Верхавая язда – гэта выдатны варыянт актыўнага баўлення часу. Падчас конных прагулак вы атрымліваеце асалоду не толькі ад паездкі на кані, але і ад маляўнічай прыроды. У Беларусі ёсць вельмі шмат месцаў, дзе можна пакатацца на конях.

Цэнтр верхавой язды «Двор Старынкі»

Цэнтр размешчаны ў Мінскай вобласці, Вілейскім раёне, у вёсцы Старынкі. Тут можна пакантактаваць з коньмі незалежна ад вашага ўзросту, даходаў і спартыўнай падрыхтоўкі. Для дзяцей ёсць магчымасць пакатацца на санях, а для аматараў экстрыму прапануецца дзесяцідзённае падарожжа па дзікіх маршрутах. Таксама прапанаваны вялікі спектр паслуг: пракат коней, конныя паходы, розныя фотасесіі і арганізацыя святаў. Варта наведаць цэнтр і з-за маляўнічых відаў Вілейская краю.

Конны клуб «Каняманія»

Конны клуб «Каняманія»

Клуб знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці, каля вёскі Шчэбрын. Тут вы можаце зладзіць фотасесію, займацца верхавой яздой з настаўнікам, а потым і самастойна. Асаблівасцю «Каняманіі» з’яўляюцца прагулкі вярхом па палях і лясах Брэсцкай вобласці. Варта таксама адзначыць правядзенне святаў на прыродзе. Праграма складаецца са знаёмства з канюшняй, выступу казакоў з элементамі джыгітоўкі, прагулкі на конях і пікніка. Акрамя таго, можна набыць сертыфікат на любую суму ці паслугу. На сайце клуба ёсць уся інфармацыя пра цэны, да слова, вельмі прыемныя.

Цэнтр алімпійскага рэзерву па конным спорце і конегадоўлі г. Барань

Барань

Цэнтр размешчаны ў Віцебскай вобласці, горадзе Барань. Месца славіцца сваёй багатай гісторыя. У 1990-м годзе мясцовы завод «Чырвоны кастрычнік» набыў коней і заснаваў сваю канюшню. Яшчэ ў тыя часы ён вырашыў прыцягнуць моладзь да коннага спорту, і ўжо цяпер тут праводзяцца буйныя спаборніцтвы міжнароднага класа. Прапанаваныя паслугі: заняткі аб’язджаннем, іпатэрапіяй, канкурам, пачатковае навучанне верхавой яздзе. У штаце ўжо трое кандыдатаў у майстры спорту і адзін майстар спорту.

Аграсядзіба «Радзюшы»

Радзюшы

Аграсядзіба размешчана ў Гродзенскай вобласці, у вёсцы Радзюшы. Акрамя катання на конях, у санях, у брычцы, індывідуальных заняткаў з трэнерам і конных паходаў, у адпачынак тут уключаны ўсе выгоды. Вам могуць арганізаваць трохразовае сілкаванне, рыбалку, рамантычныя прагулкі на лодцы, купанне, экскурсію.  Можна арандаваць два камфартабельныя дамы, у якіх лёгка размесцяцца ад 9 да 22 чалавек. Нельга не згадаць пра экалагічна чыстыя тэрыторыі сядзібы са свежым паветрам і лесам, дзе ёсць грыбы, ягады і нават лекавыя зёлкі.

Конны Клуб «Рэванш»

Заснаваны ў 1999-м годзе, Конны Клуб «Рэванш» можна знайсці ў Магілёўскай вобласці, вёсцы Мышкавічы. Тут прапануюць велізарную колькасць разнастайных паслуг. Можна зняць нумар у гасцініцы, заняцца канкурам, прагуляцца вярхом у палях, лясах і парках, схадзіць у конны паход, атрымаць пачатковае навучанне коннай яздзе. Тут можна арандаваць коней для дзён народзінаў і/ці іншых мерапрыемстваў, фотасесій. Клуб таксама разводзіць коней, прапануе паслугі берэйтара, ветфельчара, каваля.

Гомельскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па прыкладных відах спорту

 

Гомельскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па прыкладных відах спорту

Цэнтр размяшчаецца на тэрыторыі былой летняй сядзібы князя Івана Фёдаравіча Паскевіча, пабудаванай у 1849 годзе, у горадзе Гомелі. У склад ГАЦАРа ўваходзяць канюшні на 125 коней, цэнтральны манеж і два перадманежніка. Побач з возерам ёсць кола для трэніровак і трасы для палявых выпрабаванняў. Акрамя спартыўных секцый тут прапануюць паслугі для адпачынку і прагулак вярхом, дзейнічаюць спецыяльныя прапановы для школьнікаў, праводзяцца выступы і спаборніцтвы.

Калі Вы хочаце пакатацца на конях ці проста адпачыць, вам варта наведаць адно з гэтых месцаў!