Гэтая скарбніца прыняла першых наведвальнікаў больш за стагоддзе таму і сёння налічвае больш за 170 тысяч музейных прадметаў у асноўным фондзе. Аматараў гісторыі чакаюць адразу чатыры пляцоўкі: Стары і Новы замкі, Музей гісторыі Гарадніцы, Музей Максіма Багдановіча. Усе разам яны падрабязна раскрываюць багатую гісторыю каралеўскага горада і Беларусі.
Стары замак узвышаецца над Нёманам. Аб'ект узведзены ў часы Стэфана Баторыя на месцы старажытнага ўмацавання, збудаванага Вітаўтам. Гэта адзіны каралеўскі замак, што захаваўся на беларускай зямлі.
Маштабная рэстаўрацыя помніка разгарнулася ў 2017-м. Фрэскі, вітражы, дубовыя панэлі, каваныя ўпрыгажэнні — спецыялісты старанна працавалі над аднаўленнем раскошных інтэр'ераў. Найбольш багаты дэкор у Алебастравай зале, якая служыла месцам адпачынку караля.
У адноўленым замку ўжо некалькі гадоў працуе экспазіцыя, якая прысвечана гісторыі Замкавай гары, жыццю гараджан у ХІ–ХІІІ стагоддзях, ролі Стэфана Баторыя ў лёсе нашага краю. Увазе наведвальнікаў — шматлікія археалагічныя знаходкі. Гэта зброя і рыштунак, прылады працы і прадметы побыту, матэрыялы для будаўніцтва. Прадстаўлены сапраўды ўнікальныя артэфакты. Да іх можна аднесці старадаўнія шахматныя фігуры, гарматы і ядры, пярсцёнак з золата, цэгла з гербам Гедымінавічаў. Багатая экспазіцыя напоўнена і сучаснымі тэхналогіямі. Вывучаць гісторыю Гродна яшчэ больш займальна з дапамогай інтэрактыўных вітрын і сэнсорных экранаў. Яны нібы ажыўляюць старажытныя прадметы.
У адной з замкавых залаў можна паспрабаваць сябе ў ролі друкара. Падчас майстар-класа вас пазнаёмяць з працэсам стварэння гравюры ад падрыхтоўкі формы да атрымання адбітка. У якасці сувеніра вам застануцца зробленыя сваімі рукамі гравюры з відамі горада і яго гербам.
Новы замак пабудаваны ў эпоху Аўгуста ІІ Моцнага ў якасці летняй рэзідэнцыі караля і месца для правядзення соймаў. Помнік перажыў шмат пераўтварэнняў. У нашы дні старая планіроўка часткова захавана. У гістарычных памяшканнях размешчаны экспазіцыі, прысвечаныя лёсу замка, старажытным помнікам Прынёманскай зямлі, сакральнаму мастацтву, зброі, розным перыядам мінулага і прыродзе Гродзеншчыны.
Не засумуюць і юныя наведвальнікі музея. Для розных узроставых груп падрыхтаваны займальныя квэсты па экспазіцыях. Яны дапамогуць у цікавай форме пазнаёміцца з найбольш важнымі падзеямі і асобамі беларускай гісторыі. Таксама дзяцей запрашаюць на батлеечныя пастаноўкі на рэлігійныя і гістарычныя тэмы. Напрыклад, адзін са спектакляў заснаваны на легендзе пра святога Губерта, якога здаўна шанавалі жыхары Гродна.
Дарэчы, наведаць пастаянныя і часовыя экспазіцыі можна бясплатна — у апошні аўторак месяца. Акрамя таго, школьнікам, а таксама навучэнцам прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў у апошнюю сераду месяца правядуць бясплатную экскурсію. Але для гэтага трэба папярэдне запісацца.
Музей Максіма Багдановіча размясціўся ў доме, дзе некаторы час жыла сям'я паэта. Тут прайшлі дзіцячыя гады будучага класіка. Экспазіцыя распавядае пра гродзенскі перыяд Багдановічаў і пра развіццё беларускай літаратуры ў ХІХ і ХХ стагоддзях. Асаблівая атмасфера захавана ў мемарыяльных пакоях: кабінеце бацькі Адама Ягоравіча, гасцёўні, жаночай і дзіцячай. Гонар музея — асабістыя рэчы Максіма і яго першая фатаграфія, арыгінальнае выданне зборніка «Вянок», кнігі і рукапісы.
Музей гісторыі Гарадніцы размешчаны ў адзіным з 20 дамоў, пабудаваных у XVIII стагоддзі для замежных майстроў. У экспазіцыі адлюстравана дзейнасць Антонія Тызенгаўза. Гэты вядомы рэфарматар ператварыў былое сяло Гарадніца ў перадавы гарадскі раён. У музеі паказаны макет, па якім можна ацаніць маштаб пераўвасаблення: па найноўшых метадах таго часу ўзведзены цэлы ансамбль з вытворчых, жылых, адміністрацыйных і культурных будынкаў. Тканіны, паясы, келіхі — у экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя ўзоры прадукцыі гродзенскіх мануфактур.