У XVI стагоддзі Кухцічы належалі братам Кавячынскім – Мацею, Гектару і Альбрэхту. Мацей Кавячынскі быў кальвіністам і меў цесныя сувязі з князем Мікалаем Радзівілам Чорным, які таксама падтрымліваў ідэі пратэстантызму. Пасля смерці Мікалая Радзівіла яго сын, апантаны каталік, зачыніў у Нясвіжы кальвінісцкія друкарні. Пасля гэтага браты Кавячынскія стварылі цэнтр кнігадрукавання ў сябе, у Кухцічах. Менавіта тут Сымон Будны надрукаваў свой «Катэхізіс» – першую кнігу на старабеларускай мове, выдадзеную на тэрыторыі Беларусі.
У сярэдзіне XVI стагоддзя Кухцічы сталі рэлігійным і асветніцкім цэнтрам пратэстантызму. Тут быў пабудаваны кальвінскі збор, які пазней стаў каталіцкім храмам. Будынак меў абарончы характар, пра што сведчаць вежы з велічнымі сценамі паўметровай таўшчыні, у якіх былі зроблены байніцы.
У канцы XVII стагоддзя маёнтак стаў уласнасцю роду Завішаў. Пры генерале і камергеру Аўгуста Панятоўскага Казіміру Завішу маёнтак у Кухцічах дасягнуў свайго росквіту. У пачатку XIX стагоддзя з ініцыятывы гаспадара быў пабудаваны дом у неакласічным стылі. Для гэтага Завішы запрасілі італьянскага архітэктара К. Спампані.
Сядзібны дом складаўся з цэнтральнага будынка і двух флігеляў, злучаных паміж сабой галерэямі. Цэнтрам галоўнага будынка была бальная зала з вялікімі ваконнымі праёмамі. Інтэр'еры дома былі дэкараваны ляпнінай, дубовымі панэлямі, мэбляваныя каштоўнай антыкварнай мэбляй. Да цэнтральнага ўваходу вяла маляўнічая алея, якая праходзіла праз уязную браму. Вакол маёнтка быў высаджаны парк – месца адпачынку гасцей і гаспадароў. На тэрыторыі сядзібы знаходзіліся адрыны, стайні, вадзяны млын, аранжарэя з экзатычнымі раслінамі. Каб атрымаць уяўленне пра тое, як выглядаў дом Завішаў у час росквіту, можна паглядзець работы Напалеона Орды.
Гаспадары маёнтка перарабілі кальвінісцкі храм у радавую пахавальню. Да ратонды прыбудавалі кубічную апсіду, да галоўнага фасада – дзве круглыя вежы, над уваходам зрабілі званіцу. Будынак, які выглядаў сурова і велічна, быў аздоблены дэкорам, уваход упрыгожаны геральдычным картушам. Пад алтаром размясцілі склеп-пахавальню.
Пасля смерці Казіміра Завіша маёнтак перайшоў па спадчыне яго дачцэ, а потым унуку Яну Казіміру – вядомаму этнографу і археолагу. Апошняй гаспадыняй маёнтка ў Кухцічах стала дачка Яна Казіміра Марыя Магдалена. Яна займалася мецэнатствам, вяла асветніцкую дзейнасць, дапамагала бедным. Пасля Першай сусветнай вайны і прыходу да ўлады бальшавікоў аўдавелая Марыя Магдалена пакінула радавы маёнтак назаўжды і з’ехала ў Еўропу.
У савецкі час вакол маёнтка Завішаў быў створаны пасёлак, які атрымаў назву Першамайск. У 70-х гадах на тэрыторыі маёнтка адкрылі прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Цяпер гэта тэрыторыя належыць мясцоваму сельскагаспадарчаму ліцэю. Сядзібны комплекс ахоўваецца дзяржавай як гісторыка-культурная каштоўнасць.
Цэнтральны дом маёнтка не захаваўся, у наш час засталіся толькі два флігелі, якія знаходзяцца ў аварыйным стане. Каля левага флігеля, які доўгі час выкарыстоўваўся як жылы дом, у 2020 годзе быў адчынены невялікі музей трактарнай тэхнікі.
З сядзібных будынкаў захаваліся:
Маёнтак Завішаў знаходзіцца ў 70 кіламетрах ад Мінска. Па дарозе ў Першамайск галоўнае – не пераблытаць пасёлак з вёскай Кухцічы, якая знаходзіцца побач. Вандруючы па Уздзенскім раёне, зазірніце таксама ва Узду, каб агледзець унікальную капліцу-пахавальню Завішаў, пабудаваную ў выглядзе піраміды.