Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай землі Крычава сталі часткай Расійскай імперыі. Імператрыца Кацярына II падаравала Крычаўскае староства свайму фаварыту, Рыгору Пацёмкіну, які займаў высокія пасады ў дзяржаве і меў значны ўплыў на ўнутраныя справы краіны. Князь Пацёмкін арганізаваў на падараванай зямлі вытворчасць: адчыніў заводы, мануфактуры, наладзіў суднаходства і такім чынам пераўтварыў Крычаў з непрыкметнай глыбінкі ў вялікі прамысловы цэнтр.

Пацёмкін загадаў пабудаваць у сваім маёнтку палац, які б адпавядаў статусу князя. Ён пажадаў, каб у плане будынак нагадваў літару «Е» – у гонар уладаркі дзяржавы. Князь хацеў такім чынам уразіць імператрыцу, але сама Кацярына завітала ў палац толькі аднойчы, падчас паездкі па заходніх губернях.

Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве

Будаўніцтва рэзідэнцыі пачалося ў 1778 годзе і працягвалася амаль 10 гадоў. Аўтарам праекта быў архітэктар Іван Староў. Па яго задуме палац пабудавалі на штучным узгорку – і дзякуючы гэтаму двухпавярховы будынак, да якога прымыкалі два бакавыя крылы, выглядаў велічна і манументальна. Для рэзідэнцыі Пацёмкіна былі ўласцівы рысы класіцызму: сіметрыя, амфіладная планіроўка, характэрны дэкор фасадаў. Палац задумваўся як месца правядзення баляў, шыкоўных прыёмаў і важных сустрэч. Унутры размяшчаліся парадныя залы, бібліятэка, сталовая, жылыя пакоі.

У 1787 годзе князь Пацёмкін прадаў маёнтак Яну Галынскаму. У пачатку XIX стагоддзя новы гаспадар палаца, унук Галынскага Стэфан, вырашыў абнавіць знадворны выгляд будынка ў адпаведнасці з модай на неаготыку. Па яго ініцыятыве класічны дэкор на ваконных абрамленнях замянілі стральчатымі неагатычнымі элементамі, змянілі галоўны ўваход, вуглавыя пілястры якога ўпрыгожылі зубцамі. На ўездзе ў маёнтак пабудавалі вароты, стылізаваныя пад егіпецкія піраміды. Першая сусветная вайна і рэвалюцыя перашкодзілі далейшай перабудове рэзідэнцыі. Пасля рэвалюцыі палац Пацёмкіна спазнаў лёс многіх тагачасных панскіх сядзіб: ён разам з каштоўнасцямі, якія там захоўваліся, быў экспрапрыяваны савецкай уладай.

У савецкія гады ў будынку функцыянавалі адукацыйныя ўстановы. У другой палове XX стагоддзя палац на доўгі час быў закінуты. У пачатку 2000-х яго ўключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей – і ў будынку пачаліся рэстаўрацыйныя работы.

Палац Пацёмкіна пасля рэстаўрацыі

Пасля рэстаўрацыі, якая была завершана ў 2008 годзе, колішняя рэзідэнцыя князя Пацёмкіна адчыніла дзверы для наведнікаў. Цяпер у яе сценах знаходзяцца ЗАГС і Крычаўскі гістарычны музей, супрацоўнікі якога праводзяць экскурсіі для ўсіх ахвочых.

У палацы вы атрымаеце выдатнае ўяўленне пра побыт багатых і тытулаваных асоб XVIII-XIX стагоддзяў. Тут можна ўбачыць сталовыя прыборы, сервізы, посуд, збор кніг і малюнкаў, даўнія прадметы інтэр'еру: гадзіннікі, падсвечнікі, люстэркі, куфэркі, статуэткі. Для аднаўлення гістарычнай абстаноўкі выкарыстоўвалася як антыкварная мэбля, так і вырабленая па замове.

Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве
Палац Пацёмкіна ў Крычаве

Экскурсаводы правядуць вас па шыкоўных залах, раскрыюць сакрэты стасункаў Пацёмкіна і Кацярыны II, раскажуць, як у палацы прымалі саму імператрыцу. Вы ўбачыце сталовую, буфетную, дамскі будуар, кабінет князя Пацёмкіна.

У музеі можна даведацца шмат цікавага пра гісторыю Крычаўшчыны: пабачыць макет Крычаўскага замка, старажытныя артэфакты, знойдзеныя археолагамі, элементы сярэднявечных ганчарных вырабаў, калекцыю халоднай зброі часоў Паўночнай вайны.

Падчас падарожжа па Магілёўшчыне не прамініце галоўны архітэктурны аб'ект Крычава. З Мінска сюды ходзяць цягнікі, аўтобусы, маршрутныя таксі. Дарога ў Крычаў аўтамабілем зойме каля 3,5 гадзін.