Кожная вобласць нашай краіны прадстаўлена ўнікальным комплексам, які мае свае асаблівасці і незабыўны каларыт.
Брэсцкая вобласць
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Выганашчанскае» створаны больш за 50 гадоў таму. Праз самае буйное возера, якое дало назву заказніку, у другой палове 18 стагоддзя праходзіў першы суднаходны канал у Беларусі – Агінскі. Ён злучыў два моры – Чорнае і Балтыйскае. А ў Першую сусветную вайну па ўсёй даўжыні канала праходзіла лінія фронту.
Невялікія пясчаныя дзюны ўздоўж пойменнага возера і паблізу Нёмана акружаны ляснымі масівамі, якія займаюць большую частку заказніка. Тут жывуць рэдкія прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету.
На экалагічнай сцежцы «Надліўская града», пасярод дзікага, некранутага лесу, размешчана «Сядзіба Палешука», дзе можна пераначаваць і набрацца сіл.
Турыстычныя маршруты на тэрыторыі заказніка
Віцебская вобласць
З усіх верхавых балот «Ельня» з'яўляецца найбуйнейшым і найстарэйшым – яму каля 13 000 гадоў. Унікальнае тым, што паглынае вуглякіслы газ і выдзяляе кісларод у большых аб’ёмах, чым сасновыя лясы. Балота ўмяшчае ў сябе 118 азёр рознай велічыні. Найбуйнейшыя: Ельня, Чорнае, Яжгiня, Беража, Белае і Плоскае.
Ландшафтны заказнік больш нагадвае тундру, чым сярэдне-мацерыковую паласу. Тут растуць журавіны і паўночная марошка, водзіцца белая курапатка. Са 120 відаў птушак, якія жывуць у заказніку, у Чырвоную кнігу занесены 24 віды.
На тэрыторыі заказніка даступныя ўнікальныя маршруты рознай ступені складанасці. Самай незабыўнай стане экскурсія па тэрыторыі ў балотаступах. Традыцыйна восенню праходзіць маштабны фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Не выпадкова каларытнае свята праводзіцца ў канцы верасня (у гэтым годзе – 21 верасня). У гэты перыяд у «Ельні» спыняецца больш за чатыры тысячы шэрых жураўлёў, якіх можна ўбачыць ва ўсёй красе.
Турыстычныя маршруты на тэрыторыі заказніка
Гомельская вобласць
Самыя крутыя горы Палесся размясціліся ў заказніку «Мазырскія яры». Найвышэйшая адзнака складае 220,7 метра, што, безумоўна, з'яўляецца абсалютным рэкордам. А ў спалучэнні з глыбокімі ярамі, дзе ўпадзіны дасягаюць 40-60 метраў, тэрыторыю заказніка празвалі «Беларускімі альпамі», а сам Мазыр прэтэндуе на права стаць беларускай Швейцарыяй.
На тэрыторыі заказніка расце велізарная разнастайнасць раслін, у тым ліку рэдкія і лекавыя, якіх налічваецца больш за сто відаў. Сярод іх ветраніца лясная, вядомая ў народзе як «лясны нарцыс», – унікальная дэкаратыўная расліна, уключаная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Уздоўж гэтага ляснога багацця на 6 кіламетраў працягнулася экалагічная сцежка «Мазырскія альпы». Яна знаёміць з незвычайным рэльефам, багаццем расліннага і жывёльнага свету. Для праходжання маршруту спатрэбіцца каля чатырох гадзін.
Турыстычныя маршруты на тэрыторыі заказніка
Гродзенская вобласць
Гісторыя ўзнікнення пушчы сыходзіць сваімі каранямі ў каменны век. Змяніўшы вялікую колькасць уладальнікаў, ад ВКЛ і Рэчы Паспалітай да шляхетных Радзівілаў і Чацвярцінскіх, і пашырыўшы свае межы, у 2006 г. Ліпічанская пушча атрымала статус рэспубліканскага ландшафтнага заказніка.
Узрост многіх дрэў дасягае пяці стагоддзяў. А з некаторымі, як, напрыклад, чорная бяроза, занесеная ў Чырвоную кнігу, звязаныя легенды і таямніцы. Флора заказніка налічвае сотні раслін, у тым ліку рэдкія і знікаючыя.
Фаўна заказніка багатая парнакапытнымі, пушнымі і млекакормячымі відамі. У «Ліпічанскай пушчы» жыве мноства насякомых, рыб і рэдкіх членістаногіх.
Гістарычна значнымі месцамі на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы з'яўляюцца Свята-Траецкая шчарская крыніца, старая дзягцярня, Музей-зямлянка каля в. Шымкі і Стукалаўская дуброва.
Турыстычныя маршруты на тэрыторыі заказніка
Мінская вобласць
Абшары пушчы, у якой размясціўся заказнік «Налібоцкі», раскінуліся па чатырох раёнах дзвюх абласцей Беларусі. Гэты прыродаахоўны комплекс мае статус ключавой батанічнай і арніталагічнай тэрыторыі і ўваходзіць у лік найбуйнейшых комплексаў краіны.
Захапленне паляваннем і вынішчэнне дзікіх жывёл ва ўгоддзях знатнага роду Тышкевічаў у пачатку мінулага стагоддзя дало падставу для стварэння на гэтай тэрыторыі Вялаўскага запаведніка, які пазней атрымаў статус рэспубліканскага ландшафтнага заказніка.
Тут балоты змяняюцца мацерыковымі дзюнамі, а сасновыя лясы – шыракалістымі. Гэта стварае ўражанне тайговых прастораў. У заказніку водзяцца зубры, мядзведзі, ваўкі і рысі. Таксама можна ўбачыць рэдкія віды раслін і птушак.
Заказнік служыць адпраўной кропкай для такіх рэк як Заходняя Бярэзіна, Іслач, Волка, Уса (усяго іх больш за 20). А возера Кромань з'яўляецца самым глыбокім на тэрыторыі пушчы, яго глыбіня дасягае 26 метраў.
Турыстычныя маршруты на тэрыторыі заказніка
Магілёўская вобласць
Заказнік размясціўся ў міжрэччы Друці і Ольсы і атрымаў сваю назву ад старажытных плямёнаў – дулебаў, якія жылі тут больш за дзесяць стагоддзяў таму і пра што нагадваюць шматлікія курганныя могільнікі.
Гідралагічны заказнік складаецца з двух буйных водна-балотных комплексаў – Дулебскае і Вялікае і дае пачатак вялікай колькасці рэк і некалькім азёрам. Асноўную масу лясоў «Астравоў Дулебы» складаюць сасновыя, бярозавыя насаджэнні і нешматлікія ўчасткі чорнай алешыны.
На тэрыторыі заказніка расце больш за 700 відаў раслін, некаторыя занесены ў Чырвоную кнігу, жыве каля 170 відаў жывёл, у тым ліку буры мядзведзь і рысь, і 119 прадстаўнікоў птушак. Сярод іх такія рэдкія птушкі, як змеяед, шэры журавель і малы падворлік.
Турыстычныя маршруты на тэрыторыі заказніка
Мінск
У межах горада размясціўся незвычайны заказнік, які нагадвае тайговыя абшары. Большасць раслін, якія растуць тут, – гэта іглічныя, ядлоўцавыя і яловыя экзэмпляры. Акрамя таго, яго насяляюць нехарактэрныя прадстаўнікі птушак – крыжадзюб-яловік і кедраўка.
На тэрыторыі заказніка жывуць бясцэнныя віды птушак: пустальга, якая знаходзіцца на мяжы вымірання, і самая рэдкая птушка Беларусі – паўночная мармытушка.
Флора «Сціклева» прадстаўлена вялікай колькасцю раслін – амаль 370 відаў. Сярод іх шмат лекавых, дэкаратыўных і занесеных у Чырвоную кнігу.
Акрамя экскурсій, у заказніку актыўна развіваецца новы напрамак– плогiнг – гэта бег трушком са зборам смецця па шляху руху.