Адрас:
Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вул. Ніжне-Пакроўская, 22
У адным будынку з Музеем беларускага кнігадрукавання размясціўся яшчэ адзін музей — Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Экспазіцыя музея-бібліятэкі, адкрытая 25 сакавіка 1994 г., прысвечана вядомаму палачаніну — пісьменніку, перакладчыку, кнігавыдаўцу, педагогу.
Інтэр'ер музея аформлены ў стылі заходнееўрапейскай бібліятэкі ХVІІ ст. — кнігі, размешчаныя ў два ярусы, бюсты філосафаў, чытальная зала і глобус.
Экспазіцыя адлюстроўвае розныя перыяды жыцця і дзейнасці Сімяона Полацкага. У музейных вітрынах размясціліся арыгіналы яго кніг «Тэстамент» (1680), «Вячэра душэўная» (1683), «Жазло праўлення» (1753), копіі рукапісаў, фігурныя «віршы» ў стылі барока. Наведвальнікі музея маюць магчымасць убачыць і пагартаць электронную копію створанага Сімяонам Полацкім слоўніка — «Лексікона».