На гэтым раз мы раскажам аб незвычайных касцёлах з багатай гісторыяй, легендамі і прыгожай архітэктурай. Старадаўнія і параўнальна маладыя храмы з'яўляюцца каштоўнасцю не толькі для вернікаў, але і для ўсёй Беларусі.
в. Ішкалдзь, Баранавіцкі раён
Касцёл пачалі будаваць у сярэдзіне XV стагоддзя. Храм некалькі разоў мяняў канфесію - быў і царквой, і кальвінісцкай манастыром. У савецкі час касцёл заставаўся дзеючым.
г. Косава, Івацэвіцкі раён
Драўляны касцёл, дзе хрысцілі Тадэвуша Касцюшку, пабудаваны ў 20-х гадах XVII стагоддзя. У другой палове XIX стагоддзя святыня згарэла. І на гэтым месцы ўзвялі цагляны храм, на алтары якога знаходзіцца старадаўні абраз «Маці Божай Ласкавай».
в. Чарнаўчыцы, Брэсцкі раён
Гатычны архітэктурны помнік узвялі ў другой палове XVI стагоддзя на тэрыторыі зямель княжацкага роду Радзівілаў. Драўляныя скульптуры святых выкананы ў стылі барока. Сёння гэты дзеючы касцёл – помнік рэспубліканскага значэння.
г. Пінск
Архітэктурны помнік XVIII стагоддзя яшчэ называюць Францысканскім касцёлам. Шмат разоў храм падвяргаўся разбурэнням і больш за чатыры разы гарэў, але кожны раз адраджаўся. Славутасцю касцёла з'яўляецца карціна «Пінская Мадонна».
г. п. Лагішын, Пінскі раён
Касцёл пачатку XIX стагоддзя пабудаваны выключна з чырвонай цэглы. У храме знаходзіцца адна з самых шануемых каталіцкіх святынь – абраз Маці Божай «Каралева Палесся».
г. Брэст
Кафедральны цагляны касцёл быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Дзеючы храм з'яўляецца архітэктурным помнікам Брэста, дзе праводзяць канцэрты арганнай музыкі. Галоўнай святыняй з'яўляецца Брэсцкi абраз Божай Маці, які прывезлі з Рыма.
г. Кобрын
Помнік класіцызму ўзвялі ў першай палове XIX стагоддзя. У пасляваенны час касцёл быў зачынены на 28 гадоў і толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя яго вярнулі вернікам і пачалі рэканструкцыю.
г. Віцебск
Невялікі касцёл пабудавалі яшчэ ў другой палове XVIII стагоддзя. Праз сто гадоў храм перабудавалі, змяніўшы архітэктурную стылістыку з барока ў неарамантызм. У 30-х гадах мінулага стагоддзя касцёл пераабсталявалі пад склад, а затым і зусім зачынілі. І толькі ў канцы мінулага стагоддзя храм зноў адкрылі для вернікаў.
аг. Удзела, Глыбоцкі раён
Комплекс, які складаецца з кляштарнага корпуса, званіцы і касцёла, пачалі ўзводзіць у канцы XVIII стагоддзя. На тэрыторыі размясціліся два музеi, прысвечаных заступніку журналістаў Максіміліяну Кольбэ і ордэну францысканцаў, а таксама батлейка.
в. Германавічы, Шаркаўшчынскі раён
Класічны касцёл пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя. Нягледзячы на строгі і нават аскетычны выгляд, ён мае багатае ўнутранае ўбранне, чым і прыцягвае падарожнікаў. У савецкі час храм зачынілі. У канцы мінулага стагоддзя аднавіў сваю дзейнасць і быў паўторна асвечаны.
г. Талачын
Маляўнічы храм узвялі на ўзгорку ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Работы па будаўніцтве касцёла працягваліся 40 гадоў. У 1930 годзе храм зачынілі і доўгі час выкарыстоўвалі як склад, але ў канцы мінулага стагоддзя вярнулі прыхаджанам і правялі рэстаўрацыю.
в. Росіца, Верхнядзвінскі раён
Чырвоны касцёл пачатку XX стагоддзя дзівіць сваімі маштабамі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія карнікі выкарыстоўвалі храм як сартавальны пункт.
аг. Параф'янава, Докшыцкі раён
Архітэктурны помнік пачатку XX стагоддзя. У некаторых крыніцах носіць назву Іаана Хрысціцеля. Касцёл з дзвюма вежамі, трыма нефамі і апсідай, якую дапаўняе рэдкі дэамбулаторый, захоплівае дух.
г. Лепель
Храм у класічным стылі ўзвялі ў сярэдзіне XIX стагоддзя на месцы згарэўшага касцёла, які пабудаваў Леў Сапега. А ў канцы XIX стагоддзя каталіцкая святыня абзавялася 12-галосным арганам, які сабралі з двух прывезеных з іншых касцёлаў.
г. Мазыр
На тэрыторыі мужчынскага манастыра сярэдзіны XVII стагоддзя, праз сто гадоў пасля яго заснавання, узвялі касцёл і жаночы манастыр. У другой палове XIX стагоддзя спачатку мужчынскі, а затым і жаночы манастыр скасавалі, а храм перадалі праваслаўнай канфесіі. Пры рэканструкцыі былі знішчаны бясцэнныя фрэскі. І толькі ў канцы мінулага стагоддзя святыня зноў стала каталіцкай.
г. Светлагорск
За амаль чатыры стагоддзі храм узводзілі тройчы, але кожны раз пад уздзеяннем знешніх абставінаў ён быў разбураны. Цяперашні касцёл – чацвёртая святыня, якая з’явілася на гэтым месцы. Касцёл, пабудаваны ў 1997 годзе з чырвонай цэглы, размясціўся на беразе Бярэзіны. Ён вылучаецца двума архітэктурнымі элементамі – высокімі вежамі.
г. Жлобін
Гэты малады храм на ўзвышшы ля Дняпра ўзвялі восем гадоў таму. Адметнай асаблівасцю касцёла з'яўляецца званіца, якая дасягае 36 метраў у вышыню.
г. Лельчыцы
Першы драўляны храм быў пабудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя пад кіраўніцтвам графа Іосіфа Тышкевіча. Падчас Вялікай Айчыннай вайны касцёл, акружаны 25-метровымі таполямі, быў разбураны. Будаўніцтва новага храма завяршылася ў 1998 годзе.
г. Рэчыца
Касцёл быў асвечаны ў пачатку XX стагоддзя. Ад распрацоўкі плана будаўніцтва да апошніх работ прайшло больш за 40 гадоў. Галоўнай славутасцю з'яўляецца неверагодна высокая званіца. Нягледзячы на строгі стыль, касцёл унутры светлы і прасторны.
г. Рагачоў
Неагатычны чырвоны касцёл асвечаны ў пачатку XX стагоддзя. У савецкі час храм выкарыстоўвалі як зернесклад, вытворчы цэх, пажарную частку і нават як хлебазавод. Касцёл перажыў пажар, Вялікую Айчынную вайну і 30-гадовае запусценне. Рэканструкцыю храма пачалі ў 2003 годзе.
г. Гомель
Святыню ўзвялі ў другой палове XIX стагоддзя як праваслаўны храм. У савецкі час ён быў часткова разбураны і перабудаваны пад будынак адміністрацыі, затым пад пункт кінапракату, а пасля – пад мастацкія майстэрні. І толькі ў канцы мінулага стагоддзя касцёл адрадзіўся.
в. Асава, Воранаўскі раён
Неагатычны храм узведзены з бутавага каменя ў пачатку XX стагоддзя на месцы драўлянага касцёла. У касцёле яркае ўнутранае ўбранне і дзеючы арган.
в. Лаздуны, Іўеўскі раён
Касцёл у псеўдараманскім стылі з чырвонай цэглы і бутавага каменю пабудавалі ў пачатку XX стагоддзя. Унутранае ўбранне храма дапаўняюць фрэскі, роспісы, дэкаратыўныя дэталі, а таксама разьбяныя лаўкі.
в. Раготна, Дзятлаўскі раён
Жамчужына Дзятлаўскага раёна пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Спачатку храм з'яўляўся праваслаўным манастыром, але праз некалькі гадоў яго перадалі каталіцкаму прыходу. У савецкі час святыню зачынілі, і толькі ў другой палове мінулага стагоддзя адноўлены храм зноў стаў дзеючым.
в. Жодзішкі, Смаргонскі раён
Храм, якому ўжо больш за чатыры сотні гадоў, некаторы час належаў кальвіністам. Славутасцю касцёла з'яўляецца дзеючы арган першай паловы XVIII стагоддзя.
г. п. Жалудок
Драўляны храм канца XV стагоддзя быў перабудаваны праз амаль чатырыста гадоў. Абноўлены бутавым каменем і цэглай, касцёл некаторы час належаў кармелітам. Пад алтаром храма знаходзіцца радавы склеп Тызенгаўзаў.
г. Гродна
Храм, будаўніцтва якога заняло больш за 30 гадоў, асвяцілі ў пачатку XVIII стагоддзя. А праз паўстагоддзя да яго дабудавалі дзве сіметрычныя вежы. У 1990 годзе Папа Рымскі прысвоіў касцёлу статус малой базілікі. Храм мае вялікую гістарычную і культурную каштоўнасць для Беларусі.
г. Слонім
Велічны беласнежны будынак у стылі барока ўзвялі ў другой палове XVII стагоддзя. Магутныя сцены практычна пазбаўленыя дэкору. Асаблівасць храма заключаецца ў размяшчэнні алтара ў бок вуліцы.
аг. Ілья, Вілейскі раён
Храм, пабудаваны ў неараманскім стылі, з'явіўся ў пачатку XX стагоддзя. За час свайго існавання касцёл не раз падвяргаўся рэканструкцыі, але ўсё ж часткова захаваў першапачатковы выгляд, з'яўляючыся візітнай карткай Вілейскага раёна.
г. Дзяржынск
Помнік драўлянага дойлідства канца XVIII стагоддзя неаднаразова рэканструяваўся і дапаўняўся рознымі элементамі з-за частых пажараў. Прайшоўшы шлях ад склада да музычнай школы ў савецкі час, у канцы мінулага стагоддзя касцёл зноў стаў дзеючым храмам.
аг. Рубяжэвічы, Стаўбцоўскі раён
Храм пачатку XX стагоддзя ўзводзіўся пад кіраўніцтвам дзеючага на той час ксяндза Юзэфа Складкоўскага. Званічныя вежы дасягаюць 45 метраў у вышыню, а падмурак пабудовы сыходзіць на 6 метраў у глыбіню. Перад касцёлам уладкавалі парк камянёў. На камянях, а іх каля 40, высечаныя назвы вёсак, якія ўваходзяць у прыход.
аг. Ракаў, Валожынскі раён
Гатычны храм пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя. У савецкі час касцёл, як і многія іншыя храмы, быў зачынены, рэканструкцыю правялі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя.
г. Заслаўе
Храм пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, а праз сто гадоў яго перабудавалі. Некаторы час з'яўляўся праваслаўнай святыняй, але потым зноў вярнуўся ва ўлонне каталіцтва. Пад алтаром захаваўся магільны склеп сям'і Пшаздзецкіх, чыімі намаганнямі і быў узведзены касцёл.
аг. Нарач, Мядзельскі раён
Будаўніцтва святыні з чырвонай цэглы завяршылася ў самым пачатку XX стагоддзя. Фасад будынка ўпрыгожваюць чатыры невялікія вежы і акно-ружа. На галоўным алтары касцёла знаходзіцца ікона Дзевы Марыі. Унутранае ўбранне дзівіць фрэскамі. Асаблівую атмасферу стварае арган, якому больш за сто гадоў.
г. Нясвіж
Будаўніцтва храма ў стылі барока пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара завяршылася ў канцы XVI стагоддзя. Як звонку, так і ўнутры сцены ўпрыгожваюць фрэскі і роспісы - у асноўным сярэдзіны XVIII стагоддзя. У інтэр'еры храма прысутнічаюць мармуровы алтар, барэльефы і бюсты.
г. Магілёў
Храм узвялі да сярэдзіны XVIII стагоддзя на месцы драўлянай царквы Дзевы Марыі, знішчанай падчас пажару. У савецкі час аддадзены пад архіў БССР, а частка неацэнных фрэсак і арган былі пашкоджаны або знішчаны.
г. Шклоў
Навукоўцы лічаць, што храм сярэдзіны XIX стагоддзя стаіць на падмурку былога тэатра, які існаваў за 80 гадоў да будаўніцтва касцёла. У першай палове мінулага стагоддзя святыню ператварылі ў кінатэатр. І толькі на мяжы новага тысячагоддзя касцёл зноў стаў дзеючым.
г. Мсціслаў
Цагляны будынак, пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя, быў асвечаны як храм пры кармеліцкім манастыры. Праз сто гадоў архітэктар Ёган Глаўбіц істотна змяніў архітэктуру і дэкор святыні. У велічным архітэктурным помніку захаваліся ўнікальныя фрэскі.
г. Асіповічы
Малады храм пабудавалі ў пачатку ХХІ стагоддзя, на месцы былой парафіі мінулага стагоддзя. Ператварэнне невялікай капліцы ў цудоўны храм заняло 10 гадоў. Асвячэнне здзейсніў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
г. Чавусы
Неагатычны касцёл жыхары Чавусаў пабудавалі ў пачатку XX стагоддзя. У сярэдзіне стагоддзя храм разабралі па цаглінках. А праз паўстагоддзя пад кіраўніцтвам парафіяльнага святара пачалі ўзводзіць новы касцёл, які асвяцілі ў пачатку XXI стагоддзя. З 2007 года ў прыходзе служаць манахі ордэна піяраў.
г. Бабруйск
Незвычайным фасадам неагатычнага храма пачатку XX стагоддзя з'яўляецца адміністрацыйны пяціпавярховы будынак савецкіх часоў. Яго прыбудавалі ў другой палове мінулага стагоддзя, таму ў касцёл вядуць два ўваходы.
г. Чэрыкаў
Каменны храм у неараманскім стылі пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя. У касцёле знаходзіліся тры прастолы і каля 20 абразоў. У савецкі час храм выкарыстоўвалі як дом культуры, пазней – як кінатэатр. Не так даўно храм вернуты каталіцкаму прыходу.
Кальварыйскі праезд, 1
Неагатычны каменны храм узведзены ў першай палове XIX стагоддзя. Архітэктурны помнік, пабудаваны з бутавага каменя, размешчаны на тэрыторыі могілак. У савецкія часы касцёл з'яўляўся адзіным дзеючым каталіцкiм прыходам.
Плошча Свабоды, 9
Храм, пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя, з'яўляецца галоўнай жамчужынай Верхняга горада. У нішах, размешчаных у вежах па абодва бакі храма, знаходзяцца фігуркі двух апосталаў – Пятра і Паўла. А франтон упрыгожаны фігурай Марыі з немаўлём. Падчас Вялікай Айчыннай вайны храм пацярпеў, але ў канцы мінулага стагоддзя пры рэстаўрацыі здабыў сваё першапачатковае аблічча.
пр-т Незалежнасці, 44а
Храм другой паловы XIX стагоддзя пабудаваны на каталіцкіх могілках. Праз некалькі гадоў пасля будаўніцтва касцёл, акрамя ўжо існуючай назвы – Найсвяцейшай Тройцы, атрымаў падвойную назву – Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі і святога Роха. У канцы XIX стагоддзя гэта быў адзіны касцёл, у якім службы праводзіліся на рускай мове.
вул. Кірыла і Мяфодзія, 4
У сярэдзіне XVII стагоддзя на месцы першага згарэўшага манастыра быў пабудаваны храм, а пры ім – манастыр. Самая грандыёзная перабудова, падчас якой вымалёўваўся стыль барока, адбылася праз сто гадоў. У цяперашні час службы ў касцёле не праводзяцца.
Пляханава, 24б/1
Будаўніцтва маладога храма завяршылася ў 2015 годзе ўзвядзеннем крыжоў на вежах храма. Адзін з іх сімвалізуе Госпада Ісуса, а другі – Дзеву Марыю. У касцёле захоўваюцца мошчы святых, з імёнамі якіх звязаны цуды.