Галоўны і відавочны плюс такога захаплення – магчымасць дакрануцца да прыроды, не прыносячы ёй шкоды. Асноўныя аб'екты для фотапалявання – дзікія звяры, птушкі, рэптыліі, якія прывыклі хавацца ад чалавека. Фотатуры дазволяць вам зрабіць унікальныя фотаздымкі прадстаўнікоў фаўны ў асяроддзі іх пражывання.
Багаты на прыгожыя кадры турыстычны комплекс «Чырвоны бор» у Верхнядзвінскім раёне, што на Віцебшчыне. Разам з дасведчаным біёлагам-паляўніцтвазнаўцам вы зможаце акунуцца ў свет дзікай прыроды. Звычайна гэты фотатур праходзіць у складзе невялікай групы людзей на аўтамабілях з павышанай праходнасцю.
Вышкі, буданы і іншыя абсталяваныя прыстасаванні створаны спецыяльна для таго, каб аматары фотапалявання змаглі адлюстраваць на ўнікальных кадрах зубра, глушца, аленя, лісу і нават ваўка.
Парадуе аматараў фотапалявання і заказнік «Выганашчанскае» ў Брэсцкай вобласці.
Тут жыве 58 відаў млекакормячых і 221 від птушак, таму, разам з фотапаляваннем, арганізаваны арніталагічны маршрут даўжынёй 40 км, які пачынаецца ў Целяханах.
Назіранне за фаўнай праводзіцца са спецыяльна абсталяваных месцаў і наглядальных вышак у суправаджэнні спецыяліста заказніка.
Паміж азёрамі Выганашчанскае і Бабровіцкае вы знойдзеце не толькі шырока распаўсюджаных вадаплаўных птушак, але і больш рэдкіх драпежных (арлан-белахвост, вялікі арлец і інш.). У фотааб'ектыў паляўнічага могуць трапіць няясыць, пугач, балотная сава, шэры журавель, глушэц, лось, алень, бабёр, рысь і іншыя прадстаўнікі жывёльнага свету.
Заказнік «Налібоцкі» адыгрывае важную ролю ў захаванні рэдкіх і знікаючых відаў жывёл. Гэтая маляўнічая лакацыя – выдатны варыянт для фотапалявання.
Тут жывуць чырванакніжныя жывёлы: арэшнікавая соня, барсук, еўрапейская рысь і адна з самых буйных на тэрыторыі Беларусі папуляцый зубра (каля 90 асобін).
Акрамя магутных зуброў, капытныя прадстаўлены кабаном, казуляй, ласём і высакародным аленем. Жывуць тут і драпежнікі: буры мядзведзь, воўк і ліса. У заказніку вы зможаце зрабіць унікальныя кадры чорнага бусла, пугача і вераб'інага сычыка.
Заказнік прапануе паслугі фотапалявання на глушцоў, лася, аленя падчас гону і іншых жывёл. На маршруце вас будзе суправаджаць егер.
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры» на Гродзеншчыне – маляўнічае месца для фотапалявання. Акрамя выдатных пейзажаў, тут вы зробіце ўнікальныя кадры з зубрам. Такая сустрэча з чалавекам гэтых волатаў даўно не палохае. Напэўна, таму кадры са статкам зуброў вы дакладна прывязеце з сабой з такой вандроўкі. А яшчэ ў заказніку можна сустрэць барсука, еўрапейскую рысь, высакароднага аленя, казулю, дзіка, лася, вавёрку, зайца і лісіцу.
Заказнік славіцца сваім арніталагічным запасам. На азёрах гняздуюцца калоніі азёрных чаек, у сезон шмат качак і гусей. Сустракаюцца і больш рэдкія іх прадстаўнікі — шэрашчокая паганка, чаротаўка, шэры журавель, беркут і інш.
Заказнік «Азёры» прадастаўляе паслугу фотапалявання з суправаджэннем. На тэрыторыі абсталяваны месцы адпачынку і стаянкі для самастойнага турызму. Распрацаваны маршруты і экскурсіі, а таксама праводзіцца сафары-тур на джыпах.
Яшчэ адна цудоўная лакацыя для фатографаў — Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Адлюстраваць дзікую прыроду на здымках можна ў рамках фотатура «Свет дзікай прыроды». У суправаджэнні гіда можна адправіцца на ранішні або вячэрні фотатур.
Паверце, з пушчы выехаць без здымкаў у вас не атрымаецца: дасведчаны гід правядзе вас на досвітку і да высакародных аленяў каля крынічных водаў, і да магутных зуброў у промнях заходзячага сонца, не кажучы ўжо аб астатнім жывёльным свеце запаведніка. Галоўнае — узброіцца тэхнікай з добрым фотааб'ектывам. А таксама не забыцца апрануцца ў зручную вопратку і засцерагчы сябе ад вільгаці і холаду.
Доўгі час Альманскія балоты былі паляўнічымі ўладаннямі Радзівілаў. Сёння заказнік мае статус міжнароднага значэння. На яго тэрыторыі жыве вялікая разнастайнасць жывёл і птушак. Асаблівую ролю Альманскія балоты адыгрываюць у захаванні самай вялікай у Беларусі папуляцыі вялікага падорліка. Акрамя гэтага, экатурысту могуць сустрэцца іншыя птушкі: вялікі краншнэп, шэры журавель, змеяед, чорны бусел, глушэц і інш.
Тут арганізавана экасцежка «Альманскія балоты» працягласцю 1,5 км з вышкамі і выхадам да возера. А для аматараў экстрэмальных тураў распрацаваны маршруты па цяжкапраходнай багне балот.
На тэрыторыі заказніка паслугі фотапалявання, а таксама пражывання з паўнавартасным адпачынкам, прапануе турыстычны комплекс «Віла Льва». Менавіта сюды арнітолагі з усёй Беларусі прыязджаюць назіраць за птушкамі.