Беларусь – дом для многіх святыняў, звязаных з рознымі рэлігійнымі плынямі. Тут вы знойдзеце праваслаўныя храмы, каталіцкія саборы, манастыры, сінагогі, мячэці. Некаторыя культавыя аб'екты ператварыліся ў гістарычныя помнікі, іншыя працягваюць працаваць і выконваць рэлігійныя функцыі. Раскажам, якія духоўныя славутасці могуць зацікавіць турыстаў у розных кутках нашай краіны.
Брэсцкая вобласць
У Брэсце знаходзіцца адзін з самых вялікіх праваслаўных храмаў Беларусі – Брэсцкі Свята-Уваскрасенскі сабор. Ён пабудаваны ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. Наведнікі прыходзяць сюды да мошчаў велікамучаніка Панцеляймона Лекара і святога праведнага Іаана Кармянскага, а таксама да святых абразоў Багародзіцы і Серафіма Сароўскага.
Чым яшчэ цікавая Брэсцкая вобласць:
Свята-Варварынскі жаночы манастыр у Пінску.
Аляксандра-Неўскі сабор у Пружанах, дзе захоўваецца арыгінал абраза Пружанскай Божай Маці, а таксама частка мошчаў Аляксандра Неўскага.
Свята-Сімяонаўскі сабор у Брэсце, у якім знаходзяцца важныя для праваслаўных святыні: копія Пачаеўскага абраза Божай Маці, абразы з мошчамі вялікіх святых і пакутнікаў.
Віцебская вобласць
Цэнтрам рэлігійных святыняў Віцебскай вобласці з'яўляецца Полацк. Тут жыла славутая асветніца Ефрасіння Полацкая, унучка князя Усяслава Чарадзея, якая пакінула багатую гісторыка-культурную спадчыну. У Полацку знаходзяцца:
Сафійскі сабор, пабудаваны ў XI стагоддзі. Да нашага часу ён быў перабудаваны і адрэстаўраваны. Цяпер тут ладзяцца фестывалі і канцэрты арганнай музыкі, сабор наведваюць турысты, каб убачыць унікальныя фрэскі, роспісы, ляпныя аздабленні ды іншыя элементы рэлігійнага мастацтва. Штогод у пачатку чэрвеня ў саборы адбываюцца святочныя богаслужэнні ў памяць Ефрасінні Полацкай.
Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр – заснаваны Ефрасінняй Полацкай у пачатку XII стагоддзя. У манастыры захоўваюцца мошчы асветніцы, таму сюды з'язджаюцца паломнікі, якія хочуць пакланіцца хрысціянскай святой.
Свята-Богаяўленскі сабор – помнік барочнай архітэктуры XVIII стагоддзя. Тут адбываюцца богаслужэнні, малебны, адзначаюцца рэлігійныя святы.
Якія яшчэ рэлігійныя помнікі зацікавяць турыста:
Успенскі сабор у Віцебску – архітэктурны помнік віленскага барока, які быў зруйнаваны ў савецкі час, пасля адбудаваны наноў.
Дзейны Успенскі жаночы манастыр у Оршы, заснаваны ў пачатку XVII стагоддзя.
Праваслаўны сабор Прасвятой Багародзіцы, размешчаны ў Глыбокім.
Неагатычны касцёл Узнясення Дзевы Марыі ў Мёрах.
Гродзенская вобласць
У Гродне знаходзіцца адзін з найстарэйшых культавых будынкаў Беларусі – Барысаглебская царква, таксама вядомая як Каложская. Яна была пабудаваная ў XII стагоддзі і дагэтуль застаецца дзейным рэлігійным аб'ектам. Тут праводзяць не толькі літургіі і культавыя абрады, але і экскурсіі для турыстаў.
Іншыя дзейныя культавыя будынкі Гродзеншчыны:
Свята-Траецкая царква – праваслаўны храм, які знаходзіцца недалёка ад Мірскага замка.
Свята-Міхайлаўскі храм у Лідзе, які напрацягу гісторыі належаў і каталікам, і праваслаўным.
Каталіцкая царква Іаана Хрысціцеля ў Гальшанах – былы манастыр францысканцаў.
Мужчынскі манастыр у Жыровічах – на тэрыторыі комплексу праводзяцца богаслужэнні, праваслаўныя фестывалі, культурныя мерапрыемствы, святы, прысвечаныя абразу Жыровіцкай Божай Маці.
Гомельская вобласць
Гомельская вобласць багатая на праваслаўныя помнікі, але тут можна знайсці і каталіцкія святыні. Сярод вядомых аб'ектаў адзначым:
Кафедральны сабор Пятра і Паўла ў самым цэнтры Гомеля, які ёсць часткай дварцова-паркавага ансамбля.
Святая крыніца Параскевы Пятніцы, знаходзіцца ў Веткаўскім раёне. Па легендзе, у гэтым месцы калісьці быў знойдзены абраз шанаванай вялікамучаніцы.
Мазырскі кафедральны сабор – праваслаўны храм, які спачатку будаваўся як касцёл.
Жаночы Іаана-Кармянскі манастыр у Карме, дзе захоўваюцца мошчы праведніка, у гонар якога асвечаны манастыр. Манахіні жывуць у послуху, апякуюць мясцовую бальніцу і прымаюць паломнікаў. На тэрыторыі манастыра знаходзіцца крыніца з гаючай вадой.
Свята-Траецкі касцёл у Рэчыцы – неагатычнае збудаванне пачатку ХХ стагоддзя. За савецкай уладай не выконваў рэлігійныя функцыі, але ў канцы ХХ стагоддзя быў вернуты каталікам.
Магілёўская вобласць
Сярод культавых мясцін Магілёўшчыны варта вылучыць:
Праваслаўны сабор Трох Святых, размешчаны ў абласным цэнтры. Яго сцены захоўваюць важныя для вернікаў абразы Божай Маці, святога Мікалая, прападобнай Ефрасінні Полацкай.
"Блакітная крыніца" – святая крыніца з гаючай вадой, ля якой збіраюцца праваслаўныя паломнікі, каб памаліцца і папрасіць дапамогі ў вышэйшых сілаў.
Хоцімскі Свята-Траецкі сабор – святыня, заснаваная ў другой палове XIX стагоддзя, уваходзіць у спіс рэспубліканскіх гісторыка-культурных помнікаў. У саборы праводзяцца богаслужэнні, свята званароў ды іншыя рэлігійна-асветніцкія мерапрыемствы.
Мінская вобласць
Мясціны, якія варта ўключыць у рэлігійныя маршруты па Мінскай вобласці:
Аграгарадок Будслаў – тут знаходзіцца касцёл, дзе захоўваецца цудадзейны абраз Божай Маці. Сотні пілігрымаў з Беларусі і іншых краін штогод збіраюцца тут, каб ушанаваць абраз і звярнуцца да нябеснай апякункі з агульнай малітвай.
Фарны касцёл у Нясвіжы – у царкве праводзяцца рэлігійныя абрады, богаслужэнні, а таксама турыстычныя экскурсіі.
Жаночы Свята-Елізавецінскі манастыр – дзейны манастыр, які вядзе дабрачынную і рэлігійна-асветніцкую дзейнасць.
Свята-Уваскрасенскі кафедральны сабор у Барысаве – маляўнічае архітэктурнае ўпрыгажэнне горада.
Асобнай увагі заслугоўваюць храмы сталіцы: касцёл святых Сымона і Алены, Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа, Траецкі касцёл, касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Немагчыма ў адным артыкуле пералічыць усе рэлігійныя святыні Беларусі, якія заслугоўваюць увагі. Калі вы хочаце бліжэй з імі пазнаёміцца – пачніце з самых вядомых і папулярных маршрутаў. Падарожнічайце самастойна, абірайце экскурсійныя туры, далучайцеся да паломніцкіх паездак. Вы прымеце ўдзел у богаслужэннях, атрымаеце духоўнае ўзбагачэнне і новыя веды пра культуру нашай краіны.