Сувеніры, прадметы дэкору, мастацкія вырабы з саломы не маюць аналагаў у свеце і атаясамліваюцца з нашай краінай.

Традыцыі саломапляцення сягаюць кранямі ў глыбокую старажытнасць, калі нашы прадзеды шанавалі культ хлеба і ўрадлівасці, а ў гаспадарцы выкарыстоўвалі любы дарэчны прыродны матэрыял. Салому клалі жывёлам у хлеў, выкарыстоўвалі ў якасці ложка, накрывалі дахі дамоў, уцяплялі жытло, майстравалі з яе цацкі, посуд, упрыгажэнні. Беларусы надзялялі салому сакральнымі ўласцівасцямі: апошні сноп, звезены з поля, захоўвалі ў доме да новага ураджаю як сімвал урадлівасці і дабрабыту.

Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі

Лічыцца, што саломапляценне ўзнікла на тэрыторыі Беларусі на мяжы II-I тысячагоддзяў да нашай эры. Для пляцення выкарыстоўвалі пераважна жытнюю салому: з усіх злакавых раслiн сцябло жыта самае доўгае і трывалае. Салому збіралі рукамі, сушылі, потым, каб дадаць матэрыялу розныя адценні, вымочвалі ў гарачай вадзе з дадаткам натуральных фарбавальнікаў: шалупіння цыбулі, шышак, кары дрэў. З саломы рабілі аксесуары, галаўныя ўборы, упрыгажэнні для дому, сувеніры, прадметы побыту, абярэгі.

Адным з самых таямнічых саламяных абярэгаў з'яўляецца павук – ажурная падвясная канструкцыя з саламяных трубачак, якую вешалі ў чырвоны кут, над парогам, над дзіцячай калыскай і ў іншых месцах, якія лічыліся ўразлівымі для злых сілаў. Павука плялі напярэдадні Каляд. Ён вісеў ў доме ўвесь год, абараняў сям'ю ад няшчасцяў. Напрыканцы года абярэг спальвалі і на яго месца вешалі новы.

Цягам стагоддзяў беларусы перадавалі традыцыі саломапляцення з пакалення ў пакаленне. Народныя майстры рупліва захоўвалі ўнікальныя прыёмы, навучалі рамяству сваіх паслядоўнікаў.

Існавалі чатыры асноўныя тэхнікі саломапляцення:

  • спіральная – самая пашыраная, яе выкарыстоўвалі для вырабу вулляў, прадметаў мэблі, рэчаў для захоўвання прадуктаў, скрыняў для адзення;
  • аб'ёмныя пляцёнкі – гэту тэхніку выкарыстоўвалі для вытворчасці дэкаратыўных прадметаў, а таксама для афармлення царкоўных інтэр'ераў.
  • простая;
  • плоская.

Два апошнія тэхнікі выкарыстоўваліся для пляцення кошыкаў, капелюшоў, невялікіх скрыначак.

Інкрустацыя саломкай выкарыстоўвалася для ўпрыгожвання скрыначак, велікодных яек. Для інкрустацыі матэрыял наразалі дробнымі геаметрычнымі фігуркамі, наклейвалі на паверхню, потым пакрывалі лакам.

Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі
Саломапляценне ў Беларусі

На мяжы XVIII-XIX стагоддзяў на Палессі сфарміравалася свая ўнікальная школа стварэння царскіх брамаў – элементаў саламяных іканастасаў, якія ставілі ў храмах. Залацістае адценне саломы выглядала багата і святочна, таму матэрыял добра пасаваў для афармлення царкоўных інтэр'ераў. Палескія саламяныя іканастасы, датаваныя пачаткам XIX стагоддзя, можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі і гісторыка-археалагічным музеі ў Гродна.

Саломапляценне атрымала пашырэнне ў другой палове XX стагоддзя. Саламяныя вырабы – капелюшы, вазы, скрыначкі, кошыкі, цукерніцы, дэкаратыўныя пано былі папулярныя як сярод сельскіх жыхароў, так і сярод гараджан.

У Магілёве, Чачэрску і Брэсце былі адчынены фабрыкі, дзе выраблялі розныя рэчы з саломы. Сярод майстроў з'явіліся яскравыя імёны: Вера Гаўрылюк, Тамара Паўлоўская, Ларыса Лось. Гэтыя майстры ўзбагацілі традыцыйнае рамяство новымі выразнымі прыёмамі і зрабілі значны ўнёсак у папулярызацыю саломапляцення.

Традыцыі саломапляцення захоўваюцца ў Беларусі дагэтуль. Дэкаратыўныя вырабы з саломы можна набыць на кірмашах, выставах, у сувенірных крамах і вялікіх гандлёвых цэнтрах краіны. Калекцыі саламяных мастацкіх вырабаў захоўваюцца ў найбуйнейшых беларускіх музеях.

Каб падтрымліваць цікавасць да гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларусі рэгулярна праводзяцца выставы, арганізуюцца майстар-класы, дзейнічаюць вучэбныя гурткі па саломапляценні.