Глыбокае

На паўночным захадзе Беларусі знаходзіцца цудоўны горад Глыбокае. Пра тое, што тут вырабляецца згушчанае малако, ведаюць усе беларусы і многія госці краіны. Але мала каму вядома, што ў Глыбокага ёсць і іншыя вартасці: еўрапейскі дух, выдатныя архітэктурныя помнікі, маляўнічая прырода і нават свае таямніцы. Адзін насупраць аднаго стаяць два галоўныя храмы, каталіцкі і праваслаўны, абодва пабудаваныя ў велічным стылі барока.

Глыбокае

Пры гэтым сам горад стаіць адразу на пяці азёрах, а пад ім знаходзяцца старажытныя падзямеллі, дзе можна зрабіць атмасферныя фота! Незабыўнай прыгодай будзе пошук магілы барона Мюнхгаўзэна на мясцовых могілках. Безумоўна, у Глыбокае трэба ехаць за тымі самымі журавінамі ў цукры, вырабленымі мясцовай фабрыкай; за дзясяткам варыяцый згушчанага малака; за прагулкамі па цэнтральнай плошчы і вельмі прывабнай набярэжнай невялікага возера ў цэнтры горада; за тым самым вішнёвым фэстам. 

Пастаўскі раён 

Паставы – адзін са старажытных гарадоў Віцебшчыны, які найбольш часта наведваюць турысты. Сярод галоўных яго славутасцяў палац Тызенгаўзаў, помнік архітэктуры першай паловы XIX стагоддзя. Сёння ў палацы Тызенгаўзаў размяшчаецца бальніца, а ў сутарэннях адкрыта гістарычная экспазіцыя, прысвечаная славутай дынастыі і гісторыі Першай сусветнай вайны. Усё аблічча Паставаў выклікае прыемнае пачуццё гармоніі.

Пастаўскі раён

Рыбакі вудзяць рыбу на фоне дзівосна прыгожага касцёла Святога Антонія Падуанскага – помніка архітэктуры неаготыкі. Мінакі няспешна ідуць па тратуары, частка якога хаваецца ў арцы за сценамі будынка, які стаіць побач. А ў дамах на рыначнай плошчы, якім ужо па некалькі сотняў гадоў, дагэтуль жывуць людзі. 

Пастаўскі раён

Унікальны замак-крэпасць касцёл Яна Хрысціцеля ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна лічыцца адным з найстарэйшых каталіцкіх храмаў Беларусі. Яго адносяць да самага рэдкага тыпу храмаў — абарончага. Унікальны касцёл і тым, што быў пабудаваны ў 1603-1606 гг. і не зачыняўся з моманту заснавання нават у савецкі перыяд. 

Браслаўскі раён

Нацыянальны парк Браслаўскія азёры – дзівосны куток беларускай прыроды. Ён славіцца незвычайнай прыгажосцю прыродных ландшафтаў і азёр. Тут жывуць рэдкія віды лясных жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, каля 200 відаў птушак і багатая разнастайнасць рыб. У азёрную групу ўваходзіць больш за 50 азёр. 

Браслаўскі раён

Акрамя прыроднай прыгажосці, у Браславе добра захаваліся многія гісторыка-культурныя славутасці. Многія з іх абавязковыя да наведвання:

  • Музей закладак у вёсцы Зарачча; 
  • Гарадзішча вікінгаў у вёсцы Масковічы; 
  • Касцёл Божага Провіду ў вёсцы Слабодка, размешчаны паміж азёрамі, які таксама часта называюць храмам Сэрца Ісуса; 
  • Касцёл Божага Цела ў вёсцы Іказнь, пабудаваны ў 1912 годзе;

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Відзы, пабудаваны ў 1914 годзе. Відзаўскі касцёл называюць адным з самых высокіх у Беларусі — вышыня яго шпіляў складае 59 метраў. На вежы касцёла можна ўзняцца па вузкай лесвічцы і ўбачыць панараму мястэчка, Дзісну, суседнюю Літву.

Мы настойліва рэкамендуем скарыстацца гэтым сапраўды дзівосным турыстычным маршрутам. Вы дакладна не застаняцеся абыякавыя да прыроднай прыгажосці, гістарычных і культурных каштоўнасцяў, а таксама ветлівасці і гасціннасці Віцебскай вобласці!