэй апынецца Каляда, тым багацейшым будзе ўраджай.
У калядныя дні маладыя людзі збіраліся на вячоркі, дзе не толькі спявалі і танцавалі, але і ладзілі гульні. Самай распаўсюджанай на поўначы Беларусі была «Жаніцьба Цярэшкі». Гэтая вясёлая дзея дапамагала знайсці сабе пару. Гульня ўяўляла сабой своеасаблівую рэпетыцыю вяселля. Па камандзе кожны хлопец падыходзіў да ўпадабанай дзяўчыны і нацягваў на яе сваю шапку. Калі сімпатыя была ўзаемнай, то дзяўчына заставалася ў гэтым уборы. У адваротным выпадку яна скідала шапку і ўцякала ад хлопца. Створаныя ў пачатку вечара пары атрымлівалі жартоўнае благаславенне ў дарослых, якія гралі ролю бацькі і маці. Затым гучалі песні, пачыналіся гульні, дзе юнакі спаборнічалі ў спрыце і сіле. Пасля ўсе сядалі за святочны стол. Разыходзілася ж моладзь глыбокай ноччу. Нярэдка пары-ўдзельнікі пазней заключалі шлюб і спраўлялі сапраўднае вяселле.
Папулярнай была гульня «Яшчар», карані якой сягаюць у далёкія стагоддзі. Дзея нагадвае паганскае ахвярапрынашэнне цмоку з падземнага царства. Дзяўчаты ў вянках пад песні водзяць карагод вакол яшчара, а той забірае ў іх вянкі. Затым міфалагічны персанаж спрабуе рассмяшыць дзяўчат — свой вянок назад атрымліваюць толькі тыя, хто ўтрымаўся ад смеху.
Гулялі на вячорках і ў «Ката пячы». Хлопцы і дзяўчаты загадзя рыхтавалі з цеста фігуру ката, да якой замест хваста чаплялі каўбасу. Гэты ласунак падвешвалі пад столлю, а ўдзельнікі спрабавалі падскочыць і адкусіць кавалачак. Гаманіна працягвалася, пакуль хто-небудзь не сарве ўсяго мучнога ката. Калі гэта ўдавалася, то «трафей» дзялілі паміж усімі прысутнымі. Працягваўся вечар застоллем і танцамі.
У святочны час таксама ставілі спектаклі народнага лялечнага тэатра — батлейкі. Яна ўяўляе сабой драўляную скрыню на адзін ці два ярусы, дзе размяшчаюцца персанажы-цацкі. Часцей за ўсё разыгрывалі драму «Цар Ірад», аднак выконвалі і бытавыя сцэнкі, у якіх высмейваліся розныя заганы людзей.