Харчовая прамысловасць

На прадпрыемствах харчовай прамысловасці можна не толькі азнаёміцца з прынцыпамі іх працы, але і даведацца пра гісторыі кампаній, атрымаць падарункі, а таксама прадэгуставаць прадукцыю. Прыкладам можа быць кандытарская фабрыка «Камунарка», дзе наведвальнікі маюць магчымасць паглядзець, як вырабляюць упадабаныя ўсімі ласункі.

«Камунарка»

Нельга не згадаць піваварны завод «Аліварыя», прызёра шматлікіх конкурсаў якасці. Экскурсія пачынаецца ў гістарычным будынку найстарэйшай дзеючай вытворчасці, дзе Вам раскажуць пра развіццё піваварэння ад самых вытокаў і да сённяшніх дзён. Таксама Вы пабачыце ўвесь працэс вытворчасці на свае вочы і, вядома, зможаце прадэгуставаць прадукцыю.  

 Лёгкая і цяжкая прамысловасць

Адметнай асаблівасцю прамысловага турызму гэтай галіны з’яўляецца тое, што шмат якія фабрыкі і заводы праводзяць экскурсіі абсалютна бясплатна. Напрыклад, «СВIТАНАК» у Жодзіна. Тут сустрэчы праводзяцца нерэгулярна, але затое Вас могуць правесці па ўсіх цэхах, будуць расказваць і паказваць, якім чынам вырабляюцца, фарбуюцца, шыюцца рэчы для дзяцей і дарослых. Таксама цікава будзе наведаць музей і фірменную краму. Раім наведаць і Мінскі трактарны завод.

Мінскі трактарны завод

Сюды часта прыязджаюць замежныя госці, таму экскурсіі праводзяцца на чатырох мовах: рускай, англійскай, нямецкай і іспанскай.

Ювелірная прамысловасць

Наведванне ювелірнага завода ZORKA – сапраўдная казка, акунуцца ў якую захочацца абсалютна кожнаму. Там абяцаюць пазнаёміць з тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюцца пры вырабе ўпрыгожанняў, паказаць, як правільна абыходзіцца з дарагімі камянямі.

ZORKA

Варта адзначыць і ўнікальную магчымасць патрымаць у руках злітак, які важыць 800 грам. Па завяршэнні маршруту Вас будзе чакаць шоу-рум, дзе можна купіць выраб ад дызайнераў завода па цэнах істотна ніжэй за рыначныя.

Шкляная прамысловасць

Акунуцца ў гэтую галіну можна, наведаўшы самы вядомы шклозавод Беларусі – «Нёман». Акрамя расказаў, як усё адбываецца, Вам наглядна пакажуць спосаб выдзімання прадметаў са шкла без дапамогі машын і прылад. Турысты кажуць, што глядзець на гэта – сапраўднае эстэтычнае задавальненне. Мноства прыгожых шкляных сувеніраў знаходзіцца ў фірменным шкляным музеі на тэрыторыі завода. 

Саляная прамысловасць

Вельмі мала людзей ведаюць, што ў Беларусі ёсць месцы з краявідамі, падобнымі на ісландскую і нарвежскую прыроду. Дык вось, турыстычныя кампаніі актыўна развіваюць сумешчаныя экскурсіі ў АТ «Беларуськалій» і Мікашэвіцкія кар’еры. Напрыклад, такія: Вам пакажуць саляныя тэрыконы ў Салігорску, якія цудоўна падышлі б для здымкі фільма пра нязведаныя планеты, а потым гранітны кар’ер, які з’яўляецца самым вялікім у Еўропе. Там Вас адвядуць у музей, вытворчыя цэхі, да рачнога порта і назіральнай пляцоўкі над прорвай. Таксама можна будзе спусціцца да вадаспадаў і зрабіць унікальныя фатаграфіі.

Фермы

Фермы

Гісторыя самай вялікай страусінай фермы ў Беларусі і СНД пачынаецца з 2002 года, калі было зарэгістравана прадпрыемства ТАА «Страусінае ранча». Страусы тут пачуваюцца, як у дзікай прыродзе. Экскурсія доўжыцца гадзіну, але за гэты час можна прасачыць за жыццём гэтых экзатычных жывёл. Розныя напоі і стравы падаюць у кафэ «Сафары», якое належыць ферме, а ў якасці сувеніраў у мясцовай краме прадаюць крэм са страусіных тлушчаў і вырабы з іх скуры.

Ва ўсім свеце прамысловы турызм з’яўляецца сучасным і папулярным рухам, але ў нашай краіне ён толькі набірае абароты. Таму чым больш мы будзем цікавіцца гэтай тэмай, тым хутчэй будуць стварацца новыя праекты!