У Беларусі шануюць традыцыі і звычаі продкаў. Многія рытуалы дайшлі да нашых часоў толькі ў вуснай форме, але не страцілі свайго сапраўднага значэння. Таму кожны год Іванаў дзень лічыцца самым любімым летнім святам, пасля якога дзень ідзе на змяншэнне, а ночы становяцца даўжэй.
На тэрыторыі найстарэйшага запаведніка Еўропы свята праводзiцца з 2021 года. Народныя гулянні з кожным годам набываюць усё большую колькасць прыхільнікаў. Бо гэта не проста маштабнае мерапрыемства – гэта загадкавы вечар, поўны містычных абрадаў.
Купала – свята беларускага этнасу, якое адносіцца да такой глыбокай старажытнасці, пра якую падрабязна не могуць расказаць нават археолагі. Найбольш архаічныя традыцыі яго святкавання захаваліся толькі ў Беларусі. Мінулі стагоддзі, але ў беларускіх вёсках Купальская ноч па-ранейшаму мае статус самага шануемага народнага свята.
З самай раніцы дзяўчаты збіраюць кветкі і травы. І абавязкова спяваюць, бо песні надаюць травам магічную сілу. З гэтых збораў гатуюць лячэбныя адвары. А яшчэ з дзікіх траў плятуць вянкі, якія апускаюць на ваду, каб даведацца пра свой лёс.
Не менш важны элемент свята – вогнішча. Па традыцыі яго распальваюць шляхам трэння палачак і лічаць ачышчальным. У ім спальваюць старыя рэчы, праз яго скачуць парамі, вакол яго танцуюць і спяваюць.
З-за ганенняў царквы паганскае свята летняга сонцастаяння прымеркавалі да нараджэння Іаана Прадцечы – прарока, які прадказаў прышэсце Ісуса Хрыста, якога ён пазней хрысціў у водах Іардана.
Мала хто ведае, але існаваў яшчэ адзін абрад – Купальскае дрэўца. Для яго правядзення выбіралі маладое дрэўца, упрыгожвалі вянкамі, кветкамі, стужкамі. Затым выносілі за межы вёскі, утыкалі ў зямлю і вадзілі вакол яго карагоды, падчас якіх хлопцы спрабавалі яго скрасці, а дзяўчаты абаранялі. Удосталь найграўшыся, купайлу, так называлі дрэўца, спальвалі ў вогнішчы або тапілі ў рацэ.
Сёлета «Вечар на Івана Купалу ў Белавежскай пушчы» сабраў сотні чалавек. Гасцей вучылі плесці вянкі і праводзілі майстар-класы па вырабе незвычайных лялек-матанак, гатавалі шашлыкі з дзічыны на вогнішчы і румяныя бліны з рознымі начынкамі, частавалі праснаком, распавядалі пра гаючыя ўласцівасці раслін і паілі травянымі чаямі.
Вечар завяршыўся песнямі і карагодам вакол вялікага вогнішча, вянкі апусцілі ў ваду, а самыя смелыя адправіліся шукаць «папараць-кветку». Па легендзе яна зацвітае на некалькі імгненняў толькі ў гэтую ноч. Той, хто знойдзе, будзе разумець мову звяроў і птушак, чытаць думкі, кіраваць вадой, агнём і нячыстай сілай.