Мы раскажам, на якія цікавыя месцы варта звярнуць увагу пры планаванні падарожжа па Лідскім раёне.

Ліда

Першы прыпынак – гэта, вядома, сам горад Ліда. Першая асацыяцыя з гэтым горадам, якая прыходзіць у галаву, – гэта Лідскі замак. Тут можна пабыць не толькі наведвальнікам, але і рыцарам, і лучнікам: у замку турысты б'юцца на мячах і страляюць з лука, што агортвае іх атмасферай Сярэднявечча.

Ліда

У цэнтры Ліды, побач з замкам, знаходзіцца Крыжаўзвіжанскі касцёл, пабудаваны ў стылі віленскага барока. Яго таксама называюць «фарным», то бок галоўным касцёлам горада. Таксама ўнікальным робіць гэты касцёл тое, што ён быў збудаваны ў 1765 годзе, перажыў дзве сусветныя войны і захаваўся. Варта таксама разгледзець Крыжаўзвіжанскі касцёл знутры: яго ўпрыгожваюць арнаментальная лепка, скульптуры ў стылі ракако і фрэскавы роспіс сцен.

Ліда

 

У падарожжы важна зрабіць памятныя фатаграфіі. А ў Лідзе ёсць скульптуры, з якімі немагчыма не сфатаграфавацца, – гэта «Камандзіраваны» і «Парыльшчык». Акрамя таго, папулярнасцю карыстаецца і «Бронзавы герб горада» – масіўная фігура льва, а таксама помнікі Францыску Скарыну і Адаму Міцкевічу.

Вавёрка

Пасля раённага цэнтра варта наведаць касцёл Перамянення Гасподняга ў Вавёрцы, вёсцы недалёка ад Ліды. У адрозненне ад Крыжаўзвіжанскага, гэты касцёл пераходзіў у розныя канфесіі: пабываў і каталіцкім, і кальвінісцкім, і праваслаўным. Ён нават быў разбураны і ў сучасным абліччы існуе з 1841 года. У храме ёсць арган, усталяваны там у 1936 годзе.

Тарнова

Працягваючы падарожжа па Лідскім раёне, варта зазірнуць у вёску Тарнова. Там турыстам будзе цікава паглядзець на дзве цікавосткі: сядзібу і ветраны млын. Сядзіба ў Тарнова – важны архітэктурны помнік ХІХ стагоддзя. Але, на жаль, захаваўся толькі яе знешні выгляд. Зараз гэта шматкватэрны дом, таму ўнутранае ўбранне сядзібы цалкам згублена.

Вятрак у Тарнова таксама, як і сядзіба, адносіцца да XIX стагоддзя і пабудаваны з каменя і цэглы. Драўляная частка млына згарэла, але сам будынак знаходзіцца ў выдатным стане.

Белагруда

Белагруда

Наступны пункт прызначэння – касцёл Святога Міхаіла Архангела ў вёсцы Белагруда. Чаму варта паглядзець на яшчэ адзін касцёл? Таму што ён злучыў у сабе некалькі стыляў: неагатычны, раманскі і мадэрн. Сам касцёл даволі вялікі і заўважны нават з суседніх вёсак. Ён знаходзіцца недалёка ад трасы Мінск-Гродна, таму турыстам будзе зручна па дарозе зазірнуць у вёску і паглядзець на такі велічны будынак.

Мажэйкава

Сядзібу ў стылі позняга класіцызму падарожнік знойдзе ў Мажэйкаве. Сама сядзіба і будынкі, якія ўваходзяць у яе склад, выдатна адрэстаўраваныя, але ўнутранае гістарычнае аблічча будынкаў не захавалася. Зараз сядзібны комплекс выконвае функцыю адміністрацыйных будынкаў. Таксама турысты могуць адпачыць на лавачках у парку, які часткова захаваўся з тых часоў.

Жырмуны

Жырмуны

Сканчаючы сваё падарожжа, турысты могуць паглядзець на руіны сядзібнага комплексу Радзівілаў у вёсцы Жырмуны. Гэты ўнікальны будынак быў пабудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя, але цяпер ад яго засталіся толькі некаторыя фрагменты бакавых карпусоў і ўязной брамы. Але тым не менш комплекс застаецца важнай славутасцю Беларусі.

Мы расказалі пра месцы Лідскага раёна, якія прывабліваюць падарожнікаў. Таму Вы можаце не сумнявацца, што Вам будзе цікава адкрываць для сябе Лідшчыну!