Краязнаўчы музей па праве лічыцца культурна-гістарычным цэнтрам асветы турыстаў і жыхароў Гарадоцкага раёна. Сховішча фондаў налічвае больш за 40 тыс. прадметаў, сабраных у 5 залах. Музейныя экспанаты расказваюць пра побыт і традыцыі, мясцовую прыроду і значныя гістарычныя падзеі.
Сабрана экспазіцыя, прысвечаная вядомым літаратарам, мастакам, навукоўцам і ваенным дзеячам – выхадцам гэтых месцаў. Сярод іх – паэт Канстанцін Вераніцын. Аўтар вядомай паэмы «Тарас на Парнасе» нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны. Паэт скончыў прыходскую школу ў Гарадку, вучыўся ў Віцебскай гімназіі, а далей атрымаў кваліфікацыю агранома ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце.
У этнаграфічнай і зале народнага рамяства акунаешся ў побыт сельскага жыцця мінулых стагоддзяў, знаёмішся з традыцыйнымі рамёствамі. Тут сабраны ганчарныя вырабы, прадметы з лазы і саломы, якія ярка характарызуюць уклад жыцця беларусаў.
Зала, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, распавядае пра гады ваеннага ліхалецця і аб вызваленні Гарадоцкага раёна. Сярод шматлікіх экспанатаў – фатаграфіі, дакументы, зброя і ўзнагароды, якіх былі ўдастоены савецкія воіны.
Экспазіцыя аддзела прыроды аформлена ў дзвюх залах: інфармацыйнай і дыярамнай. Інфармацыйная зала знаёміць з палеанталагічнымі экспанатамі, картай прыроднага асяроддзя, фотаздымкамі, а таксама Чырвонай кнігай Гарадоцкага рэгіёна. У гэтай зале таксама аформленыя тры дыярамы: «Дуброва. Дуб-волат», «Апакаліпсіс» і «Арлан-белахвост». Другая зала аддзела прыроды ўключае пяць дыярам: «Лес», «Верхавое балота», «Луг. Вадаём», «Птушкі на возеры», «Вадзяны арэх». У асобных вітрынах прадстаўлены каля 100 відаў насякомых.
А яшчэ ў музеі дапамогуць здзівіць імянінніка арыгінальным падарункам: тут можна замовіць копію мясцовай газеты, выпушчанай у дзень нараджэння. Для старэйшага пакалення такой газетай стане «Прамень камунізму» – артэфакт іх маладосці, а для народжаных пасля 1991-га года – «Гарадоцкі веснік». У фондах музея захоўваюцца выпускі раёнкі, пачынаючы з 1969 года.
Прыемным бонусам стане бясплатнае наведванне пастаянных экспазіцый музея ў апошнюю пятніцу месяца.