Давайце прыадчынім заслону таямніцы і даведаемся ўсё пра ТОП-7 незвычайных гарадзішчаў Беларусі са старажытнай гісторыяй і ўражваючымі археалагічнымі знаходкамі.
На Брэстчыне ўнікальным з'яўляецца Давыд-Гарадок, названы ў гонар заснавальніка – князя Давыда Ігаравіча. Замак тут узнік яшчэ ў канцы XI – пачатку XII стагоддзя. Спачатку навакольнымі паселішчамі кіравалі з Кіева. Пазней горад перайшоў ва ўпраўленне да Валынскага княства, а праз некаторы час увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага. Дарэчы, адзін час горад належаў Радзівілам: яны кіравалі тут больш за дзвесце гадоў. Сучасную назву атрымаў у XVII стагоддзі. У час руска-польскай вайны Давыд-Гарадок згарэў.
На гарадзішчы былі праведзены археалагічныя раскопкі. У выніку экспедыцыі выяўлены ўнікальныя аб'екты і прадметы: рэшткі драўлянай царквы, пабудоў і маставых. Знойдзены багатыя пахаванні, а таксама мноства іншых артэфактаў: драўляныя, шкляныя, жалезныя вырабы, а таксама абломкі глінянага посуду.
Вядомы як старажытнарускі горад і як адно з найважнейшых паселішчаў крывічоў-палачан. Упершыню ў летапісах згадваецца ў 1078 годзе, калі быў спалены Уладзімірам Манамахам, але як невялікая крэпасць крывічоў узнік у IX стагоддзі. Пасля падзелу ўладанняў Полацкага княства ўтвараецца асобнае Лукомльскае княства. Умацаваны лукомльскі замак сярэдзіны ХV стагоддзя быў разбураны войскамі Івана Грознага ў 1563-м.
Знаходкамі археолагаў сталі разнастайныя прылады працы і ўзбраенне з жалеза, прылады для рыбалкі, ганчарныя вырабы, жорны, аздабленні са шкла. Самай цікавай знаходкай стала ажурная пацерка з золата, якая выстаўлена ў Нацыянальным музеі ў Мінску. Пры раскопках знойдзена незвычайная па афармленні шахматная фігура ў выглядзе чалавека, якi сядзiць са злучанымі на грудзi рукамі.
Умацаваны цэнтр старажытнага Рагачова размяшчаўся на Замкавай гары. Археолагі сцвярджаюць, што гарадзішча знаходзілася тут яшчэ ў I тысячагоддзі. Затым людзі сышлі з гэтай мясцовасці – толькі праз 10 стагоддзяў тут зноў закіпела жыццё.
Пад кіраваннем каралевы Боны Сфорцы, якая атрымала горад Рагачоў у падарунак у 1522-1523 гадах, пабудавалі драўляны замак і палац. Не раз ён спальваўся і спусташаўся, а жыхароў адводзілі ў палон. Рэшткі палаца канчаткова зніклі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры раскопках знойдзена свінцовая віслая пячатка з выявамі святых Міхаіла і Канстанціна і прадметы побыту.
На Замкавай гары да 850-годдзя горада ўсталяваны каменны мемарыял з надпісам «Отсюда есть пошел город Рогачев в лето 1142...».
Першыя згадкі пра адзін з самых старажытных гарадоў Гродзенскай вобласці датуюцца ў Іпацьеўскім летапісе 1252 годам. Услонiм, Вслонім – так называўся сучасны Слонім. На думку археолагаў, умацаванае паселішча магло з'явіцца ў 1036 годзе.
Яшчэ ў сярэднявеччы, каб абараніць горад ад нападкаў ворагаў, па абодва бакі ракі Шчары ўзвялі два ўмацаваных гарадзішча. Замосце, або Ніжні замак, які першапачаткова з'яўляўся цэнтрам горада, пакуль у 1506 годзе яго не зраўнялі з зямлёй крымскія татары.
Так паўстала неабходнасць у новым цэнтры. Ім стаў Верхні замак – Замчышча. У XVII ст. у замку жыў канцлер Леў Сапега, а крыху пазней тут пасяліўся літоўскі гетман Міхал Казімір Агінскі. Ён узвёў цэлы палацавы комплекс з рознымі пабудовамі, маляўнічай сажалкай і вялізным садам. На жаль, былая веліч не захавалася да нашага часу. Застаўся толькі заезны дом, або аўстэрыя, пабудаваны ў другой палове XVIII ст.
Два ўмацаваныя сумежныя гарадзішчы ў вёсцы Гарадзішча ў Мінскім раёне – гэта замкавыя валы 1067 года. Тут, як сцвярджаюць гісторыкі і археолагі, зарадзіўся горад Мінск. Пазней паселішча было перанесена на бераг Нямігі.
Пры раскопках, якія ўсё яшчэ працягваюцца на гарадзішчы, знойдзены рэшткі драўляных пабудоў з печамі-каменкамі, жалезныя нажы, серп, пацеры-лімонкі, сярэбраная завушніца валынскага тыпу. Сабрана таксама шмат прадметаў XVII ст. Мабыць, самая незвычайная знаходка – сярэбраны дырхам сярэдзіны VIII стагоддзя дынастыі Абасідаў. Ён выкарыстоўваўся ў якасці падвескі.
Непадалёк знаходзіцца сядзіба-музей «Стары Менск». Тут вы ўбачыце самую старую ва Усходняй Еўропе шахматную фігуру – каня пачатку ХІ стагоддзя і азнаёміцеся з адзіным у Беларусі макетам Менскага замка ХІ стагоддзя.
Гарадзішча «Замэчак» пабудавана ў X стагоддзі кіеўскім князем Уладзімірам Святаславічам. Дзядзінец гарадзішча акружылі кальцавым валам, а таксама ўзвялі замкавую сцяну з байніцамі і роў з частаколам. Умацаванае збудаванне «Замэчак» праіснавала толькі адно стагоддзе. Пры раскопках выявілі ўнікальны прадмет: добра захавалася наземная печ для атрымання жалеза – домніца.
Цяпер на «Замэчку» знаходзіцца мемарыяльны знак у выглядзе крыжа на круглым пастаменце.
Гарадзішча «Вал» з'явілася ў XI – XII стст. Асновай будучага Заслаўскага замка паслужылі пясчаныя валы, якія ўмацавалі канструкцыяй з гліны, каменя і дрэва. З-за пажару ў 1127 годзе ўзвялі новыя абарончыя сцены, а ў канцы ХVI стагоддзя магнат Ян Глябовіч пабудаваў бастыённы замак, які стаў першым фартыфікацыйным збудаваннем з вежамі і двухпавярховымі каменнымі варотамі. Заслаўскі замак акружаў роў з вадой.
З усіх каменных будынкаў, пабудаваных Янам Глябовічам, захаваўся толькі пратэстанцкі храм, асвечаны ў 1839 годзе ў Спаса-Праабражэнскую царкву. Ён не падвяргаўся перабудове і захаваў элементы рэнесанснага дэкору.
Мсціслаў знакаміты двума гарамі – Дзявочай і Замкавай. На Дзявочай знаходзілася гарадзішча балтаў яшчэ ў пачатку тысячагоддзя. У цяперашні час ад былога паселішча застаўся толькі земляны насып.
У дзядінцы Замкавай гары старажытнага Мсціслаўля ў XII стагоддзі размяшчалася ўмацаваная крэпасць, акружаная ахоўным валам. Пры раскопках дзядзінца знойдзены ўпрыгажэнні, зброя, шкляныя і металічныя прадметы, а таксама берасцяная грамата XII стагоддзя і бакал са шкла з арабскай гравіроўкай.
Зараз Замкавая гара – гэта месца прыцягнення турыстащ: тут знаходзіцца гістарычны музей і штогод праводзяць маштабны рыцарскі фестываль.