Далёка не ўсе славутасці на слыху, а аб існаванні шэрагу з іх чулі толькі гісторыкі і краязнаўцы. Цікава, што на вуліцах гарадоў Гродзенскай вобласці арганічна сплялася архітэктура савецкага перыяду і еўрапейскі стыль.

Мы пабудавалі нясумны маршрут для аматараў гісторыі і аўтэнтычнай архітэктуры.

Крэва

Сёння гэта невялікае спакойнае мястэчка ў Смаргонскім раёне, а калісьці яно было адным з ключавых пунктаў на карце ВКЛ і сапраўдным цэнтрам палітычнага жыцця. У XIV стагоддзі тут стаяў пабудаваны літоўскім князем Альгердам магутны замак, ад якога зараз засталіся толькі руіны.

Крэва

Вядомы замак і тым, што тут у 1385 годзе была заключана знакамітая ў гісторыі Крэўская унія. Яна паклала пачатак аб'яднанню Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Маляўнічыя руіны старажытнага замка – адна з найбольш яркіх славутасцяў Беларусі. Крэўскі замак цяпер знаходзіцца ў пачатку рэканструкцыі.

У 1837 годзе ў Крэве з'яўляецца драўляны касцёл. А насупраць яго ў 1854 годзе – праваслаўная царква ў імя Св. Аляксандра Неўскага. 

Баруны

Па дарозе ў Гальшаны вельмі раім заехаць і ў вёску Баруны, дзе знаходзіцца уражальны касцёл святых Пятра і Паўла 1757 года пабудовы.

Баруны

Да яго прымыкае манастыр базыльянаў канца XVIII стагоддзя. Сам касцёл – вельмі пышны: з высокім выгнутым франтонам, тыпова барочнымі кандэлябрамі і вытанчанай вежай збоку.

Гальшаны

Гальшаны ў мінулым былі прыватным паселішчам князёў Гальшанскіх. З іх роду паходзіла Соф'я Гальшанская, жонка караля Уладзіслава Ягайлы, якая стала родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў. З XVI стагоддзя мястэчкам валодаў род князёў Сапегаў. 

Гальшаны

У 1618 годзе Павел Стэфан Сапега пачаў будаўніцтва комплексу кляштара францысканцаў. Манастырскія пабудовы выкарыстоўваюцца і цяпер як дзеючы касцёл. А збудаваны палацава-замкавы ансамбль роду Сапегаў дайшоў да нас у маляўнічых руінах. Гальшанскі замак зараз рэстаўруецца. 

У Гальшанах уцалела характэрная местачковая забудова XIX-XX стст., што надае цяперашняму аграгарадку асаблівае зачараванне.

Планіроўка горада – дзве вуліцы, якія перпендыкулярна перасякаюцца – не мянялася многія стагоддзі. Усё гэта робіць Гальшаны вельмі аўтэнтычнымі – такім тыповым заходнебеларускім мястэчкам.

Гродна

Падарожнічаючы па Гродзенскай вобласці, немагчыма не заехаць у яе абласны цэнтр – жамчужыну Беларусі. Гродна лічыцца самым еўрапейскім з беларускіх гарадоў. І так, Гродна настолькі насычаны славутасцямі, што мала каму ўдаецца ўсё агледзець за адзін дзень. Паспрабуйце, і пераканайцеся самі!

Гродна

Велічныя стары (канца XVI стагоддзя) і новы (1734-51 гг), які больш нагадвае палац, замкі злучаюцца арачным мостам XVII стагоддзя. Аўтэнтычныя каменныя сцены старога замка здзіўляюць сваёй магутнасцю. Абавязкова зазірніце ў краязнаўчы музей. 

Каложская царква XII стагоддзя, царква Раства Багародзіцы, Сабор Святога Францішка Ксаверыя, Гродзенская сінагога, манастыр бернардынцаў, Кірха Святога Іаана, Пакроўскі сабор і манастыр брыгітак – месцы для душы.

Старыя воданапорныя вежы, парк Жылібера, заапарк, драматычны тэатр, музей-аптэка, дом-музей Элізы Ажэшкі, будынак універсітэта з увітай плюшчом сцяной і, вядома ж, вуліца Савецкая – гэта і шмат чаго яшчэ чакае вас у цудоўным горадзе Гродна!

У Гродзенскай вобласці кожны зможа знайсці для сябе што-небудзь незвычайнае і займальнае – будзе гэта аматар актыўнага адпачынку, пазнавальных экскурсій або яднання з прыродай.