Пік магутнасці сям'і прыпаў на XVII стагоддзе – яе прадстаўнікі былі значнай вайсковай і палітычнай сілай, з якой даводзілася лічыцца нават каралю. З цягам часу, у выніку шляхецкай міжусобнай барацьбы і змены палітычнай сітуацыі, род Сапегаў аслабеў і страціў былую магутнасць. Да канца XVIII стагоддзя Сапегі былі пазбаўленыя сваіх уладанняў і прывілеяў. Аднак род Сапегаў да сённяшняга дня застаецца для беларусаў сімвалам багатай культурнай эліты, якая зрабіла важкі ўнёсак у развіццё краіны.

Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах

Гісторыя палаца ў Ружанах

Адзін з архітэктурных помнікаў, які захаваўся да нашых дзён і колісь належаў Сапегам, – Палацавы комплекс у Ружанах. Само мястэчка Ружаны, размешчанае на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці, згадваецца ў летапісах у канцы XV стагоддзя. У 1598 годзе яго ўласнікам стаў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, які адразу распачаў будаўніцтва замка. У 1602 годзе будаўніцтва было завершана. Рэзідэнцыя канцлера была манументальным абарончым збудаваннем з трыма вежамі. Яе планіроўка нагадвала Версальскі палац – рэзідэнцыю французскіх каралёў. Цэнтрам кампазіцыі быў крыжападобны палац з каменю. У яго цэнтральнай частцы размяшчаліся парадныя пакоі і вестыбюль, у бакавых частках – жылыя пакоі, бібліятэка і кабінет, у падвальных памяшканнях захоўваліся зброя, архіўныя дакументы, харчовыя прыпасы.

Доўгія гады палац Сапегаў адыгрываў вялікую ролю ў палітычным жыцці ВКЛ. Тут спыняліся найбагацейшыя людзі дзяржавы, ладзіліся важныя ўрачыстыя прыёмы, у рэзідэнцыі некалькі разоў сустракалі каралеўскіх асоб. Пэўны час у замку нават захоўваўся дзяржаўны скарб Вялікага княства. Ёсць падставы меркаваць, што менавіта ў Ружанскім палацы хаваўся Ілжэдзмітры I падчас падрыхтоўкі ўваходу войскаў Рэчы Паспалітай у Маскву.

Будынак атрымаў значныя пашкоджанні цягам войнаў з Расіяй і Швецыяй. У канцы XVIII стагоддзя замак быў перабудаваны прыдворным архітэктарам Я. Бекерам. Ён жа спраектаваў маляўнічы пейзажны парк вакол палаца. Гаспадаром маёнтка тады быў Аляксандр Міхаіла Сапега. Пры ім рэзідэнцыя з абарончага замка ператварылася ў свецкі палац у стылі класіцызму з элементамі барока. У будынку з'явілася карцінная галерэя, пачаў працаваць прыватны тэатр. Уязная брама, упрыгожаная геральдыкай сям’і, была падобная да трыўмфальнай аркі. У флігелях, якія прымыкалі да брамы, знаходзіліся ахова і княская канцылярыя. У бакавых карпусах палаца знаходзіліся галерэя, бібліятэка, тэатр. Рэзідэнцыя магнацкага роду яшчэ больш пачала нагадваць Версаль. Пра веліч будынка сведчаць нават руіны, якія захаваліся дагэтуль.

Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай род Сапегаў паступова страціў былую магутнасць. Палац здаваўся ў арэнду, у ім размяшчалася суконная вытворчасць. У пачатку XIX стагоддзя каштоўнасці, якія захоўваліся ў рэзідэнцыі, у тым ліку ўнікальная бібліятэка, былі канфіскаваныя расійскімі ўладамі і вывезены ў Маскву.

Пажары, якія адбыліся ў пачатку ХХ стагоддзя, і дзве сусветныя вайны канчаткова знішчылі маёнтак Сапегаў. Пасля перамогі над фашыстамі будынкі палацавага комплексу, якія захаваліся, былі закінутыя, мясцовыя жыхары паступова разбіралі сцены на гаспадарчыя патрэбы.

У 2008 годзе на тэрыторыі комплексу пачаліся раскопкі і рэстаўрацыйныя работы. Асновай для аднаўлення палацавага комплексу былі архіўныя планы Я. Бекера. Сёння рэстаўрацыя не скончана, але пра поўнае аднаўленне рэзідэнцыі Сапегаў гаворка не ідзе.

«Беларускі Версаль» сёння

На сённяшні дзень у былым маёнтку Сапегаў адноўленыя два флігелі і ўязная брама, распачалася рэстаўрацыя ўсходняга корпусу. На тэрыторыі палацавага комплексу функцыянуе музей, дзе працуюць экспазіцыі і выстаўкі, прысвечаныя роду Сапегаў і гісторыка-культурнай спадчыне Ружанаў. Сярод экспанатаў музея – гербавыя картушы, упрыгожванні, посуд, кнігі, малюнкі, манеты, мэбля і прадметы побыту XVII-XIX стагоддзяў. У старажытных інтэр'ерах XVII-XVIII стагоддзяў ладзяцца тэатралізаваныя прадстаўленні і гістарычныя рэканструкцыі. Ахвотныя могуць адзначыць тут вяселле ці іншае свята ў стылі сярэднявечча.

На тэрыторыі комплексу працуе сувенірная крама, у якой на памяць аб Ружанах можна набыць керамічныя, ільняныя, саламяныя вырабы беларускіх рамеснікаў.

Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах
Палац Сапегаў у Ружанах

Каб патрапіць у палац Сапегаў, трэба цягніком даехаць да Івацэвічаў, потым рэйсавым аўтобусам да Ружан. Калі дабірацца з Мінска на аўто, трэба ехаць па трасе Масква-Брэст да павароту на Івацэвічы, потым рухацца да паказальніка на Ружаны. Ружанскі палацавы комплекс працуе з серады па нядзелю, панядзелак і аўторак – выходныя дні.