Мы зрабілі для вас падборку прадпрыемстваў Мінскай вобласці ў розных сферах, якія могуць здзівіць сваіх наведвальнікаў і наталіць смагу новых уражанняў і цікавых адкрыццяў!

ААТ «Галантэя»

Экскурсія на ААТ «Галантэя» прыйдзецца даспадобы мілым дамам. Ні для каго не сакрэт, што жанчыны маюць слабасць да ўпрыгожанняў, новых торбачак і добрага абутку.

ААТ «Галантэя»

На прадпрыемстве вы ўбачыце, як рукамі майстроў сваёй справы робіцца прыгажосць: ад партманэ, рамяня і ключніцы да торбы, партфеля і валізкі – на ўсе выпадкі жыцця. І вядома, у канцы экскурсіі вас чакае наведванне фірмовай крамы, дзе ўсе вырабы прадстаўлены па вельмі прывабных цэнах. 

Адрас: г. Мінск, вул. К.Цэткін, 18.

Слуцкія паясы

Ці ведаеце вы, што слуцкі пояс у свой час маглі сабе дазволіць нават не ўсе князі? Ці што колькасць золата ў адным творы слуцкіх майстроў магла дасягаць да 200 грамаў? Калі не, то гэтая экскурсія сапраўды для вас.

Слуцкія паясы

Вы даведаецеся ўсё пра ўнікальнасць слуцкіх паясоў, пра тое, як яны ствараліся ў XVIII стагоддзі і як ствараюцца зараз. У Слуцку, на радзіме гэтых цудоўных твораў мастацтва, ім прысвечаны цэлы музей. Экскурсаводы расказваюць пра іх узнікненне, віды, сімволіку. Таксама тут ёсць сувенірная крама і кафэ.

Адрас: г. Слуцк, вул. М. Багдановіча, 8.

Белмастацкераміка

У рамках гадзіннай экскурсіі на Белмастацкераміцы вы ўбачыце поўны цыкл вытворчасці, ад бясформеннага кавалачка гліны да роспісу гатовага вырабу, даведаецеся пра гісторыю прадпрыемства і разгледзіце керамічны посуд, выраблены тут пачынаючы з 1940-х і да сённяшняга дня.

Белмастацкераміка

Жадаючыя паўдзельнічаюць у майстар-класе па лепцы і змогуць забраць дадому створаны сваімі рукамі сувенір. І вядома ж, вы не зможаце прайсці міма фірмовай крамы, каб захапіць з сабой нешта на памяць.

Адрас: Мінская вобласць, Маладзечанскі раён, г.п. Радашковічы, вул. Савецкая, 12.

Вінакурня «Нарач»

Наведванне Вінакурні Нарач – гэта зачаравальнае і займальнае падарожжа, якое не пакіне вас абыякавымі. Пабываўшы ў гістарычным будынку Вінакурні, якой ужо больш за 175 гадоў, вы даведаецеся аб яе развіцці ад самых вытокаў да сённяшняга дня. Тут вас пазнаёмяць з асаблівасцямі вытворчасці моцных спіртных напояў, а таксама вы зможаце зазірнуць у сучасныя вытворчыя цэхі.

Вінакурня «Нарач»

Завершыцца экскурсія дэгустацыяй алкагольных напояў. І калі захочаце набыць бутэлечку-іншую, зможаце зрабіць гэта ў фірмовай краме Вінакурні. Узроставае абмежаванне 18+.

Адрас: Мінская вобласць, Мядзельскі раён, аг. Нарач, вул. Завадская, 58. 

Мы пералічылі далёка не ўсе аб'екты, дзе можна пабываць на вытворчай экскурсіі ў Мінскай вобласці. Аднак, калі вы думаеце над варыянтам незвычайнага вольнага часу ўсёй сям'ёй або з калегамі, выбірайце прамысловы турызм. І, мы спадзяёмся, наша падборка самых цікавых прапаноў будзе карыснай і дапаможа вызначыцца вам з відам вытворчасці і фарматам экскурсіі.