Да 1993 года тэрыторыя будучага заказніка ўваходзіла ў склад Друцкага ваеннага палігона, што міжволі дапамагло прыродзе. Землі амаль не падвяргаліся гаспадарчай дзейнасці, таму засталіся ў сваім натуральным стане. Менавіта тут можна ўбачыць тое, што ў іншых рэгіёнах Беларусі паступова знікае: абшарныя верхавыя і пераходныя балоты, сталаўзроставыя саснякі і рэдкія расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу.

Ядром заказніка з’яўляюцца балоты Дулебскае і Вялікае. Яны адыгрываюць ключавую ролю ў водным балансе рэгіёна, сілкуючы цэлы каскад рэк. Тут жа бяруць пачатак невялікія азёры, сярод якіх найбольш вядомыя – Падазерышча і Дручанскае.

Большая частка заказніка – гэта лясы, дзе пераважаюць саснякі, елнікі і бярозавыя гаі. Шмат якім дрэвам ужо больш за сто гадоў, а летам і восенню лес літаральна ўсыпаны дарамі прыроды. У чэрвені спеюць чарніцы і суніцы, у балотах наліваюцца журавіны, а да восені з’яўляюцца грыбы – падасінавікі, белыя, маслякі.
Балоты займаюць каля 16 % тэрыторыі і прадстаўлены ўсімі тыпамі, характэрнымі для зоны тайгі : нізіннымі, пераходнымі і верхавымі. Асабліва ўражваюць сфагнавыя балоты, дзе можна сустрэць расліны-драпежнікі, напрыклад расіцу прамежкавую , а таксама рэдкія архідэі.

Флора заказніка налічвае больш за 700 відаў сасудзістых раслін. Сярод іх – 15, якія занесены у Чырвоную кнігу: цыбулю мядзведжую , прастрэл шыракалісты , хамарбія балотная, журавіны дробнаплодныя і іншыя.

Фаўна не менш разнастайная: 192 віды пазваночных жывёл, у тым ліку 142 віды птушак і 37 відаў млекакормячых. Тут жывуць ласі , казулі, высакародныя алені, бабры і выдры. У цяжкадаступных месцах сустракаецца рысь, а асобныя паведамленні сведчаць аб прысутнасці бурага мядзведзя.
Сярод птушак можна ўбачыць шэрых журавоў, малога падарліка, чорнага бусла, пугача і саву балотную . Для арнітолагаў «Астравы Дулебы» – сапраўдная знаходка, бо тут праходзяць шляхі міграцыі водна-балотных і балотных птушак.

Заказнік вядомы не толькі прыродным багаццем, але і гісторыяй. Сваю назву ён атрымаў ад старажытнага славянскага племені дулебаў, якое жыло тут у VI–VIII стагоддзях. Пра гэта нагадваюць шматлікія курганы і гарадзішчы, што захаваліся ў цэнтральнай частцы заказніка.
У гады Вялікай Айчыннай вайны «Астравы Дулебы» сталі адным з цэнтраў партызанскага руху. Тут базіраваўся штаб падпольнага абкама КП(б)Б, дзейнічалі партызанскія атрады. У вёсцы Усакава створаны мемарыяльны комплекс з брацкай магілай воінаў і рэканструяваным партызанскім лагерам. Сімвалам трагедыі вайны стаў мемарыял «Расколатая хата», прысвечаны жыхарам вёсак Вязень і Селец, якія падзялілі лёс Хатыні.

Сёння заказнік паступова адкрываецца турыстам. Тут распрацаваны экалагічныя сцежкі і маршруты для невялікіх груп. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца экскурсія на востраў Верамееўка , які знаходзіцца сярод балота. Трапіць туды можна па здаўна пракладзенай гаці. На востраве знаходзяцца адзінкавыя і брацкая магілы байцоў партызанскага атрада «Слаўны», што робіць падарожжа не толькі прыродным, але і гістарычным.
Акрамя экскурсій, турысты могуць адправіцца ў паход па тэрыторыі заказніка. Праводзяцца трохдзённыя камбінаваныя туры з пражываннем у намётавым лагеры і наведваннем памятных мясцін.

«Астравы Дулебы» – гэта рэдкі прыклад гармоніі прыроды і памяці. Тут можна ўбачыць унікальныя балотныя экасістэмы, сустрэць жывёл у іх натуральным асяроддзі і адначасова дакрануцца да старонак гісторыі Беларусі.
Для тых, хто шукае нетрывіяльныя маршруты і хоча адчуць дыханне сапраўднай дзікай прыроды, заказнік стане адкрыццём. Ён падаруе ь і спакой, і моцныя эмоцыі, а ўражанні і краявіды застануцца ў памяці надоўга.