Чаму Іўе называюць горадам чатырох рэлігій? Цягам стагоддзяў тут мірна суседнічалі праваслаўныя і католікі, іўдзеі і мусульмане. У мясцовых традыцыях цесна спляліся асаблівасці розных народаў і рэлігій. Таму гэты населены пункт яшчэ называюць горадам чатырох рэлігій. Ведаеце, дзе гэта месца?
Сёння мы раскажам пра Іўе і яго знакаміты музей нацыянальных культур. Установа прымае наведвальнікаў з 2009 года. Экспазіцыя «Пад адзіным небам праз стагоддзі» знаёміць са спадчынай беларусаў, яўрэяў, татар і падкрэслівае важнасць міжнацыянальнай узаемапавагі і згоды.
За час працы ўдалося сабраць багатую калекцыю, якая налічвае больш за 5 тысяч прадметаў хрысціянскай, мусульманскай і іўдзейскай культур. У іх ліку — прадметы побыту і адзенне, музычныя інструменты, творы мастацтва, дакументы, фотаздымкі. Асабліва каштоўным лічыцца збор прадметаў культу. Ён уключае ханукальны падсвечнік, фрагменты світка Торы, разнастайныя абрадавыя атрыбуты.
У зале «З гісторыі карэннага насельніцтва Іўеўшчыны» раскрыты розныя перыяды развіцця краю, адлюстраваны багацці беларускай народнай культуры і аспекты рэлігійнага жыцця праваслаўных і католікаў. Сярод цікавых экспанатаў — крыж ХІІ стагоддзя з часціцамі мошчаў, батлейка XVIII стагоддзя і іншыя рарытэты.
У Іўі пражывае вялікая татарская абшчына. Яна зарадзілася яшчэ ў XV стагоддзі. Да нашых дзён у гарадку захавалася мячэць, пабудаваная ў 1882 годзе на сродкі графіні Замойскай. Гэта помнік драўлянай архітэктуры з рысамі мадэрну. Адметна, што гэта адзіная мячэць у Беларусі, якая на працягу сваёй гісторыі ніколі не зачынялася.
Аб гісторыі з’яўлення татар на беларускіх землях, іх культуры і побыце расказвае адзін з раздзелаў мясцовага музея. Там дэманструюцца прадметы культу, мугіры ручной работы, шпіль з мінарэта мячэці і іншыя каштоўныя артэфакты.
Асобная зала прысвечана гісторыі і культуры беларускіх яўрэяў. Асаблівая ўвага нададзена Халакосту: гэтая трагедыя закранула і жыхароў Іўя. Каля 4 тысяч яўрэяў з гэтага і блізкіх мястэчак сталі вязнямі гета. Нацысты выкарыстоўвалі іх як бясплатную працоўную сілу, а значную частку мірных грамадзян расстралялі. Сярод ацалелых узнікла падпольная арганізацыя — і некаторыя вязні змаглі ўстанавіць кантакт з партызанамі, а пазней пакінуць гета і далучыцца да народных мсціўцаў.
У Іўеўскім музеі нацыянальных культур турысты могуць не толькі замовіць класічныя экскурсіі, але і далучыцца да пазнавальных шпацыраў па горадзе з элементамі тэатралізацыі. Аматарам гісторыі прапануюць дэгустацыі нацыянальных страў, навучанне традыцыйным танцам і сустрэчы з гістарычнымі дзеячамі, такімі як вялікі князь Вітаўт. Лічыцца, што менавіта ў яго эпоху на беларускіх землях афіцыйна пасяліліся татары. Таксама гасцей чакаюць майстар-класы па вырабе сувеніраў і квэсты. Маленькім наведвальнікам спадабаюцца батлеечныя спектаклі і традыцыйныя беларускія гульні на свежым паветры.