У XVIII стагоддзі паселішча належала вядомаму кампазітару Міхаілу Клеафасу Агінскаму. Пазней Агінскі прадаў Моладава дынастыі Скірмунтаў, якая адыграла важную ролю ў развіцці мястэчка, ператварыла яго ў культурны і эканамічны цэнтр рэгіёна.

Спадчына Скірмунтаў: палацавы ансамбль і капліца ў Моладаве

Брэсцкі маршалак Сымон Скірмунт зрабіў Моладава сямейнай рэзідэнцыяй, якая потым пераходзіла па спадчыне яго нашчадкам. Да заможнага роду Скірмунтаў з павагай ставіліся ў грамадстве. Яго прадстаўнікі былі паспяховымі прадпрымальнікамі, святарамі, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі.

Скірмунты пабудавалі ў Моладаве палацава-паркавы ансамбль у стылі ампір, які захапляў гасцей маёнтка веліччу і прыгажосцю. Будаўніцтва было завершана ў 1798 годзе. Пакоі былі абстаўлены шыкоўнай мэбляй, на сценах віселі велізарныя габелены, працы знакамітых еўрапейскіх мастакоў і партрэты прадстаўнікоў роду Скірмунтаў. Вакол рэзідэнцыі быў створаны маляўнічы англійскі парк з рэдкімі раслінамі.

Спадчына Скірмунтаў: палацавы ансамбль і капліца ў Моладаве

Побач з палацам у 1905-1907 гадах была пабудавана каплічка-ратонда ў класічным стылі, якая стала сямейнай пахавальняй Скірмунтаў. Над праектам працаваў віленскі архітэктар Т. Раствароўскі. Каплічка была купальным будынкам, аздобленым ляпнінай і дэкаратыўнымі элементамі. Падлога была выкладзена белым і чырвоным мармурам, светлыя сцены надавалі адчуванне прастору, жоўтыя аконныя вітражы стваралі ілюзію сонечнага святла, якое бесперапынна ліецца з неба. Каплічка стала часткай моладаўскага архітэктурнага ансамбля, які ўражваў сучаснікаў прыгажосцю ўбрання і дасканаласцю форм. Гаспадары маёнтка нярэдка сустракалі вядомых гасцей, у тым ліку пісьменніцу Элізу Ажэшка.

Першая сусветная вайна парушыла размеранае жыццё ў маёнтку Скірмунтаў. Лінія фронту прайшла каля Моладава, таму частка будынкаў была знішчана падчас баявых дзеянняў. Пасля вайны сям'я Скірмунтаў намагалася аднавіць маёнтак, але Другая сусветная вайна прынесла новыя беды. Фашысцкія войскі акупіравалі вёску, сям'ю Рамана Скірмунта забілі, а маёнтак знішчылі.

Спадчына Скірмунтаў: палацавы ансамбль і капліца ў Моладаве

Уявіць, як выглядаў палацавы комплекс Скірмунтаў, можна толькі па фотаздымках і працах Напалеона Орды. Адзіным будынкам комплексу, які захаваўся па сённяшні дзень, стала капліца-ратонда. Захавалася большая частка вонкавага дэкору і элементаў інтэр'ера, кафлянае пакрыццё падлогі засталося непашкоджаным. У 60-х гадах капліцу апаганілі і спалілі пахаванні, якія захоўваліся ў яе сценах.

У пачатку 2000-х капліца Скірмунтаў набыла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У 2017 годзе пачалася рэстаўрацыя будынка. У першую чаргу аднавілі складаную дахавую сістэму і купал ратонды. Праз недахоп фінансавання рэстаўрацыйныя работы расцягнуліся на гады, працэс дагэтуль не завершаны. У планах рэстаўратараў - вярнуць будынку былую прыгажосць і аднавіць знадворнае і ўнутранае ўбранне капліцы Скірмунтаў.

Спадчына Скірмунтаў: палацавы ансамбль і капліца ў Моладаве