З "Аповесці мінулых гадоў" вядома, што кіеўскі князь Яраслаў Мудры ў пачатку XI стагоддзя запрасіў у Сафійскі сабор перакладчыкаў і перапісчыкаў рэлігійных кніг, каб яны дапамагалі памнажаць слова Божае. Асветніцкая дзейнасць паступова пашыралася і на іншыя княствы. Сярод рукапісных хрысціянскіх помнікаў вылучаецца Евангелле-апракас, знойдзенае ў Тураве ў 1865 годзе падчас навуковай экспедыцыі, арганізаванай Віленскай навучальнай акругай. Апракасам называюць Евангелле, тэкст якога напісаны не ў кананічным парадку. Такі тып рэлігійных пісанняў быў распаўсюджаны ў перыяд раннехрысціянскага ўсходняга пісьменства.

Тураўскае Евангелле

З усяго Тураўскага манускрыпта захавалася 10 аркушаў. Тураўскія лісткі, як іх называюць вучоныя, былі знойдзены ў скрыні з-пад вугалю двума віленскімі педагогамі: Н. Сакаловым і В. Гразновым. Гістарычная знаходка была перададзена для дэталёвага даследавання ў публічную бібліятэку горада Вільні.

Рукапіс быў выкананы каштанавым чарнілам на аркушах з нядубленай сырамятнай скуры даўжынёй 22,2 см і шырынёй 17,8 см. Запісы зроблены ўставам – вялікім, чытэльным, геаметрычным пісьмом, пры якім літары выпісваюцца без нахілу. Такі тып пісьма быў распаўсюджаны на славянскіх землях у раннім Сярэднявеччы. Знойдзены рукапіс мае 11 ініцыялаў – загалоўных літар, размаляваных трыма колерамі – зялёным, сінім і чырвоным. Прааналізаваўшы асаблівасці напісання, даследчыкі прыйшлі да высновы, што рукапіс быў створаны ў сярэдзіне XI стагоддзя.

Рэлігійныя кнігі ранняга Сярэднявечча часта выконвалі ролю важных дакументаў – на палях рукапісаў рабілі запісы пра куплю, продаж, дараванне зямлі і маёмасці. Так, у Тураўскім Евангеллі знойдзены два ўкладныя запісы на Праабражэнскую царкву ў Тураве. З запісаў можна даведацца, што гетман Вялікага Княства Літоўскага Канстанцін Астрожскі і яго сям'я ў пачатку XVI стагоддзя двойчы даравалі царкве і яе святарам сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Гэта дазволіла навукоўцам меркаваць, што Евангелле належыць згаданаму ў манускрыпце Тураўскаму храму. Пры якіх абставінах рукапіснае выданне знікла з царквы і як яно апынулася ў скрыні для вугалю – дагэтуль невядома.

Тураўскае Евангелле

У 1868 годзе ў Санкт-Пецярбургу пабачыла свет каляровае літаграфічнае выданне Тураўскага Евангелля. А праз год гісторык і археограф П. Гільтэбрант апублікаваў сваё даследаванне і тлумачэнні да старажытнага тэксту.

У час Першай сусветнай вайны Тураўскі рукапіс, які знаходзіўся ў Віленскай бібліятэцы, быў вывезены ў Маскву. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Евангелле патрапіла ў бібліятэку Літоўскай акадэміі навук, дзе захоўваецца дагэтуль.

У 2014 годзе, у межах аднаўлення беларускай культурнай спадчыны, па ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь было створана факсімільнае выданне Тураўскага Евангелля. Яно было перададзена школам, бібліятэкам, аддзелам адукацыі, музеям і іншым культурным і адукацыйным установам нашай краіны. Цяпер копію нацыянальнай літаратурнай рэліквіі можа пабачыць кожны, хто цікавіцца нашай гісторыяй. Гэта выданне – не проста ўзнаўленне старажытнага рукапісу. Яно дапоўнена нарысамі і навуковымі артыкуламі, а таксама перакладзена на сучасныя мовы: рускую, беларускую і англійскую.