Магутныя сцены гэтага храма, узведзенага ў першай палове ХVІ стагоддзя, памятаюць нямала гістарычных падзей. Вежы, байніцы, моцныя цагляныя муры — дзякуючы гэтым архітэктурным рашэнням царква стала не толькі месцам малітвы, але і надзейным сховішчам ад ворагаў у ваенны час. Стаіць будынак на падмурку з неапрацаваных камянёў. Даволі брутальны выгляд помніка дапаўняюць вытанчаныя ўпрыгажэнні: дэкаратыўныя паяскі арнаменту, нішы і карнізы.
Адзін з найстарэйшых каталіцкіх храмаў нашай краіны за чатыры стагоддзі сваёй гісторыі ніводнага разу не быў зачынены. Дзве велічныя вежы з амбразурамі на яго галоўным фасадзе нагадваюць, што будынак выконваў не толькі рэлігійныя, але і абарончыя функцыі. І хоць знешні выгляд касцёла небагаты на ўпрыгажэнні, яго стрыманая архітэктура ўражвае турыстаў спалучэннем рэнесанснай вытанчанасці і гатычнай строгасці. Інтэр’ер святыні напаўняюць шматлікія прадметы сакральнага мастацтва, у тым ліку старадаўняя цудадзейная ікона Божай Маці. Акрамя таго, у касцёле можна пачуць гучанне трохсотгадовага аргана.
Адна з найстаражытнейшых мураваных пабудоў Беларусі прыцягвае мноства паломнікаў. Гісторыя царквы цесна звязана з імем Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Па яе благаславенні дойлід Іаан прыступіў да ўзвядзення храма. У гэтых сценах размяшчалася і келля беларускай святой. Тут захоўваўся легендарны напрастольны крыж, створаны Лазарам Богшам. Храм уражвае віртуознымі роспісамі на сценах і скляпеннях. На фрэсках ХІІ стагоддзя адлюстраваны біблейскія сцэны і лікі святых. Некаторыя выявы ўнікальныя. Напрыклад, даследчыкі выявілі ў царкве рэдкі сюжэт «Святы Антоній і кентаўр». Дзякуючы карпатлівай працы рэстаўратараў роспісы ачышчаны ад пазнейшых напластаванняў.
Лічыцца адным з найстарэйшых храмаў Усходняй Еўропы: узведзены ў ХІІ стагоддзі. Будынак выкананы ў рэчышчы візантыйскіх традыцый, аднак у сусветнай архітэктуры няма ніводнага аб’екта цалкам ідэнтычнага гродзенскаму. Храм адрозніваецца выдатнай акустыкай. Яе забяспечвае мноства сасудаў-галаснікоў, умураваных у сцены з цэглы-плінфы. Знакамітая Каложа і сваім фасадам. Ён аздоблены крыжамі, выкладзенымі з маёлікі і буйных адпаліраваных камянёў. На лёс царквы выпала нямала разбурэнняў. Пашкоджанні прыносілі то крывавыя войны, то капрызы прыроды. У ХІХ стагоддзі з-за апоўзняў абрынуліся дзве сцяны. Пазней разбураныя каменныя канструкцыі замянілі драўлянымі. Гэтым тлумачыцца незвычайны выгляд, у якім помнік дайшоў да нашых дзён.
Велічны храм у стылі віленскага барока з дзвюма вежамі ўзвышаецца на стромкім беразе Заходняй Дзвіны. Аднак вядомы нам выгляд помнік набыў толькі ў XVIII стагоддзі.
Сафійскі сабор на працягу сваёй шматвяковай гісторыі неаднаразова падвяргаўся разбурэнням, пажарам і перабудовам. У 1710 г. храм моцна пацярпеў ад выбуху парахавога склада, які тут размяшчаўся.
У сярэдзіне XVIII ст. сабор перабудаваны па праекце аднаго з самых запатрабаваных архітэктараў сваёй эпохі Яна Глаўбіца.
Закладзены ж храм яшчэ ў сярэдзіне ХІ стагоддзя. Ён не толькі служыў духоўным цэнтрам, але і сведчыў пра магутнасць Полацкага княства. Акрамя богаслужэнняў у саборы адбываліся важныя дзяржаўныя цырымоніі і прыёмы. Сёння ў найстарэйшым мураваным збудаванні на беларускіх землях размешчаны музей. Наведвальнікі могуць убачыць гістарычны падмурак, фрагменты муроў і роспісаў, творы сакральнага мастацтва і іншыя артэфакты. Па нядзелях палачан і гасцей горада запрашаюць на арганныя канцэрты.
Помнік архітэктуры ўведзены на мяжы XV i XVI стагоддзяў. Культавы будынак спалучае ў сабе асаблівасці храмавага дойлідства візантыйскай традыцыі і гатычныя рысы еўрапейскіх замкаў. Па кутах размешчаны вежачкі, а па версе сцен праходзіць шэраг акенцаў-байніц. Гэтыя асаблівасці нагадваюць пра абарончую функцыю збудавання. Адметна, што ў летапісе царквы не захавалася сведчанняў пра перажытыя разбурэнні. Сынкавіцкая святыня вытрывала ўсе выпрабаванні, што выпалі на яе долю за працяглую гісторыю.