Папярэднікамі слуцкіх паясоў былі персідскія паясы, прывезеныя ў Рэч Паспалітую з Асманскай імперыі. Беларускія майстры перанялі ўсходнюю тэхніку ткацтва і неўзабаве на тэрыторыі нашай краіны пачалі дзейнічаць мануфактуры, дзе выраблялі шыкоўныя паясы. Адна з найбуйнейшых мануфактур знаходзілася ў Слуцку. Яе ўласнікам быў літоўскі гетман Міхал Радзівіл. Для навучання мясцовых ткачоў у слуцкую персіярню быў запрошаны турэцкі рамеснік армянскага паходжання Аванес Маджаранц. Маджаранц крыху перапрацаваў традыцыйны персідскі пояс: зрабіў яго вузейшым, карацейшым, скараціў колькасць арнаментальных матываў.
Паступова ўсходнія узоры на паясах былі заменены дэкорам, характэрным для славянскай культуры. Слуцкія майстры пачалі выкарыстоўваць для афармлення раслінны арнамент з выявамі мясцовых траў, кветак і дрэў. На паясах з’яўляліся рамонкі, валошкі, дубовыя і кляновыя лісты. Слуцкія паясы з прадмета мужчынскага гардэробу ператварыліся ў сапраўдны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вырабам слуцкіх паясоў займаліся выключна мужчыны. Лічылася, што шоўкавыя ніці робяцца бляклымі ад дотыку жаночых рук. Акрамя таго праца за ткацкім станком вымагала добрай фізічнай падрыхтоўкі. Жанчыны ўдзельнічалі ў вытворчасці толькі як памагатыя.
З цягам часу мануфактуры, дзе выраблялі аналагі слуцкіх паясоў, з’явіліся ў Нясвіжы, Слоніме, Шклове, Кракаве, Гданьску, Варшаве, французскім Ліёне і іншых гарадах. Слуцкая мануфактура, каб падкрэсліць арыгінальнасць сваіх вырабаў, пачала змяшчаць на паясах пазнаку пра тое, што яны зроблены ў Слуцку.
Гэты элемент шляхецкага мужчынскага адзення ўяўляе з сябе адрэзак тканіны даўжынёй да чатырох метраў і шырынёй 30-50 см, сатканы з шоўкавых ніцей, з дадаткам золата або срэбра. Адзін пояс мог утрымліваць да двухсот грам каштоўных металаў. На краях вырабы ўпрыгожваліся ўзорнай аблямоўкай, на канцах – складаным раслінным арнаментам, часам – махрамі. Паясы маглі быць аднабаковымі (са зваротным бокам), двух-, трох- і чатырохбаковымі (без зваротнага боку).Чым больш бакоў, тым даражэйшым быў выраб.
Паясы надзявалі на кунтуш – верхняе адзенне. Яны выкарыстоўваліся як элемент упрыгажэння, а таксама мелі практычнае прызначэнне – падтрымлівалі кунтуш, фіксавалі халодную зброю.
Нашэнне слуцкіх паясоў мела свае правілы:
Дазволіць сабе такі набытак маглі толькі заможныя мужчыны, таму слуцкія паясы былі сімвалам высокага статусу, багацця, прыналежнасці да вышэйшага саслоўя.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ва Усходняй Еўропе пачала пашырацца французская мода і слуцкія паясы паступова страцілі актуальнасць. А пасля паўстання 1830-31 гадоў расійскія ўлады наогул увялі забарону на шляхецкія касцюмы. Прадстаўнікі шляхты хавалі паясы ў скрыні, ахвяравалі храмам, палілі, каб атрымаць з іх срэбра або золата.
У 1848 годзе слуцкую мануфактуру зачынілі, вытворчасць паясоў была спынена. Тэхналогія ткацтва лічылася страчанай, а самі паясы сталі прадметам зацікаўлення музеяў і прыватных калекцыянераў.
У 2012 годзе беларуская дзяржава прыняла рашэнне адрадзіць тэхналогію вытворчасці паясоў. На слуцкай тэкстыльнай фабрыцы арганізавалі вытворчасць копій знакамітых паясоў. Для гэтага ў Германіі замовілі эксклюзіўны ткацкі станок, аналагаў якому няма ў свеце. Сучасныя вытворчыя і камп'ютарныя тэхналогіі спрасцілі працу ткачоў, але выраб паясоў усё яшчэ застаецца справай карпатлівай. Каб зрабіць адзін пояс патрэбна каля 60 гадзін бесперапыннай працы.
Паясы вырабляюцца па індывідуальных замовах, кошт аднаго экземпляра можа дасягаць 1 – 5 тысяч даляраў. Выніковы кошт залежыць ад памеру пояса і вагі каштоўных металаў, якія спатрэбіліся для шыцця.
На прадпрыемстве "Слуцкія паясы" працуе музей, дзе знаходзяцца арыгінальныя вырабы XVIII стагоддзя, іх фрагменты і копіі. У музеі можна даведацца пра гісторыю стварэння слуцкіх паясоў, а таксама пабачыць, як працуе ткацкі станок.
Асобная зала музея прысвечана аднаўленню фрагмента інтэр'ераў Нясвіжскага замка – рэзідэнцыі роду Радзівілаў. У свой час у Нясвіжскім замку захоўвалася самая вялікая калекцыя слуцкіх паясоў. Перад Другой сусветнай вайной яна была перададзена Беларускай карціннай галерэі, але ў час вайны паясы зніклі без следу. Мяркуецца, што на сённяшні дзень у свеце захавалася каля 1000 арыгінальных слуцкіх паясоў. З іх толькі 11 знаходзіцца ў беларускіх музеях. Астатнія захоўваюцца ў музеях суседніх краін: Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы, а таксама ў прыватных калекцыянераў.