Падарожжа па беларускіх мясцінах – гэта магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй краіны, паслухаць расповеды мясцовых жыхароў, адкрыць свет старажытных легенд і паданняў. Прапануем ТОП самых вядомых валуноў! Пункты іх размяшчэння дазваляюць скласці цікавы экскурсійны маршрут.

Вялікі (Вялізны, Чортаў) камень

Знаходзіцца ў Віцебскай вобласці каля вёскі Горкі. Мае даўжыню прыблізна 11 метраў, шырыню – больш за 5 метраў. Ахоўваецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" як помнік прыроды. Аднак і без гэтага статусу наўрад ці хтосьці паквапіцца на яго: глыба важыць каля 300 тон! Валун застаўся нам у спадчыну ад Паазёрскага зледзянення, прынесены, найверагодна, з тэрыторыі сучаснай Фінляндыі.

Мясцовыя жыхары расказваюць, што калісьці ля вёскі жылі чэрці. Нячысцікі забаўляліся, падманам прывабліваючы да каменя падвыпіўшых мужыкоў. Тыя прымалі валун за печ і клаліся спаць на каменную "ляжанку". А ўранку долга не маглі прыйсці ў сябе ад здзіўлення.

Вялікі (Вялізны, Чортаў) камень

Барысаў камень (Барыс Хлебнік)

Знойдзены ля вёскі Падкасцельцы, перавезены ў Полацк. Цяпер усталяваны каля Сафійскага сабора. Глыба з чырвонага палявога шпату важыць каля 70 тон, у абхваце дасягае 8 метраў.

Адметнасць гэтага каменя – загадкавыя петрогліфы. На ім выбіты шасціканцовы крыж, які выкарыстоўваўся ў рускай геральдыцы, і надпіс «ХС. Ника. ГИ помози рабу своему Борiсу».

Існуе некалькі версій з’яўлення гэтага надпісу. Па адной з іх петрогліфы загадаў выбіць князь Барыс, каб камяні, якія выкарыстоўваліся для язычніцкіх абрадаў, зрабіць божымі хрысціянскімі камянямі. Па другой, князь такім чынам прасіў у Госпада літасці ў сухі і неўраджайны год. Па трэцяй, ён проста імкнуўся да славы і вырашыў увекавечыць сваё імя.

Як бы там не было, дагэтуль існуе павер'е, што Барыс Хлебнік надзяляе моцным здароўем і выконвае запаветныя жаданні. Многія падарожнікі кажуць, што гэта праўда.

Барысаў камень (Барыс Хлебнік)

Камень кахання

Знаходзіцца ў Мінскай вобласці недалёка ад Заслаўля. Большая частка валуна хаваецца пад зямлёй, таму дакладная маса і памеры не вызначаны. Бачная частка мае каля 4,5 метры ўдоўжкі і 3,5 метры ўшыр.

Яго паходжанне дакладна не вядомае. Найверагодна, ён адкалоўся ад Фенаскандынаўскага шчыта і быў прынесены ледавіком. А вось прызначэнне, відавочна, было нейкім чынам звязанае з паганскімі абрадамі. Старажылы кажуць, што калі дакрануцца да валуна і добра папрасіць, ён дапаможа знайсці сваю другую палову.

Камень кахання

Варатышын крыж (Вілейскі камень)

Яшчэ адзін Барысаў камень. Знаходзіцца ў Вілейскім раёне побач з вёскай Камена, недалёка ад ракі Вілія. На трохметровай глыбе выбіты праваслаўны крыж і надпіс «ICXC НИКА».

Паводле народнай легенды, камень з’явіўся пасярод поля не выпадкова. Адзін з сялян, што жылі ў вёсцы, у дзень святой Пасхі ўзяўся араць поле, чым вельмі ўзлаваў Бога. Гасподзь у пакаранне ператварыў яго ў валун, каб іншыя не грашылі.

Ёсць і іншая байка. Людзі кажуць, што раней тут раптоўна з’яўляўся і бясследна знікаў залаты конь. У вёсцы пайшлі чуткі, што гэта прывід, які паказвае, што пад каменем схаваны вялізны залаты скарб. Два браты вырашылі праверыць і пачалі капаць зямлю, каб знайсці багацце і забраць сабе. Але золата яны не знайшлі, а камень часткова праваліўся ў зямлю.

Варатышын крыж (Вілейскі камень)

Волас-камень (Вяледнікаўскі валун, Бесаў камень)

У Мінскім раёне ля вёскі Крыжоўка знаходзіцца «сіні камень» з выдзеўбаным кубкам, падобным да вока. Над зямлёй уздымаецца толькі яго невялікая частка памерам прыкладна тры на паўтара метры.

Паводле наяўнай інфармацыі, камень быў паганскім свяцілішчам, дзе ўшаноўвалі «скотиего» бога Вялеса (па іншай версіі, Воласа), «адказнага» за жывёлагадоўлю, урадлівасць, мудрасць і багацце.

Камень дагэтуль «дзейнічае». На Масленіцу да яго з'язджаюцца людзі, якія шануюць язычніцкія традыцыі, каб адзначыць «Валоссе». У якасці паднашэнняў госці прывозяць бліны, мёд, квас. А наўзамен просяць шчасця, багацця, сямейнага дабрабыту.

Гэта толькі частка славутых валуноў Беларусі, усяго іх налічваецца больш за 50. Складзіце экскурсійны маршрут і пазнаёмцеся бліжэй з дзівоснымі падарункамі далёкага ледавіковага перыяду.

Волас-камень (Вяледнікаўскі валун, Бесаў камень)