Рака Нёман падзяляе населены пункт на дзве часткі. Доўгі час адзінай магчымасцю пераправіцца на процілеглы бераг для мясцовых жыхароў былі лодкі і пантонны мост. Гэта было не зусім зручна. Лодкі – не самы бяспечны від транспарту. А пантонны мост увесну неаднойчы зносіў крыгаход. Мастаўчанам даводзілася выклікаць сапёраў, якія ўзрывалі лёд на рацэ.

Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман

На пачатку 70-х гадоў было прынята рашэнне пабудаваць над Нёманам стацыянарную канструкцыю – вісячы мост. Ініцыятарам праекта выступіў дырэктар мясцовага дрэваапрацоўчага прадпрыемства Я. Радкевіч.

Узімку 1973 года новы мост быў сабраны і ўсталяваны, а ў канцы красавіка ўведзены ў эксплуатацыю. Яго працягласць склала 193 метра, шырыня пешаходнай часткі – паўтара метра. Новы мост не толькі спрасціў жыццё мастаўчанам, але і стаў мясцовай славутасцю. Гэта адзіны вісячы мост такой даўжыні ў Беларусі. Да таго ж з яго адкрываецца дзівосны від на Нёман – адну з самых вялікіх і прыгожых рэк нашай краіны.

Як і ўсе вісячыя масты, канструкцыя мае ўласцівасць калыхацца. Аднак яна надзейная і трывалая – пра гэта паклапаціліся будаўнікі і інжынеры. Жыхары горада без турбот перамяшчаюцца па мосце пешкі, на роварах, на самакатах. Ля ўваходу на мост знаходзіцца валун, на якім змешчана інфармацыя пра гісторыю мастоўскай славутасці.

На пачатку 90-х мясцовыя ўлады правялі рэканструкцыю аб'екта – мост умацавалі, абнавілі трасы і парэнчы, замянілі драўляны насціл. Пазней збудаванне зведала яшчэ дзве рэканструкцыі.

Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман
Вісячы мост праз Нёман

Мастаўчане і госці горада з задавальненнем гуляюць па мосце цераз Нёман у любую пару года, фатаграфуюцца, аглядаюць маляўнічыя ваколіцы. Побач з мастом знаходзіцца прыгожы парк з хвойнымі дрэвамі, дзіцячая пляцоўка, кафэ.

Адлегласць ад Мінска да Мастоў складае 250 кіламетраў. Дабрацца да раённага цэнтра можна цягніком, маршруткай ці на асабістым аўтамабілі. Знайсці саму славутасць даволі проста – у горадзе ёсць указальнікі, якія падказваюць падарожнікам верны кірунак.