Сёння пазнаёмім вас з некаторымі прадпрыемствамі Магілёўскай вобласці, наведаўшы якія з экскурсіяй вы зможаце наталіць сваю дапытлівасць.
Экскурсія пачынаецца са знаёмства з гісторыяй прадпрыемства, якому ўжо больш за 55 гадоў. Далей ідзе азнаямленне з працэсам вытворчасці, вырабам асноўных вузлоў ліфта і яго зборкай.
У вас будзе магчымасць наведаць выставу прадукцыі холдынгу, дзе можна зайсці ў ліфты, разгледзець іх, адчуць, як плаўна зачыняюцца і адчыняюцца дзверы, пракаціцца на эскалатары, а таксама завітаць ў фірмовыя крамы, дзе можна набыць сувенірную прадукцыю з лагатыпам. На ААТ «Магілёўліфтмаш» практыкуюць прафарыентацыйныя экскурсіі для навучэнцаў ССНУ і ВНУ.
Адрас: г. Магілёў, пр-т Міра, 42.
Гісторыя «Чырвонага металіста» пачынаецца з 1933 года. На прадпрыемстве выпускаюцца тавары народнага спажывання з высакаякаснай нержавеючай сталі з поўным цыклам вытворчасці.
Спецыялізуецца прадпрыемства на выпуску нажніц, сталовых прыбораў, кухоннага начыння з нержавеючай сталі, закарковачных вырабаў, а таксама новы напрамак – сучасная мэбля ў стылі LOFT. На экскурсіі вы можаце пазнаёміцца з усім тэхналагічным працэсам стварэння сталовых прыбораў і з новым участкам, дзе вырабляецца мэбля.
Адрас: г. Магілёў, Гомельская шаша, 15а.
У вас ёсць магчымасць даведацца, як нараджаюцца беларускія шыны, а таксама пазнаёміцца з гісторыяй развіцця прадпрыемства, якая бярэ свой пачатак з 1965 года.
Пройдзеце па тэрыторыі і на свае вочы ўбачыце вытворчасць сучасных беларускіх шын: ад легкавой да звышбуйнагабарытнай – памерам у двухпавярховы дом.
Адрас: г. Бабруйск, Мінская шаша, 4.
Кампанія Oasis – вытворца сокаў №1 у Беларусі. Абавязкова наведайце «сакавітую» экскурсію, на якой гатовыя прыадчыніць сакрэты вырабу любімых сокаў і нектараў.
Вы даведаецеся гісторыю стварэння прадпрыемства, паглядзіце, як арганізаваны ўвесь тэхнічны працэс – ад участку працэсінгу, дзе адбываюцца падрыхтоўка і купажаванне напояў, да ўчастка разліву. Зможаце пабываць нават у святая святых вытворчасці – лабараторыі якасці, дзе спецыялісты «Аазіса» праводзяць ажно 3 500 аналізаў і тэстаў. І ў завяршэнне, дэгустацыя «наваяўленых» напояў, а затым вы зможаце атрымаць у фірмовай краме ў падарунак некалькі пакетаў ці бутэлек упадабанага прадукту.
Адрас: г. Бабруйск, вул. Нахімава, 1.
У час экскурсіі наведвальнікі не кантактуюць з прадуктам і абсталяваннем, а назіраюць за цыклам вытворчасці праз панарамныя вокны. Перш чым экскурсанты трапляюць у галерэю, з імі праводзяць гутарку і інструктаж, а таксама працэдуру дэзынфекцыі і выдаюць сродкі абароны.
На прадпрыемстве госці даведаюцца аб вытворчасці многіх прадуктаў, якія вырабляюцца з малака. А ў канцы ўсіх чакае дэгустацыя марожанага. Акрамя таго, кожны атрымае спецыяльны набор прадукцыі з сувенірам на памяць.
Адрас: г. Магілёў, вул. Акадэміка Паўлава, 3.
У артыкуле пералічаны далёка не ўсе прадпрыемствы Магілёўскай вобласці, адкрытыя як для карпаратыўнага і прафарыентацыйнага турызму, так і для пазнавальнага. Выбірайце цікавую вам галіну і накіроўвайцеся насустрач новым ведам і ўражанням!