Мерапрыемства аб'яднала супрацоўнікаў Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага агенцтва па турызме, прадстаўнікоў туркампаній і ТIЦ, экскурсаводаў і выкладчыкаў турыстычных дысцыплін.
Прадстаўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктар Вадзім Лакіза і загадчык цэнтра археалогіі Аляксей Аўласовіч, распавялі аб ходзе раскопак на тэрыторыі старажытнага гарадзішча.
Сёння перад гісторыкамі стаяць фундаментальныя задачы па вывучэнні гісторыі Мінска. Самыя значныя даследаванні праводзяцца археолагамі на Менцы. Нездарма ў апошні час гэты комплекс на слыху. Адна з галоўных прычын – культурная і турыстычная каштоўнасць рэсурсу. Гэты аб'ект валодае велізарным патэнцыялам для папулярызацыі гісторыі Беларусі. А яшчэ археалагічныя раскопкі дазваляюць не толькі вызначыць гісторыка-культурную ролю гарадзішча ў IX – XI стагоддзях у гісторыі Мінска, але і правесці рэканструкцыю бытавога, культурнага і эканамічнага жыцця насельніцтва таго часу.
У планах музеефікацыі – аднаўленне драўляных ахоўных збудаванняў, варот, моста і вадзянога рова, размешчаных на тэрыторыі старажытнага паселішча. У далейшым усё гэта знойдзе адлюстраванне ў канцэпцыі археалагічнага музея пад адкрытым небам, які плануецца стварыць на Менцы. Гэта будзе гісторыка-культурны, навуковы, турыстычны і сацыяльна-адукацыйны комплекс.
Удзельнікі семінара наведалі Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па водналыжным спорце, азнаёміліся з самым вялікім вейкпаркам, размешчаным на тэрыторыі спартыўнай базы з развітой інфраструктурай. Тут ёсць усё неабходнае для адпачынку: кафэ, пляж, лазня на дровах, альтанкі, зоны барбекю, гарачая купель на свежым паветры, дзіцячая пляцоўка.
У летні час на базе РЦАП па водналыжным спорце праходзяць прэстыжныя спаборніцтвы. Жадаючыя могуць паназіраць за трэніроўкамі водналыжнікаў.
Кульмінацыяй семінара стаў круглы стол «Археалагічная спадчына як інструмент папулярызацыі гісторыка-культурнага турызму». У прывітальным слове дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч звярнула ўвагу на актуальнасць мерапрыемстваў, накіраваных на распаўсюджанне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Стварэнне спецыялізаваных праектаў і картаграфаванне значных аб'ектаў стануць ключавымі мерамі ў пашырэнні нацыянальнага культурнага здабытку.
Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза ўпэўнены, што археалагічныя аб'екты могуць стаць важкім звяном пры складанні экатроп і розных турыстычных маршрутаў. Між іншым, у Беларусі маецца велізарны патэнцыял.
Помнікі археалогіі – гэта аб'екты турыстычнага інтарэсу, падкрэсліў у сваім выступленні загадчык цэнтра археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Аўласовіч. Узяць, да прыкладу, гарадзішча на Менцы. Яно ўнікальнае па сваёй сутнасці: драўляныя канструкцыі ўнутры валоў пабудаваныя ў X-XI стагоддзі. На сённяшні дзень аналагічныя канструкцыі такой даўнасці не выяўленыя ні ў адной кропцы Усходняй Еўропы.
Неабходна распрацоўваць механізмы папулярызацыі аб'ектаў археалагічнай спадчыны, адзначыў падчас выступлення дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў. Работа ў гэтым кірунку будзе праводзiцца комплексная: гэта і стварэнне развітой інфраструктуры, і правядзенне падзейных мерапрыемстваў у гістарычных месцах, і выраб розных прадметаў побыту і ўпрыгожванняў на аснове прадметаў, знойдзеных падчас раскопак. Усё гэта будзе спрыяць росту не толькі прывабнасці гістарычнай спадчыны Беларусі, але і развіццю турыстычнага патэнцыялу.