Раён Траецкага прадмесця стагоддзямі быў прыкладам змешвання культур. На яго тэрыторыі ў розны час былі пабудаваны каталіцкі касцёл, праваслаўная царква, праваслаўны мужчынскі манастыр, жаночае духоўнае вучылішча, жаночы каталіцкі манастыр, перабудаваны пазней у Мінскую духоўную семінарыю. Жыхары гэтага раёна былі таксама розныя. Да XIX стагоддзя ў Траецкім прадмесці жылі простыя рабочыя, дробныя купцы, памешчыкі, сяляне, дзяржаўныя службоўцы невысокіх рангаў. У раёне жыло шмат яўрэяў, якія ўтрымлівалі аптэкі і крамы, былі шаўцамі, гарбарамі, залатарамі.
Значная частка грамадзянскіх і рэлігійных будынкаў Траецкага прадмесця не захавалася да нашага часу, бо былі пашкоджаны ў час войнаў і пажараў. Найбольш разбуральным быў пажар 1809 года, які знішчыў вялікую частку драўлянай забудовы. Пасля гэтага здарэння імператар Аляксандр I выдаў пастанову аднавіць гэту частку горада і выкарыстаць для будаўніцтва самыя вогнетрывалыя матэрыялы. У XX стагоддзі вялікая частка вуліц, жылых дамоў, адміністратыўных будынкаў была пашкоджана ў выніку ваенных дзеянняў. У 80-х гадах у Траецкім прадмесці праводзілі рэстаўрацыйныя работы з мэтай аднаўлення архітэктурнага выгляду сталіцы.
У 2004 годзе было прынята рашэнне рэканструяваць Траецкае прадмесце ў межах рэстаўрацыі Старога горада. Пасля рэканструкцыі раён стаў падобны да еўрапейскай забудовы XIX стагоддзя – з ахайнымі дамкамі, крытымі дахоўкай. Нягледзячы на тое, што сучасны выгляд Траецкага не адпавядае ў поўнай меры рэальнаму гістарычнаму выгляду гэтай часткі горада, тут любяць гуляць мінчане і турысты. У гэтых кварталах і дворыках можна адшукаць антыкварныя крамы, сувенірныя лаўкі, фантаны, кафэ і рэстараны, музеі, мастацкія галерэі, арт-прасторы, помнікі вядомым беларусам. Тут знаходзіцца ўвесь комплекс памятных мясцін і будынкаў XIX стагоддзя. Сярод іх:
Калі вы вырашыце прагуляцца па Траецкім у суправаджэнні гіда, вам пакажуць дом, дзе калісьці жыў бацька Янкі Купалы, былы манастыр маўрытанак, дзе размешчана Сувораўскае вучылішча, Вялікі тэатр оперы і балета – архітэктурны помнік савецкага канструктывізму, антыкварную краму "Вянок", аформленую ў старадаўнім стылі. Калі вы ўсё ж вырашыце наталіцца атмасферай старога горада з уласнай кампаніяй, выпіце кавы ва ўтульнай кавярні з відам на архітэктурныя помнікі сталіцы, зазірніце ў музеі і сувенірныя крамы, прайдзіцеся па добраўладкаванай набярэжнай Свіслачы. Шукаць гэты маляўнічы куток Мінска доўга не трэба – ён знаходзіцца ў цэнтры горада побач з метро "Няміга".