Першыя згадкі пра Мінск датуюцца 1067 годам і тычацца бітвы на рацэ Нямізе. Але шматлікія археалагічныя знаходкі ХХ стагоддзя сведчаць пра тое, што горад спачатку з’явіўся на рацэ Менцы, пры ўтоку ў яе ручая Дуная. Цяпер Менка сама ператварылася ў невялікі ручай шырынёй не больш за паўтара метра. Але ў IX стагоддзі гэта была паўнавартасная судаходная рака, на беразе якой уздымалася гарадзішча. Вакол яго былі сканцэнтраваны паселішчы. Цяпер тут знаходзіцца вёска, якая так і завецца – Гарадзішча. У ваколіцах вёскі археолагі знайшлі ўпрыгажэнні, зліткі каляровых металаў, керамічныя вырабы, гузікі, паясныя накладкі, рэшткі посуду і зброі, манеты, датаваныя IX стагоддзем. Знаходкі дазваляюць меркаваць, што ў IX-XI стагоддзях тут бруіла жыццё: ішоў гандаль, працавалі рамеснікі, па Менцы хадзілі гандлёвыя судны.
Непасрэдна старажытнае гарадзішча займала невялікую плошчу. Але гэта была толькі цэнтральная частка паселішча. Жылыя дамы гараджан размяшчаліся па ўсёй тэрыторыі сучаснай вёскі Гарадзішча. Гэта быў паўнавартасны горад, акружаны землянымі ўмацаваннямі і высокімі мурамі. Ён займаў каля 40 гектараў і быў на той час самым вялікім раннефеадальным паселішчам на абсягах сучаснай Беларусі.
У XI стагоддзі Мінск быў перанесены на месца ля сутоку рэк Свіслачы і Нямігі. Існуюць розныя версіі, чаму гэта адбылося. Паводле найбольш пашыранай з іх, у 1067 годзе Менск, які тады ўваходзіў у склад Полацкага княства, быў захоплены і спалены войскамі кіеўскіх князёў – братоў Яраславічаў. Пасля гэтай падзеі было вырашана перанесці горад у больш умацаванае месца.
Пасля пераносу Менска на Нямігу бераг Менкі перастаў быць цэнтрам вялікага паселішча, але не апусцеў цалкам. Археалагічныя раскопкі сведчаць, што жыццё тут працягвалася. З летапісаў вядома, што ў XVI стагоддзі на гэтым месцы зноў паўстала вялікае паселішча, якое мела назву Гарадзішча.
Цяпер Менскаму гарадзішчу нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. На яго тэрыторыі можна пабачыць замчышча, акружанае тысячагадовымі землянымі ўмацаваннямі, якія захаваліся да нашага часу. Гэтыя пагоркі не прыродныя, а створаныя рукамі чалавека: у аснове земляных валоў знаходзяцца дубовыя зрубы. На адным з пагоркаў месціцца аглядная пляцоўка, стоячы на якой можна ўявіць, якім быў Мінск у канцы X – пачатку XI стагоддзя.
У цэнтры замчышча знаходзіцца памятны валун, закладзены ў гонар заснавання горада. Надпіс на ім гаворыць, што менавіта тут у X стагоддзі зараджаўся Мінск. На тэрыторыі замчышча ўсталяваны стэнды, якія дазваляюць атрымаць інфармацыю пра гісторыю гэтага месца.
У 2020 годзе недалёка ад Менскага замчышча была адчынена сядзіба-музей «Стары Менск». Экспазіцыя музея прадстаўлена гістарычнымі артэфактамі X-XI стагоддзяў, знойдзенымі падчас археалагічных раскопак. Некаторыя старажытнасці былі знойдзены літаральна пад сценамі музея! Сярод цікавых экспанатаў можна вылучыць:
Каб прайсціся па зямлі, дзе калісьці хадзіў Усяслаў Чарадзей, і пабачыць месца, дзе зараджалася наша сталіца, трэба дабрацца да вёскі Гарадзішча па аўтамабільнай дарозе H8931. З Мінска сюды таксама рэгулярна ходзяць аўтобусы і маршруткі.