раз сваё размяшчэнне ў цэнтры Еўропы Беларусь не раз была тэрыторыяй, дзе адбываліся жорсткія баі і страшныя войны. Зараз гэта частка нашай гісторыі, якая захоўваецца ў розных музеях, мемарыялах і помніках. Калі хочаце акунуцца з галавой у гэтую тэму, Вам вельмі пашанцавала, бо ўжо прыдумана нямала экскурсій з ваенна-гістарычнай тэматыкай! У гэтым артыкуле будуць закранацца не толькі папулярныя, але і пакуль малавядомыя маршруты.

Даніна памяці ахвярам фашызму

Гэта экскурсія ўключае ў сябе чатыры пункты, прысвечаныя ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Мемарыяльны комплекс «Яма»

Мемарыяльны комплекс «Яма». Ён уяўляе сабою 27 фігур, якія ідуць на расстрэл у глыбокую яму і пераплецены між сабой ў выглядзе лесвіцы. Тут няма выразных абрысаў твару, толькі цені і ваша ўяўленне. Падчас вайны на гэтым месцы загінулі тысячы яўрэяў мінскага гета.

Адрас: г. Мінск, вул. Мельнікайтэ.

Мемарыяльны комплекс «Трасцянец». Тут размяшчаюцца помнікі і стэлы, прысвечаныя аднайменнаму канцлагеру, які знаходзіўся тут раней.

Адрас: г. Мінск, вул. Сяліцкага.

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці. Створаны першапачаткова для знішчэння савецкіх салдат, лагер цяпер толькі памяць у выглядзе мемарыяла пасярод пустэчы.

Адрас: Гомельская вобласць, Калінкавіцкі раён, в. Азарычы.

Мемарыяльны комплекс «Чырвоны бераг». Ён прысвечаны дзецям, якія загінулі ў цэнтры донараў, заснаваным немцамі для выпампоўвання крыві з маленькіх целаў. Гэтае месца дакладна закране душу.

Адрас: Гомельская вобласць, Жлобінскі раён, в. Чырвоны бераг.

Ваенна-патрыятычны маршрут

Ваенна-патрыятычны маршрут

Орша. Тут знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Кацюша». Некалі тут упершыню прагучалі менавіта тыя «Кацюшы», баявыя машыны, якія доўгі час былі тайнай для фашыстаў.

Адрас: г. Орша, вул. Магілёўская.

Леніна. У гэтым невялікім пасёлку паміж савецкімі і нямецкімі войскамі праходзілі жорсткія баі 1943 года. На полі бітвы зараз размяшчаецца мемарыял у гонар нашых салдат. Акрамя таго, тут пабудаваны музей у выглядзе ваеннай каскі.

Адрас: Магілёўская вобласць, аграгарадок Леніна.

Буйніцкае поле

Буйніцкае поле. Гэта месца згадваецца ў рамане «Жывыя і мёртвыя», тут праходзілі жахлівыя бітвы на працягу 1941 года. Побач з мемарыялам знаходзіцца вадаём з назвай «Возера слёз», дзе стаіць ваенная тэхніка.

Адрас: Магілёўскі раён, в. Буйнічы.

Курган Славы

Курган Славы. У 1944 годзе на гэтым полі праходзілі баі па вызваленні Мінска – «Мінскі кацёл». Зараз гэта сямідзесяціметровы курган з чатырма штыкамі, у падножжы якога закладзена капсула з пасланнем будучым пакаленням.

Адрас: Смалявіцкі раён, 21-ы км магістралі М2 Мінск – Нацыянальны аэрапорт «Мінск».

Дзясятнікі. На гэтых нямецкіх могілках любы зразумее, што вайна – гэта не пра барацьбу простых людзей, а пра барацьбу вышэйшых кіраўнікоў. Тут няма ворагаў ці сяброў, тут толькі чалавечнасць і бесчалавечнасць.

Адрас: Мінская вобласць, в. Дзясятнікі.

Нарачанскі край.  У кустах каля Нарачы схаваныя абарончыя пункты салдат, якія захаваліся пасля лініі фронту Першай сусветнай. Акрамя гэтага, тут шмат пахаванняў. Побач таксама знаходзіцца Мядзельскі музей народнай славы, у якім вам раскажуць пра план Нарачанскай аперацыі і многае іншае.

Адрас: Мінская вобласць, г. Мядзель, вул. Шаранговіча, д. 1.

Смаргонь. Яна з’яўляецца знакавым, але чамусьці малавядомым месцам у гісторыі Беларусі. А між іншым тут было здзейснена столькі подзвігаў: у 1917-ым ваяваў «жаночы батальён смерці», мясцовым шпіталем кіравала дачка Льва Талстога, а сам горад трымаў абарону цэлых 810 дзён.

Ваенна-гістарычны турызм вельмі добра развіты ў нашай краіне, але, на жаль, пра яго не так часта гавораць. А колькі ж розных напрамкаў, маршрутаў, мемарыялаў і комплексаў можна наведаць і паглядзець! Акрамя названых вышэй месцаў, раім адзначыць Стрэльчыкі, дзе знаходзяцца расійскія крэпасці, Скокі з сядзібай Нямцэвічаў, Ушачы, жыхары якіх здзейснілі сапраўдны подзвіг, Мінскі ўмацраён, два адсоткі будынкаў у якім атрымалася аднавіць, Шталаг 342, падчас вайны названы «лагер смерці», і шмат якія іншыя месцы.