На тэрыторыі запаведніка сканцэнтравана каля 1/3 радыёактыўнага цэзію, які выпаў на Беларусь, 70% стронцыю, 97% плутонію. Плошча запаведніка займае больш за 215 тысяч гектараў. Пасля аварыі жыхары амаль 100 населеных пунктаў былі выселены за межы гэтай тэрыторыі. А для забеспячэння радыяцыйнай бяспекі людзей у акрузе былі забаронены паляванне, рыбалка, збор ягад і грыбоў.

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – найбуйнейшая навукова-даследчая пляцоўка, аналагаў якой няма нідзе ў свеце. Сюды прыязджаюць вучоныя і студэнты-біёлагі з розных краін. Тут вывучаецца ўплыў радыяцыі на жывую прыроду, праводзіцца пастаяннае назіранне за экалагічным станам навакольнага асяроддзя і распрацоўваюцца прэвентыўныя меры па недапушчэнні радыяцыйнага забруджання суседніх тэрыторый. У штаце Палескага экалагічнага запаведніка 700 супрацоўнікаў.

Прырода запаведніка, дзе ўжо больш за 30 гадоў чалавек не ўмешваўся ў натуральны ход жыцця, аднаўляецца і развіваецца. У запаведніку больш за 1250 відаў раслін, з іх каля 30 занесены ў Чырвоную кнігу. Нягледзячы на заражэнне зоны адчужэння радыенуклідамі, жывёльны свет нядрэнна сябе адчувае. Мала дзе на тэрыторыі Беларусі можна сустрэць такую колькасць рэдкіх птушак. Фаўна налічвае каля 54 відаў млекакормячых, 280 відаў птушак і багатую разнастайнасць відаў рыб. Занесеныя ў Чырвоную кнігу зубр, буры мядзведзь, рысь, барсук, арлан-белахвост, чорны бусел і іншыя гаспадараць на тэрыторыі запаведніка.

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік

На фоне дзівоснай флоры і фаўны закінутыя пабудовы, у спешцы пакінутыя жыхарамі пасля трагічных падзей, і забытыя прадметы побыту і паўсядзённыя рэчы выглядаюць больш чым жудасна.

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – хоць і закрытая тэрыторыя, але існуюць бяспечныя месцы з самымі нізкімі дазіметрычнымі паказчыкамі, якія дазваляецца наведваць турыстам.

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік

Калі вы жадаеце пабываць там, дзе яшчэ не былі, на час вярнуцца ў мінулае, акунуцца ў атмасферу тых страшных дзён, прасякнуцца трагедыяй, якая закранула шматлікія лёсы, вы можаце адправіцца ў бяспечную вандроўку па экалагічным запаведніку ў складзе арганізаванай групы. 

На тэрыторыі запаведніка дзейнічае кантрольна-прапускны рэжым, дзе правяраюць наяўнасць загадзя замоўленых пропускаў і праводзяць інструктаж аб правілах паводзін у зоне адчужэння. 

Пры наведванні музея ізаляванай тэрыторыі запаведніка Чарнобыльскай зоны, вы ўбачыце жывёл і птушак, якія жывуць у жывой прыродзе, прадметы побыту, якія засталіся ад насельніцтва, якое пражывала на тэрыторыі зоны, архіўныя дакументы і дазіметрычныя прыборы. Вам раскажуць падрабязнасці пра катастрофу і пра тое, як змяніліся глеба, раслінны і жывёльны свет.

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік

Можна агледзець закінутыя вёскі з былымі будынкамі школ, дамамі культуры, у якіх захаваліся савецкія агітацыйныя плакаты, бальніцамі і крамамі. Зайсці ў разбураны жывёлагадоўчы комплекс, у якім некалі ўтрымлівалася 17,5 тысяч галоў свіней або завод па вытворчасці камбікармоў. На Паганянскім канале стаяць два закінутыя караблі, якія некалі вазілі баржы з Мазыра ў Кіеў. 

Да турыстаў, якія праязджаюць міма кінутых вёсак па зарослых дарогах, часта насустрач выходзяць ласі і прылятаюць цецерукі, каб павітацца з рэдкімі гасцямі.

У запаведніку ёсць пункт назірання, з вышыні якога ў добрае надвор'е бачна Чарнобыльская атамная станцыя. З высокага берага адкрываецца маляўнічы від на Прыпяць. Гэтае месца выпраменьвае цішыню і спакой. Міжволі забываеш, што за некалькі кіламетраў адсюль пад саркафагам захоўваецца расплаў ядзернага паліва.

Пакідаючы запаведнік, неабходна прайсці абавязковы радыяцыйны кантроль адзення, абутку і асабістых рэчаў.

Наведайце гэты ўнікальны, адначасова жудасны і цудоўны, куток Беларусі, каб палюбавацца прыродай у яе першародным выглядзе. Тут вы акуняцеся ў зусім іншы свет!