Дзвінскі бровар

Калі вы хочаце паглядзець, як варыцца сапраўднае піва – вам на завод Дзвінскі Бровар. Чаму сапраўднае? Адказваем: яно складаецца толькі з 4 інгрэдыентаў – солад, хмель, дрожджы і вада. Таму разліўное піва захоўваецца 7 сутак з-за адсутнасці кансервантаў. Іншыя вытворцы дадаюць рысавую і кукурузную крупу, але Дзвінскі бровар не адыходзіць ад традыцый нямецкіх півавараў.

Дзвінскі бровар

Цікавы факт пра завод: ён быў цалкам пабудаваны ў нямецкім горадзе Манхайм, а пасля перанесены ў Віцебск разам з будынкамі, абсталяваннем і нямецкімі экспертамі ў галіне піваварства.

Калі хочаце даведацца больш, звяртайцеся на завод: экскурсіі арганізуюць па папярэднім запісе.

Полацкія напоі і канцэнтраты

Тут таксама вырабляюць піва па традыцыйнай схеме, у якой няма нічога лішняга. Але акрамя таго, на «Полацкіх напоях і канцэнтратах» вырабляюць яшчэ і мінеральную ваду, квас, а таксама канцэнтрат кваснага сусла і соладавыя экстракты. 

Радуе падыход завода да арганізацыі экскурсій для дзіцячых груп: для іх распрацавана спецыяльная праграма для ўсіх узростаў. Дзяцей пазнаёмяць з працэсам гатавання квасу і нават дадуць яго пакаштаваць. А забаўляць і ладзіць конкурсы для іх будзе казачны персанаж Квасяня.

Верхнядзвінскі масласырзавод

Ад тэмы напояў пяройдзем да тэмы сыроў і масла. Так, у Віцебскай вобласці ёсць Верхнядзвінскі масласырзавод, дзе таксама прымаюць турыстаў на экскурсіі. Самае прыемнае ў гэтым – дэгустацыя 8-9 відаў сыроў, якія вырабляюцца на заводзе. Сярод іх – Пармезан, Гаўда, Мацарэла, Рыкота і іншыя. Таму калі вы хочаце пакаштаваць разнастайныя сыры і пры гэтым паслухаць ад работнікаў прадпрыемства пра розніцу паміж кожным з іх – вам гэта месца абавязковае для наведвання.

Верхнядзвінскі масласырзавод

Яшчэ на Верхнядзвінскім масласырзаводзе вы ўбачыце працэс гатавання сыру: ад прыёмкі малака да ўпакоўкі. Заходзіць у вытворчыя цэхі забаронена, але для экскурсантаў на заводзе абсталявана спецыяльная шкляная галерэя, адкуль наведвальнікі назіраюць увесь працэс.

Таксама па жаданні турысты наведваюць фірменную краму і набываюць там памятныя сувеніры. Яшчэ даступная опцыя з абедам у кафэ «Са смакам», калі наведвальнік вырашыць выкарыстаць усе магчымасці, якія дае завод.

Аршанскі льнокамбінат

Напрыканцы пагаворым пра не харчовае, але вельмі важнае прадпрыемства Беларусі – пра Аршанскі льнокамбінат. Гэта адзіны завод па вытворчасці льняной тканіны ў рэспубліцы і найбуйнейшы завод у Еўропе. Экскурсаводы тут раскажуць пра асаблівасці тэхналогій і пакажуць кожны этап вытворчасці. У дадатак экскурсанты даведаюцца пра гісторыю стварэння льняных тканін і сходзяць у фірменную краму прадпрыемства, дзе яны знойдуць увесь асартымент прадукцыі і набудуць сабе сувеніры на памяць.

Яшчэ адна важкая прычына з'ездзіць на Аршанскі льнокамбінат – экскурсія для групы больш за 15 чалавек праводзіцца бясплатна!

Аршанскі льнокамбінат

Мы распавялі пра 4 прадпрыемствы Віцебскай вобласці, якія гатовы прыняць на экскурсію і яскрава распавесці пра тонкасці тэхналагічных працэсаў і асаблівасці прадукцыі. Вядома, такіх прадпрыемстваў яшчэ шмат, але ж трэба з чагосьці пачынаць! Таму працягвайце падарожнічаць разам з BelarusTravel і адкрываць для сябе новыя цікавыя месцы нашай краіны.