Зімовы адпачынак у Беларусі: сумна не будзе!

Ваш водпуск выпаў на зіму? Гэта не падстава для таго, каб бедаваць. Калі выехаць далёка за мяжу няма магчымасці, а адпачыць як целу, так і душы — вельмі хочацца, Беларусь — выдатны варыянт для зімовага адпачынку. Тут вам прапануюць разнастайныя зімовыя забавы, сярод якіх вы абавязкова знойдзеце штосьці на свой густ. Гарналыжныя курорты, лядовыя пляцоўкі, сядзібныя і санаторныя варыянты — цікава і разнастайна адпачыць зімой можна нават у нашых шыротах.

a

Гарналыжныя курорты Беларусі

Гор у Беларусі няма. Аднак спецыфіка мясцовасці (з пагоркамі і ярамі) і аптымальны зімовы клімат дазволілі стварыць у краіне прыдатныя гарналыжныя курорты, якія з кожным годам набіраюць папулярнасць як у беларусаў, так і ў турыстаў з-за мяжы. Уся справа ў мяккім клімаце снежных беларускіх зім, адсутнасці небяспекі з-за сходу лавін, якасных трасах і добрай інфраструктуры. Усё гэта штогод прыцягвае на гарналыжныя курорты Беларусі аматараў экстрэмальнага зімовага адпачынку. Усяго ў Беларусі 6 гарналыжных цэнтраў: «Сілічы» (32 км ад Мінска), «Раўбічы» (20 км ад Мінска), «Якуцкія горы» (37 км ад Мінска), «Мазыр» (Мазыр), «Лагойск» (30 км ад Мінска), «Сонечная даліна» (Мінск). На кожным з курортаў ёсць магчымасць не толькі для катання на стандартных лыжах, сноубордах і цюбінгах, але і катанне на катках, прагулкі на снегаходах, наведванне рэстаранаў, лазняў і саунаў, пражыванне ў гасцініцах. На курортах усё зроблена для зручнасці гасцей: трасы рознага ўзроўню складанасці, сэрвіс, школы прафесійных інструктараў.

й

Каткі Беларусі

Зіма — зручны час, каб успомніць пра такое прыемнае і карыснае баўленне часу, як катанне на каньках. Зрабіць гэта можна як на вулічных пляцоўках, так і на закрытых катках у лядовых арэнах, якіх у Беларусі нямала.

Больш за ўсё іх у сталіцы краіны — горадзе Мінску. Тут іх болей за 20. I гэта калі не лічыць мясцовых каткоў у дварах і на школьных тэрыторыях. Галоўнай лядовай арэнай краіны лічыцца Мінск-Арэна, дзе ёсць не толькі каткі, але і канькабежныя дарожкі. Таксама з крытых каткоў варта адзначыць Лядовы палац спорту, Чыжоўка-Арэну, Лядовы каток у ГЦ «Замак». З сезонных каткоў трэба адзначыць самыя вялікія пляцоўкі — каля Палаца спорту на Нямізе і каля Нацыянальнай бібліятэкі.

У абласных і раённых гарадах пакатацца можна ў Лядовых палацах, якія ёсць практычна ў кожным горадзе.

ф

Акрамя катання на санках, лыжах і каньках, у Беларусі можна правесці час куды больш арыгінальна. Напрыклад, пакатацца на ... хаскі! Такая паслуга даступна ўсяго тры месяцы на год. Запрэжаныя ў нарты паўночныя красуны правязуць вас па заснежанай зімовай прасторы і змогуць падарыць шмат станоўчых эмоцый.

Для аматараў эсктрыма найбольш аптымальнымі з'яўляюцца зімовыя варыянты віндсёрфінга і кайтынга. Для кайтынга падыдзе і летняе абсталяванне, а вось у зімовым віндсёрфінгу парус мацуецца да лыжнай асновы альбо асновы канькоў. Асвоіць гэтыя зімовыя віды баўлення часу можна на Мінскім моры.

Шматлікія беларускія аграсядзібы прапануюць сваім гасцям зімовыя катанні на санках, запрэжаных коньмі, а таксама катанні на снегаходах. Сумясціць такі адпачынак можна з добрай лазняй і аўтэнтычнымі беларускімі забавамі, напрыклад, зімовымі абрадамі.