Багатая і гісторыя гэтай зямлі, бо менавіта тут з'явілася Полацкае княства – першая дзяржава на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Надзвычайная атмасфера гэтых месцаў адкрыла свету вялікіх асветнікаў: Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага. Тут чэрпалі натхненне мастакі: Марк Шагал, Казімір Малевіч, Ілья Рэпін. Віцебск і Полацк даўно сталі прызнанымі цэнтрамі культурнага турызму як для беларусаў, так і для турыстаў з іншых краін. Але калі вы там ужо пабывалі, то самы час выбраць нестандартны маршрут, у якім злучыліся гісторыя і сучаснасць.

Невядомыя скарбы Смалян

Падарожжа ў невялікі аграгарадок Смаляны, які мясцовыя жыхары называюць Смальяны, дазволіць пазнаёміцца з яго багатай гісторыяй. Некалі тут размяшчаўся пабудаваны князем Сангушка-Ковельскім замак «Белы Ковель».

Белы Ковель

Гэта была афарбаваная ў белы колер маштабная чатырохвугольная крэпасць з закрытым дваром і вежамі. Ад замка засталіся апакаліптычныя руіны гранёнай вежы, суседняга з ёй корпуса і крапаснога рова. Звонку можна разгледзець захаваныя элементы дэкору ў стылі рэнесанс.

Тут жа ў Смалянах знаходзіцца закінуты касцёл Дзевы Марыі, некалі «жамчужына гэтай зямлі» XVIII стагоддзя.

касцёл Дзевы Марыі

Касцёл зачынілі ў 1832 годзе ў перыяд барацьбы Расійскай імперыі з культурай і каталіцкай верай насельніцтва гэтых земляў. Зараз ад храма засталіся толькі масіўныя сцены і дзе-нідзе аконныя рамы.

Помнік драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя Спаса-Праабражэнская царква з'яўляецца дзеючым храмам. Пабудова цікавая не толькі сваёй дастаткова складанай формай, але і тым, што асноўны драўляны будынак храма стаіць на падземнай каменнай крыпце, старэйшай на два стагоддзі. Нягледзячы на тое, што пры савецкай уладзе ў будынку царквы знаходзіўся спіртзавод, унутры захаваўся дзівосны роспіс «Дванаццаць апосталаў». Асаблівая атмасфера супакаення і святла, якая пануе пад зводамі храма, прыцягвае сюды ў дні праваслаўных святаў людзей з розных куткоў краіны.

Орша

Чым знакамітая Орша

Некалі ў Оршы знаходзіўся Рагвалодаў камень, надпіс на якім быў зроблены ў 1171 годзе. Сумна, але і гэты аб'ект гістарычнай спадчыны спасціг лёс Белага Ковеля: камяні сталі абломкамі і рассыпаліся прахам. Орша паспела пабываць вясельным падарункам віцебскай князёўне, нявесце князя Альгерда. На гэтай зямлі закацілася зорка князя Усяслава Чарадзея, схопленага на ўрочышчы і пасаджанага ў турму. А ў 1812 годзе ў езуіцкім калегіуме спыняўся імператар Напалеон Банапарт.

Што паглядзець у Оршы сёння

Цікавыя музеі, прыгожыя храмы, выставачныя залы і мастацкія галерэі сканцэнтраваныя ў цэнтры Оршы, што вельмі зручна для індывідуальнага турызму. Калі вы прыехалі ў горад, абавязкова зазірніце ў такія цікавыя для наведвання месцы:

  • Музейны комплекс «Млын»
  • Музей драўлянай скульптуры разьбяра С.С. Шаўрова
  • Музей У.С. Караткевіча
  • Руіны манастыра базыльянаў
  • Дзіцячы парк «Казачная краіна»
  • Комплекс «Кацюша»

Прамысловы турызм

Для многіх беларусаў Орша асацыюецца з прадукцыяй «Аршанскага льнокамбіната». Гэта найбуйнейшы ў Еўропе і краінах СНД вытворца льняных тканін. Радзімай лёну з'яўляецца Азія, але для беларусаў ён стаў адным з нацыянальных сімвалаў. Наведванне льнокамбіната дазволіць не проста даведацца шмат цікавага пра больш чым тысячагадовую гісторыю лёну і яго дзівосныя ўласцівасці, але і паглядзець, які сёння шлях праходзіць лён, каб ператварыцца ў прыгожыя тканіны і, вядома, купіць што-небудзь на памяць.