Наш першы прыпынак будзе ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна. Калісьці тут знаходзілася шляхецкае радавое гняздо роду Пуслоўскіх.
Спынім сваю ўвагу на сядзібным доме, перабудаваным пасля пажару з былой стайні і найпрыгажэйшым парку з рэдкімі пародамі дрэў. Беласнежная паўночная брама сярэдзіны XIX стагоддзя ўражвае сваёй прыгажосцю, але не менш цікавая і паўразбураная заходняя брама. Немагчыма праехаць міма старажытнай драўлянай Свята-Троіцкай царквы 1827 года і будынка бровара канца XIX стагоддзя.
Вяртаемся на трасу і накіроўваемся ў горад Брэст. Гэта самабытны горад з багатай гісторыяй, візітнымі карткамі якога лічацца ўнікальнай архітэктуры чыгуначны вакзал; пешаходная вуліца Савецкая са старажытнымі газавымі ліхтарамі – мясцовы «Арбат»; Свята-Мікалаеўскі гарнізонны сабор у візантыйскім стылі; найстарэйшы праваслаўны храм Брэста – Кафедральны сабор Сімяона Стоўпніка; Зімні сад з царствам экзатычных раслін; краязнаўчы і мастацкі музеі і яшчэ шмат чаго цікавага, уключаючы Брэсцкую крэпасць.
Далей рэкамендуем наведаць сядзібу Нямцэвічаў у вёсцы Скокі. Пабудавана яна была ў 1770-х гадах Марцэліем Станіславам Косць Урсын Нямцэвічам. Гэта старажытны род, які быў вядомы ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ з XVI стагоддзя. Яго прадстаўнікі займалі важныя пасады і ў ВКЛ, і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расійскай імперыі. У адноўленым палацы Нямцэвічаў у стылі барока сёння размяшчаецца аднайменны музей.
Не праязджаем міма вёскі Сычы. Гэтае мястэчка належала роду Траяноўскіх ажно з 1565 года, калі сам кароль Жыгімонт II Аўгуст падарыў Сычы ў пажыццёвае валоданне пану Станіславу Траяноўскаму. А ў пачатку XIX стагоддзя, ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, перайшло да роду Высоцкіх. Менавіта пры іх тут і была пабудавана мураваная царква святой Параскевы ў 1822 годзе. На жаль, сама сядзіба не захавалася, а на краі вёскі можна ўбачыць закінуты сёння сядзібны парк.
Наступны прыпынак у вёсцы Воўчын. Гэта радзіма і пахавальня апошняга Вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Перапахаваны ён быў у Траецкім касцёле, які лічыцца жамчужынай Воўчына, у 1938 годзе, калі яго рэшткі таемна ад грамадскасці перавезлі сюды з Ленінграда. Пасля другой сусветнай з касцёла зрабілі збожжасховішча, а магілу манарха апаганілі. У 1992 годзе прах Панятоўскага перавезлі на перапахаванне ў Варшаву. Знаходзіцца тут і праваслаўная Мікалаеўская царква 1841 года.
Праз Камянец накіроўваемся на Каменюкі ў Белавежскую пушчу. У Камянцы абавязкова паглядзім на адну з найстарэйшых славутасцяў нашай краіны – Камянецкую вежу.
Белавежская пушча – Нацыянальны парк, занесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, здзівіць вас сваёй гасціннасцю, чысцінёй і, галоўнае, некранутай прыродай. Тут ёсць і велічныя дрэвы, і адкрытыя вялікія вальеры з жывёламі, музей флоры і фаўны, які праілюструе вам усё багацце жывёльнага свету нашай краіны, рэзідэнцыя Дзеда Мароза і Снягуркі ў глыбіні пушчы, чыстае паветра і неверагодныя краявіды. Усё гэта не пакіне вас абыякавымі і зарадзіць неабходнымі сіламі працягнуць нашае падарожжа!
Адпраўляемся ў Мінск па папулярным маршруце Ружаны – Косава і абавязкова наведваем цудоўныя замкі.
У прапанаваным намі варыянце падарожжа вы пазнаёміцеся як з дзівоснымі, схаванымі ад чужы вачэй месцамі Брэсцкай вобласці, так і з улюбёнымі турыстычнымі аб'ектамі!