Да 1958 года Плошча Перамогі мела назву Круглая плошча. Яна пачала фарміравацца яшчэ ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Да яе ўтварэння былі пабудаваны два жылыя дамы з характэрнымі дугападобнымі фасадамі. Будаўнічыя работы былі перапынены вайной, таму завершаны яны былі ўжо ў пасляваенны час. Тады гэта месца не выглядала добраўпарадкаваным, праз плошчу па праспекце ездзілі трамваі, а побач знаходзілася трамвайнае дэпо.

У пачатку 50-х Мінск актыўна забудоўваўся. Уздоўж праспекта, які тады быў названы ў гонар Сталіна, будавалі дамы, садзілі дрэвы, уладкоўвалі скверы, адкрывалі гандлёвыя кропкі. Тады была адчынена легендарная «Булочная», дзе па сённяшні дзень працуе хлебная крама, цяпер вядомая як «Каравай».

Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску

У 1954 годзе ў цэнтры плошчы быў узведзены гранітны абеліск у гонар вызвалення горада ад фашысцкіх акупантаў. Манумент, над якім працавалі буйнейшыя беларускія скульптары, быў прысвечаны памяці людзей, якія аддалі жыццё за ратаванне беларускай сталіцы. Уверсе абеліска знаходзіцца бронзавы ордэн Перамогі. Ніжнюю частку помніка ўпрыгожваюць чатыры гарэльефы:

  • «Савецкая армія ў гады вайны» С. Селіханава;
  • «9 мая 45-га года» А. Бембеля;
  • «Партызаны Беларусі» А. Глебава;
  • «Слава загінуўшым героям» З. Азгура.

У 1961 годзе ў падножжы гранітнага манумента быў запалены вечны агонь, які не згасае ўжо больш за 60 гадоў.

У пачатку 80-х у сувязі з будаўніцтвам лініі метро плошча змяніла форму і стала больш выцягнутай. Тады ж тут былі ўсталяваны пастаменты з капсуламі. У іх знаходзіцца зямля, прывезеная з гарадоў-герояў: Адэсы, Керчы, Масквы, Тулы і г.д. У падземным пераходзе, які размешчаны пад плошчай, у 1985 годзе адкрылі Мемарыяльную залу. Падзея была прымеркавана да саракавой гадавіны перамогі ў вайне. У цэнтры залы ўсталяваны вянок у выглядзе вечнага агню, выкананы з каляровага шкла. На сценах перахода зроблены памятныя надпісы, а таксама пералічаны імёны герояў СССР, якія загінулі на вайне.

Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску
Плошча Перамогі ў Мінску

Плошча Перамогі акружана будынкамі 50-х гадоў. У адным з дамоў у 60-х гадах жыў Лі Харві Освальд, абвінавачаны ў забойстве амерыканскага прэзідэнта Дж. Кенэдзі. Выгнутыя дамы вакол плошчы ўпрыгожаны лозунгам «Подвиг народа бессмертен». Ён з'явіўся з нагоды 25-годдзя перамогі ў вайне з фашыстамі.

Плошча Перамогі – гэта месца, якое нагадвае пра гераічнае мінулае нашага народу. Тут праводзяцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі і вызваленню Мінска ад фашысцкіх захопнікаў, адбываюцца ўрачыстасці і памятныя цырымоніі. Школьнікі і студэнты, замежныя дыпламаты і палітычныя дзеячы, а таксама маладыя ў дзень вяселля прыязджаюць ускласці кветкі да вечнага агню, каб ушанаваць памяць воінаў, якія загінулі у гады ліхалецця.

Каля плошчы знаходзяцца крамы і кафэ, парк імя М. Горкага, драўляны дом-музей I з'езда РСДРП, парк імя Я. Купалы, набярэжная Свіслачы з маляўнічымі фантанамі. Зручнае размяшчэнне плошчы – у цэнтры горада, каля метро – робіць яе выдатным стартавым пунктам для экскурсій па сталіцы.